Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: Адносіны з Расеяй сёньня ў найгоршай фазе за апошнія 5 гадоў


Пасьля падзеяў ва Ўкраіне беларускія ўлады пераасэнсавалі моцную прывязанасьць да Расеі і пачалі пошук іншых апораў у сьвеце — лічыць старэйшы аналітык Беларускага Інстытут Стратэгічных Дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

У інтэрвію Свабодзе ён заявіў, што адносіны Менска і Масквы сёньня найгоршыя ад 2011 году. У адносінах з Расеяй Беларусі, паводле яго, удалося ня толькі не ўцягнуцца ў расейскія зьнешнепалітычныя канфлікты, але і ўмацаваць сваю нэўтральную пазыцыю.

Частыя візыты ў Менск прадстаўнікоў заходніх краін і інстытуцый сталі нагодай для публікацый у заходняй прэсе і заяваў з вуснаў тамтэйшых палітыкаў, што Беларусь выходзіць з-пад моцнага ўплыву Расеі. Але гэта ўсяго ацэнкі. Ці бачыце вы, як аналітык, гэты працэс? Ці сапраўды Менск пачынае пераасэнсоўваць свае дачыненьні з Масквой і спрабуе ад Расеі дыстанцыянавацца?

Д. Мельянцоў: Так, Беларусь спрабуе знайсьці магчымасьці паляпшэньня стасункаў з Захадам, але гэта не азначае, што яна адварочваецца ад Расеі. Гэта адбываецца коштам Расеі толькі часткова, бо мы маем дачыненьне са зьнешнепалітычнай эмансыпацыяй. Беларусь цяпер спрабуе гуляць у сытуацыйны нэўтралітэт па Ўкраіне. Мы бачым трэнд паляпшэньня стасункаў з Захадам. Гэта пацьвярджае тэзіс Лукашэнкі і міністра замежных справаў Беларусі, што важна мець збалянсаваныя адносіны з усімі краінамі і з усімі цэнтрамі міжнароднай сілы. Пасьля 2010 году гэта было немагчыма, але пасьля ўкраінскіх падзеяў склалася такая сытуацыя, што гэта магчыма. Гаворка ідзе пра нармалізацыю стасункаў з Захадам, гэта не пераарыентацыя.

Што беларускія ўлады змушае ісьці на такія крокі? Гэта Крым і Данбас так напалохалі Менск ці прычына больш банальная — крызыс у Расеі і патрэба ў новых рынках?

Д. Мельянцоў: Прычыны тут зьмяшаныя. Раней было вельмі моцнае разуменьне, што Беларусь вельмі жорстка прывязаная да Расеі і крызыс 2008-2009 гг. гэта паказаў. Ды нават дэфолт 1998 году паказаў, што

Улады ў Беларусі да канца ня верылі, што Расея можа ваяваць з Украінай

Беларусь моцна прывязаная да Расеі праз энэргетычную залежнасьць і праз залежнасьць ад расейскіх рынкаў. І натуральна, што ўсе шокі ў Расеі імгненна адбіваюцца на беларускай эканоміцы.

На гэта ўладзе спатрэбілася ажно 20 гадоў?

Д. Мельянцоў: Зараз гэта стала больш відавочным, бо раней ніколі не было заходніх санкцыяў супраць Расеі. Гэта як апошняя саломінка, якая ламае хрыбет вярблюду. Ёсьць разуменьне заганнай эканамічнай прывязанасьці, таму ў нас ёсьць праграма павышэньня энэргетычнай незалежнасьці. Важным фактарам сталі ўкраінскія падзеі. Наколькі я адчуваю па размовах і па аналізе сытуацыі, улады ў Беларусі да канца ня верылі, што Расея можа ваяваць з Украінай. І зараз кожны прымярае ўкраінскія башмакі. Сытуацыі, канешне, розныя, але тое што мы бачым па вайсковай падрыхтоўцы, мадэрнізацыі сілавых структураў, можна рабіць выснову, што беларускі ўрад успрыняў гэта вельмі рэалістычна і сур’ёзна. І таму цяпер эканамічная і вайскова-палітычная залежнасьць ад Расеі ўспрымаецца беларускімі ўладамі як заганная.

А што пра гэта сьведчыць апрача вашага адчуваньня і аналізу размоваў з чыноўнікамі?

Д. Мельянцоў: Гэта бачна па вайскова-палітычных праектах з Кітаем. Мы гэта бачым па тым, як Беларусь імкнецца рабіць унутраны цыкл вайсковай вытворчасьці, гэта ракетныя праграмы і г.д. Эканамічная і вайскова-палітычная эмансыпацыя ўспрымаецца ўжо як дзяржаўная мэта.

