Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават прадавачкі больш уважліва ставяцца да беларускамоўнага», — у Пружанскім палацыку адбылася моўная сустрэча


Паказ спэктаклю “Білінгвы” ў Пружанскім палацыку
Паказ спэктаклю “Білінгвы” ў Пружанскім палацыку

Паказ спэктаклю «Білінгвы» ў Пружанскім палацыку Праблему беларускага двухмоўя абмеркавалі ў Пружанскім палацыку ў часе паказу дакумэнтальнага спэктаклю «Білінгвы» акторскай кампаніі «Насупраць».

Спэктакль пастаноўкі рэжысэра Дзяніса Фёдарава і актора Анатоля Бараньніка адбыўся ў Пружанах дзякуючы кампаніі «Будзьма!» Пастаноўка ўнікальная сваёй формай вэрбацім — калі актор распавядае ў выглядзе маналёгу гісторыі рэальных людзей.

Героі, у якіх увасабляўся Анатоль Бараньнік — жыхары Берасьця, якія па-рознаму глядзяць на пытаньне моўнай сытуацыі ў Беларусі. Гэта і маладыя расейскамоўныя людзі, якія не разумеюць, навошта размаўляць па-беларуску, і беларускамоўныя берасьцейцы, якія мяркуюць, што мова — адзін з важных элемэнтаў нацыятварэньня.

Меркаваньні берасьцейцаў — аснова дакумэнтальнай пастаноўкі

Гледачы спэктаклю. Другі зьлева — рэжысэр Дзяніс Фёдараў
Гледачы спэктаклю. Другі зьлева — рэжысэр Дзяніс Фёдараў

«Я нядаўна быў на курсах па адміністрацыйным кіраваньні, і там адзін выкладчык казаў, што ён да 80% гаворыць на беларускай мове. І пры гэтым у яго дзесьці „ч“ не такое, як павінна быць, яшчэ нейкія гукі. Але чалавек зусім не саромеецца размаўляць па-беларуску. Я думаю, што вельмі важна пераадолець гэты страх і гаварыць па-беларуску, нават калі ты няправільна размаўляеш», — пераказаў актор словы «інтэлігентнага хлопца».

«Я ўвогуле, па адукацыі, выкладчык беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Можна доўга казаць пра тое, што мова — гэта нашае самавызначэньне, ня будзе мовы — ня будзе краіны... Гэта жалезабэтонна. Мова — адзін з складнікаў незалежнасьці. Мы ёй ганарымся, ганарымся краінай. Але яна нам не патрэбная. Нам беларуская мова цяпер не патрэбная — мы ёй не карыстаемся. Яна ляжыць у нас на паліцы, мы ведаем, што яна ёсьць, вучым у школе... Але я ўчора быў у школе на ўроку беларускай мовы, дык там ніхто ня мог двух словаў зьвязаць на беларускай, уключна з настаўнікам. А пры такой адукацыі мову можна ня тое што не любіць, яе можна ненавідзець. Таму казаць нешта аб білінгвізме... Не, тут няма чаго казаць, у нас адна дзяржаўная мова», — выказаўся яшчэ адзін з герояў Анатоля Бараньніка.

Актор Анатоль Бараньнік з валуном, які можа сымбалізаваць цяжар моўнай сытуацыі Беларусі
Актор Анатоль Бараньнік з валуном, які можа сымбалізаваць цяжар моўнай сытуацыі Беларусі

«Мне насамрэч усё роўна, хто на якой мове са мной гаворыць. Канешне, мне будзе ня ўсё роўна, калі ў мяне будуць дзеці і я скажу — дайце мне беларускамоўную школу. Мне скажуць — прабачце, у нас нікога беларускамоўнага, вы самі сабе дзяцей шукайце, тады мы, можа, вам клясу створым. Вось тады я буду казаць, што парушаюцца мае правы. Я хачу, каб маіх дзяцей навучалі па-беларуску», — выказаўся актор «вуснамі сонечнай дзяўчыны».

Анатоль Бараньнік вельмі эмацыйна перадаваў меркаваньні сваіх герояў, то стоячы, то седзячы ў крэсьле, а часам — падыходзячы да гледачоў спэктаклю, як быццам уступаючы зь імі ў дыялёг.

Нязьменны атрыбут пастаноўкі — валун, які ляжыць на крэсьле. Гэты камень можа сымбалізаваць цяжар моўнай праблемы ў Беларусі. У канцы спэктаклю Анатоль Бараньнік сыходзіць з валуном з залі.

