Суд Маладэчанскага раёну асудзіў былога намесьніка старшыні Валожынскага райвыканкаму Ёсіфа Ляшкевіча на восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Як паведамляе Менскі абласны суд, Ёсіф Ляшкевіч прызнаны вінаватым у перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, а таксама ў атрыманьні хабару.
Асаблівасьць гэтай крымінальнай справы ў тым, што судовае сьледзтва было адноўлена пасьля таго, як судзьдзя выйшла ў дарадчы пакой для вынясеньня прысуду, паведамляе БелаПАН.
Чыноўнік быў затрыманы год таму.
Як паведамлялі раней у МУС, ён дапамог асвоіць каля 2 млрд рублёў (недэнамінаваных), якія зь бюджэту былі выдзеленыя на рэканструкцыю і будоўлю сацыяльных аб’ектаў. Грошы пералічылі прыватнаму прадпрыемству, за гэта Ляшкевіч атрымаў 40 квадратных мэтраў паркету, які праваахоўнікі ацанілі ў 10 млн рублёў. У выніку незаконнай зьдзелкі сарваўся тэрмін здачы шматкватэрнага дома. Падрадчык аказаўся несумленны, акты аб выкананых працах былі фіктыўныя.