І ў той жа час на нацыянальным прававым партал публікуецца ўказ Лукашэнкі, які можа дазволіць беларускім спэцпадразьдзяленьням удзельнічаць у канфліктах у гарачых кропках у Расеі.

Д. Мельянцоў: Я бачыў гэты кавалак. Там гаворка аб згодзе пра пачатак перамоваў па пагадненьні з РФ, каб прадстаўнікі спэцслужбаў Расеі маглі ўдзельнічаць у контртэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі Беларусі. Звычайна гэта працуе па прынцыпе ўзаемнасьці.

І менавіта гэта людзей хвалюе. Вы кажаце, што ўлада спрабуе дыстанцыянавацца ад Расеі. Якія факты і канкрэтныя рашэньні могуць гэта даказаць?

Д. Мельянцоў: Я б не казаў, што Беларусь хоча аддаліцца ад Расеі. Хутчэй яна спрабуе знайсьці іншыя апоры. Самы апошні прыклад гэта візыт вялікай беларускай дэлегацыі ў ЗША з 6 па 10 сьнежня на вельмі высокім узроўні. Яны вялі перамовы і ў Дзяржаўным дэпартамэнце, Камітэце па гандлі, USAID. Распачаўся дыялёг з ЗША па пытаньнях бясьпекі і абароны. Была падпісаная адпаведная дамова. Абаронныя

Беларусы адбіліся ад расейскай вайсковай базы.

дамовы ў нас падпісаныя зь некаторымі іншымі натаўскімі краінамі. У нас адкрыўся зусім новы перамоўны фармат з ЭЗ — Кааардынацыйная група. Адкрытыя і новыя накірункі, напрыклад па гандлі. Асноўная перашкода для нас тое, што ў нас няма дамовы з ЭЗ і другое, што ёсьць вельмі жорсткія квоты на тэкстыль. І яны будуць зараз пераглядацца. Гэта і доўгая праца па зьняцьцю санкцыяў. Гэта саступкі, якія маюць дачыненьне да палітычнай сытуацыі ў Беларусі: вызваленьне палітвязьняў, допуск у парлямэнт двух апазыцыянэрак.

Наколькі сур’ёзна ўспрымаюцца гэтыя крокі на Захадзе?

Д. Мельянцоў: ЗША і ЭЗ рэагуюць на гэта крокамі ў адказ. З ЗША самы лепшы прыклад да чаго мы дайшлі — гэта сакрэтны продаж 700 супрацьтанкавых ракет для амэрыканскіх сілаў спэцапэрацыяў, якія мусілі б быць накіраваныя ў Сырыю. Гэта сьведчыць пра дасягненьне пэўнага даверу ў адносінах, чаго раней там і блізка ня было. Вядуцца перамовы з амэрыканцамі пра вяртаньне амбасадара. Варта ўзгадаць і кантакты ў вайсковай сфэры зь Вялікабрытаніяй. Раней у ангельцаў не было цікавасьці да супрацоўніцтва з нашым Міністэрствам абароны.

У Расеі няма пакуль матыву жорстка рэагаваць на паводзіны Менску

А зараз яны нават прыслалі асобнага чалавека ў амбасаду, які займаецца вывучэньнем пытаньня, як можна наладзіць вайсковыя стасункі. Разьвіваецца гандаль з Польшчай, пайшоў цэлы шэраг візытаў на вельмі высокім узроўні. Быў візыт прэм’ер-міністра Славаччыны. Ён сьведчыць аб тым, што эўрапейцы бачаць намаганьні Менску па нармалізацыі адносінаў і што яны робяць крокі ў адказ. Ва ўсходнім напрамку таксама ёсьць прыклады. Беларусы адбіліся ад расейскай вайсковай базы.

На базе, на вашу думку, пастаўлены крыж?

Д. Мельянцоў: Не, ня думаю. Проста зараз гэтай тэмы няма ў парадку дня. Для расейцаў гэта застаецца важным палітычным пытаньнем. Ня столькі як інструмэнт кантролю, колькі як дэманстрацыя свайго сьцягу. Ідуць цяжкія перамовы па нафце і газе. Апошнімі тыднямі мы назіраем сур’ёзную інфармацыйную хвалю з Расеі. Гэта сьведчыць аб тым, што адносіны з Расеяй пагаршаюцца. У зьнешнепалітычным індэксе БІСД мы падсумоўваем усе плюсы і мінусы і бачым, што цяпер адносіны з Расеяй у найгоршай фазе за апошнія 5 гадоў.

Пэсымісты наконт так званай шматвэктарнасьці беларускай зьнешняй палітыкі кажуць, што за шмат гадоў Лукашэнка і ягонае атачэньне займелі такі багаж, які не дазваляе казаць пра незалежнасьць ад Расеі. І нават калі Менск часам дазваляе сабе пасваволіць, то ў Расеі поўна рычагоў, каб вярнуць беларускія ўлады на зямлю.

Д. Мельянцоў: Зноў жа, гаворка не ідзе пра пераарыентацыю. У Беларусі няма плянаў, як ва Ўкраіны, падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ.

Ну гэта так Беларусь можа лічыць, што яна ня робіць нічога, што магло б раззлаваць Расею. У расейцаў, пэўна, іншы погляд і ўспрыняцьце гэтай нармалізацыі з ЭЗ?

Д. Мельянцоў: МЗС і расейскія спэцслужбы назіраюць за ўсёй гэтай сытуацыяй. Яны абсалютна разумеюць, што адбываецца і ведаюць, дзе ёсьць парог. У Расеі цяпер нашмат больш прасунутыя адносіны з Захадам, чым у Беларусі. У нас няма нават базавага пагадненьня пра супрацоўніцтва і партнэрства. Гаворка ідзе пра давядзеньне эўрапейска-

Расея будзе працягваць фінансаваць беларускую эканоміку і намагацца не дапускаць разьвіцьця канфліктных сытуацый

беларускіх адносінаў да пэўнай нормы. У Расеі няма пакуль матыву жорстка на гэта рэагаваць. У Расеі ёсьць мноства рычагоў уплыву на Беларусь і яна можа прыпыніць любыя памкненьні на Захад. Але якой цаной? Цяпер для Расеі ва ўмовах крызысу варта паказаць, што ў яе інтэграцыйных праектах усё нармальна. Гэта азначае, што ёй непатрэбныя канфлікты з удзельнікамі эўразійскіх структур. Беларусь для Расеі зьяўляецца вітрынай гэтых праектаў і таму яна карысная для іх у прапагандысцкіх мэтах. Таму, я думаю, Расея будзе працягваць фінансаваць беларускую эканоміку і намагацца не дапускаць разьвіцьця канфліктных сытуацый. У Расеі шмат хто незадаволены тым, што Беларусь вожкаецца з гэтымі заходнікамі, але пакуль Менск галасуе скаардынавана ў міжнародных структурах, выконвае свае абавязаньні па супрацьпаветранай абароне, расейскія інтарэсы тут забясьпечаныя. І таму неяк агрэсіўна рэагаваць у іх няма патрэбы.

Дзе мяжа? Чаго Масква можа не дараваць Беларусі?

Д. Мельянцоў: Гэта выхад Беларусі з Эўразійскага эканамічнага саюзу і іншых інтэграцыйных аб’яднаньняў з Расеяй. Другое — гэта вайсковае супрацоўніцтва. Гэта калі мы адключым адзіную супрацьпаветраную абарону і пазбудземся расейскіх вайсковых аб’ектаў. Вось гэта ўсё непрымальна для Расеі. А ўсё астатняе гэта больш псыхалягічнае, чым стратэгічнае.

Затрыманьне аўтараў «Рэгнуму» ў Беларусі — гэта нейкі знак уладаў для сваёй аўдыторыі ці жэст у бок Расеі, як праява шантажу?

Д. Мельянцоў: Паколькі Беларусі не ўдаецца дамаўляцца з Расеяй па нафтагазавых пытаньнях, то ў ход ідуць вельмі розныя захады. Расея, напрыклад, як элемэнт ціску выкарыстоўвае закрыцьцё мяжы для грамадзянаў трэціх краін. У нас няма на расейска-беларускай мяжы міжнародных пунктаў пропуску. Яны дасталі нейкае старажытнае пагадненьне, якое раней было, але не працавала, і вось пачалі яго прымяняць. Тое ж самае і ў эканамічнай сфэры. Яны пачалі дапускаць у сваіх СМІ антыбеларускую прапаганду, якая раней ішла толькі ў вельмі маргінальных СМІ, як «Рэгнум». А беларусы дэманструюць у адказ, маўляў, майце на ўвазе, мы пачынаем з «Рэгнума», але можам і далей зайсьці. Для ўнутранай аўдыторыі гэта абсалютна непрыкметная і нецікавая зьява. Але гэта не іструмэнт контрпрапаганды. Гэта інструмэнт захаваньня твару, маўляў, мы незалежная краіна. Але гэта і знак патэнцыйным аўтарам «Рэгнуму» ў Беларусі. Яны цяпер 10 разоў падумаюць, ці пачынаць такую дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG