Усе спрэчныя пытаньні па нафце і газу будуць вырашаныя ў найбліжэйшы час, заявіў журналістам амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
«Адновім пастаўкі нафты. Усе спрэчныя пытаньні будуць вырашаныя», — цытуе Аляксандра Сурыкава агенцтва БелТА. Амбасадар падкрэсьліў, што няма ніякіх газавых і нафтавых войнаў. Ёсьць кантракт на пастаўку газу ў Беларусь, ён заканчваецца ў канцы 2017 году. Ёсьць сумневы ў сувязі зь першапачатковай цаной, указанай у кантракце. Існуе міжурадавае пагадненьне з нагоды пераходу на роўнадаходныя цэны, у тым ліку на вуглевадародную сыравіну.
«У сувязі з падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты трэба абмяркоўваць, якой павінна быць роўнадаходная цана ў сьвятле міжурадавых пагадненьняў. Але ёсьць і кантракт. Гэта значыць два дакумэнты ўступілі ў дысгармонію паміж сабой», — сказаў амбасадар. «Але тупік рассмоктваецца. Літаральна днямі ўсе праблемы, зьвязаныя з нафтагазавымі справамі, будуць вырашаныя, каб задаволіць абодва бакі», — дадаў ён. Аляксандр Сурыкаў таксама сказаў, што рашэньне будзе знойдзена да 20 сьнежня.