«Гэтыя запісы мы абнародавалі для таго, каб устанавіць поўныя імёны гэтых асобаў і інфармацыю адносна магчымага іх месца знаходжаньня. Нас вельмі цікавяць асобы гэтак званага Андрэя Іванавіча з пазыўным «Арыён» і Мікалая Фёдаравіча з пазыўным «Дэльфін», — паведаміў сёньня першы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Дзьмітро Старажук на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яго, на сёньняшні дзень устаноўленыя і ідэнтыфікаваныя 100 асобаў, якія бралі ўдзел у транспарціроўцы ЗРК «Бук» на Данбас. «У межах сьледзтва мы не абвяшчаем, хто зь іх ёсьць падазраваным ці сьведкам, таму што роля кожнага чалавека яшчэ вызначаецца. Хто транспартаваў, хто суправаджаў, хто даваў каардынаты, хто ухваліў рашэньне пра месца дысьлякацыі, і ад гэтага будзе залежыць узровень адказнасьці кожнай з гэтай сотні асобаў», — адзначыў ён.
Заахвочваючы сьведак да супрацоўніцтва са сьледзтвам, міжнародная сьледчая група распрацавала праграму іх абароны. «Мы разумеем, што такая інфармацыя можа пагражаць жыцьцю сьведак. Таму міжнародная сьледчая група запэўнівае, што кожная яе краіна-ўдзельніца выкарыстоўвае праграму абароны. Допыт сьведак можа адбывацца на тэрыторыі іншай краіны, можа таксама прыхоўвацца асоба сьведкі. Апроч таго разглядаецца прадастаўленьне абароны ня толькі сьведку, але і ягонай сям’і», — запэўніў Дзьмітро Старажук.
Першы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны таксама падкрэсьліў, што аналягічная праграма абароны будзе выкарыстоўвацца і ў дачыненьні да тых грамадзянаў Украіны, якія вырашылі даць сьведчаньні ў гэтай справе, але пражываюць на часова акупаванай тэрыторыі гэтак званых ЛНР/ДНР.
Авіяляйнэр «Боінг-777» авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі» рэйсу MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур быў зьбіты ў небе над часткай усходу Ўкраіны, захопленай падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі, 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
Паводле расьсьледаваньня міжнароднай незалежнай групы дасьледчыкаў Bellingcat, малайзійскі самалёт зьбілі з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук-М1» вайскоўцы расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгады. Экспэрты Bellingcat адзначалі, што ня маюць наўпроставых сьведчаньняў таго, хто кіраваў «Букам» у час зьбіцьця самалёту, але называлі верагодным тое, што праз складанасьць комплексу расейцы ня проста перадалі сэпаратыстам сам комплекс, але і адаслалі разам зь ім экіпажы, прынамсі ў якасьці інструктараў.
Сьледзтва: Ідэнтыфікаваныя 100 асобаў, якія перавозілі з Расеі «Бук» і аддавалі загады аб яго запуску
Генэральная пракуратура Ўкраіны абнародавала аўдыёзапіс размовы двух асобаў, якія падазраюцца міжнароднаю сьледчаю групаю ў датычнасьці да катастрофы малайзійскага самалёта ў паветры над Данбасам, і зьвярнулася да сьведак па дапамогу, каб устанавіць іхныя прозьвішчы.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1