Рэжысэр Дзяніс Фёдараў распавёў пра спэктакль «Білінгвы»:

«Тэхніка вэрбацім — гэта калі спэктакль ставіцца паводле жывых інтэрвію. Інтэрвію браліся ў розных жыхароў Берасьця, і на іх падставе рабіўся спэктакль. Тут няма нейкага перапрацаванага тэксту, няма працы драматурга, тут проста гэтыя інтэрвію, як яны ёсьць, бязь зьменаў. Мы ставім спэктакль „Білінгвы“, таму, натуральна, мы хочам гэтую сытуацыю „бі“ адлюстраваць. Частка інтэрвію бралася ў беларускамоўных, частка — у расейскамоўных. А што з гэтага атрымалася, вы можаце бачыць.»

Пружанская беларускамоўная моладзь, прадстаўнікі «Мова нанова» ды кампаніі «Будзьма беларусамі» дыспутавалі пра мову ў Пружанскім палацыку

Беларус з Канады Алесь Кот завітаў на імпрэзу ў Пружанскім палацыку і падзякаваў пружанцам за падтрымку роднай мовы
Беларус з Канады Алесь Кот завітаў на імпрэзу ў Пружанскім палацыку і падзякаваў пружанцам за падтрымку роднай мовы

Некалькі дзясяткаў жыхароў Пружанаў, Бярозы, Берасьця прыйшлі на спэктакль. Пасьля пастаноўкі адбылася дыскусія, якая зацягнулася на гадзіну.

Гледачы дзяліліся сваім досьведам пераходу на беларускую мову:

«Я заўсёды цікавіўся гісторыяй. А мова — гэта ж неад’емная частка гісторыі. Хадзіў на курсы, каб узбагаціць сваё валоданьне мовай. Гэта ўсё мне дапамагло прыйсьці да беларушчыны. І гэта вельмі прыемна — размаўляць на беларускай мове. Але ж у многіх стаўленьне — што гэта нейкае дзівацтва. Некаторыя пытаюцца, навошта, маўляў, мне гэта, што я з гэтага маю. У нас усе людзі прагматычныя, матэрыяльна ўсё падлічваюць — трэба мне мова, ці не,» — распавёў жыхар Пружанаў.

На тэзіс аб прагматычнасьці выбару мовы адгукнулася жыхарка Бярозы. Спадарыня выказалася, што дзякуючы сваёй беларускамоўнасьці мае толькі плюсы — больш паважлівае абслугоўваньне ў лякарні, іншых установах, ды проста падзякі выпадковых мінакоў на вуліцы «за мову».

«Нават прадавачкі ў краме больш уважліва ставяцца да беларускамоўнага чалавека,» — кажа спадарыня.

Наста Пілюгіна (зьлева) і Воля Малафеечава
Наста Пілюгіна (зьлева) і Воля Малафеечава

Стваральніца суполкі «Беларускамоўная моладзь Пружанаў» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» Наста Пілюгіна распавяла, як пружанскія маладыя людзі вырашылі сабрацца ў сеціве, каб разьвіваць свае веды ў беларускай мове:

«У нас каля 300 падпісчыкаў. Усё пачалося ў 2011 годзе, калі мы, размаўляючы па-расейску, вырашылі стварыць суполку ўкантакце. Тады была неверагодная актыўнасьць, мы мелі ўласныя мемы па-беларуску, адаптавалі пад мясцовы кантэнт і гэта было досыць папулярна ў 2012-2015 гадах. У выніку, у 2015 годзе нашая суполка правяла „Шоў беларушчыны“ ў Пружанах.»

Перад прысутнымі выступіла вядоўца курсаў «Мова нанова» зь Берасьця Воля Малафеечава. Спадарыня распавяла, што курсы ў Берасьці дзейнічаюць ужо 4 гады, ёсьць заняткі ў Баранавічах, а ў пэрспэктывах — адкрыцьцё і ў іншых гарадах Берасьцейшчыны:

«Мы разглядаем магчымасьць адкрыцьця курсаў у Пружанах, Кобрыні, любым горадзе дзе знойдуцца людзі, падтрымаюць ініцыятыву.»

Як распавёў Свабодзе дырэктар музэю «Пружанскі палацык» Юры Зялевіч, ён быў усьцешаны, што на моўную сустрэчу прыйшло шмат людзей, і дыскусія ўдалася.

Дырэктар Пружанскага палацыку Юры Зялевіч
Дырэктар Пружанскага палацыку Юры Зялевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG