Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады ставяцца да гістарычнай спадчыны ў цэнтры Менску?


Ці шануюць беларускія ўлады архітэктурную гістарычную спадчыну? Як захаваць помнікі культуры падчас рэалізацыі буйных будаўнічых інвэстыцыйных праектаў? Як на гэта ўплывае дзяржаўная ідэалёгія? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: 2-я бальніца на вуліцы Багдановіча, а таксама выставачны цэнтар «Белэкспа» на вуліцы Купалы ў бліжэйшыя некалькі тыдняў будуць перададзены арабскаму інвэстару. У камітэце эканомікі Менгарвыканкаму расказалі, што пасьля падпісаньня дамовы пачнецца знос старых карпусоў бальніцы і будынку выставачнага цэнтру. Працэдура зносу зойме ня больш за 10 месяцаў і пачнецца прыблізна на пачатку студзеня.

Гэта ўжо ня першая спроба вырашыць пытаньне з 2-й бальніцай. Вядома, што самой мэдычнай установы там ужо няма, яна перанесеная ў другое месца, а будынак даўно чакае вырашэньня свайго лёсу. Некалькі гадоў таму, было абвешчана, што катарскія інвэстары вырашылі купіць тэрыторыю і пабудаваць там свой бізнэс-цэнтар. Але ў 2011 годзе, пасьля таго як у Беларусі здарыўся крызіс, усе гэтыя пляны адмяніліся. Да таго была яшчэ адна спроба, а цяперашняя — ужо трэцяя.

Анансавана, што ў амбітны праект мяркуецца ўкласьці 250 мільёнаў даляраў. Узьнікаюць пытаньні: ці будзе тут павага да гістарычнай спадчыны? Укомплексе 2-й бальніцы таксама знаходзіцца гістарычны будынак кляштара пачатку 19-га стагодзьдзя. Ён зносіцца ня будзе. Але як арабскія інвэстары зьнясуць бальніцу, а кляштар пакінуць? Калі яны пабудуюць свой бізнэс-цэнтар, няўжо будынак кляштара будзе знаходзіцца недзе ўнутры, ня будзе бачны ні наведнікам, ні жыхарам гораду?

Адказу няма, бо, як высьветліў у сваім расьсьледаваньні журналіст нашага радыё Ігар Карней, ніякай празрыстасьці і хоць нейкага грамадзкага абмеркаваньня няма. Праект даручана распрацаваць архітэктурнай кампаніі «Вараб’ёў і партнэры», ён аточаны максымальнай таямніцай. Супрацоўнікі нават кажуць, што далі падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі.

Гэта вельмі ў беларускім стылі. Ніхто ня ведае да пэўнага моманту, што ж будзе пабудавана. Натуральна, што ў любой дэмакратычнай дзяржаве такі праект у гістарычным цэнтры гораду прайшоў бы грамадзкую дыскусію і экспэртызу. І ў сакрэце, паводле славутай фразы, робяцца толькі кепскія справы.

Ну, і ўвогуле на прыкладзе гэтага праекту можна казаць пра агульнае стаўленьне беларускіх уладаў да гістарычнай спадчыны. Перш за ўсё грамадзтву звычайна паказваюць ужо канчатковы вынік перабудоваў ці рэстаўрацыяў.

Гэта вельмі ў беларускім стылі. Ніхто ня ведае да пэўнага моманту, што ж будзе пабудавана.

Безумоўна, можна казаць пра непавагу менскіх уладаў да гістарычнай спадчыны. Пра гэта шмат пішуць СМІ, гавораць архітэктары. Трэба, каб усё было нібыта прыгожа, па-сучаснаму. Звычайна адбываецца не аднаўленьне старога, а проста пабудова новага, падобнага да старога ці не, то бок разбурэньне таго, што было.

Гэты праект будзе выклікаць шмат увагі з боку грамадзкасьці. На гэты момант самае галоўнае, чаго павінны былі б дабіцца грамадзкія сілы, — каб гэты праект стаў публічным, каб людзі маглі пабачыць, што плянуюць гэтыя загадкавыя арабскія інвэстары, як яны мяркуюць абысьціся з гістарычнай спадчынай і што будзе з будынкам кляштара ўнутры 2-й бальніцы.

Карбалевіч: З грамадзкім абмеркаваньнем усё зразумела — у нас па больш важных пытаньнях, пытаньнях кірунку грамадзкага разьвіцьця, эканамічнага, палітычнага, таксама ніякіх дыскусіяў не адбываецца, бо няма такога мэханізму. Клясычная аўтарытарная дзяржава.

Адзначу некалькі чыньнікаў, якія вызначаюць стаўленьне да гістарычнай спадчыны. Аляксандар Лукашэнка сам дрэнна разумее глыбінны сэнс гістарычнай спадчыны і ўвогуле духоўнай культуры. На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх мэдыяў журналісты задаюць яму пытаньне пра культуру, ён адказвае пра тое, якія грошы былі выдзеленыя, якія аб’ёмы, згадвае будоўлі найбольш вялікія — вось Нацыянальная бібліятэка, вось тэатар рэстаўравалі. То бок ён кажа хутчэй пра эканамічны бок справы, чым пра ўласна культурны.

Аляксандар Лукашэнка сам дрэнна разумее глыбінны сэнс гістарычнай спадчыны і ўвогуле духоўнай культуры.

Зразумела, дамінуе прагматызм — калі ёсьць грошы, інвэстыцыі, то ўжо можна пра гістарычную спадчыну ўзгадваць у апошнюю чаргу. Вось калі ЮНЭСКО дае грошы на рэстаўрацыю Нясьвіскага і Мірскага замкаў, тады ўлады выкарыстоўваюць гэта зь вялікім задавальненьнем.

Але ж усё-ткі ідэалягічны чыньнік прысутнічае ў падыходах дзяржавы да спадчыны. Захоўваюцца ўсе савецкія помнікі: Леніну, дзяржаўным дзеячам СССР, савецкім воінам, лінію Сталіна стварылі. А да гістарычных помнікаў больш даўніх часоў стаўленьне такое, як у савецкай намэнклятуры, якая дрэнна разумела іх гістарычнае, нацыянальнае, культурнае, духоўнае значэньне.

Глод: Учора, калі я вяртаўся з працы дадому, я выйшаў на станцыі мэтро «Няміга». Мне патрэбна было праехаць адзін прыпынак да таго самага будынку, пра лёс якога мы сёньня разважаем. Але на «Нямізе» ўжо вісела аб’ява, што з 10 сьнежня прыпынак каля Опэрнага тэатру для грамадзкага транспарту ліквідуецца.

Калі я выйшаў з тралейбуса, то заўважыў, што будынак былой 2-й бальніцы абгароджаны, там ужо ішлі нейкія працы. Гэта прыкмета таго, што там пачнецца праца. Зь іншага боку, я ведаю некалькі прыкладаў таксама ў цэнтры Менску, калі гэтаксама абгароджвалі, вывешвалі аб’явы пра аб’ект, але дагэтуль нічога не пачалося. Але, думаю, гэтым разам тут усё адбудзецца.

У гэтай справе, на мой погляд, ёсьць тры чыньнікі. Першы — эканамічны. Усё ж тры гады, калі ня болей, пустуе адно з найдаражэйшых месцаў Менску. Вядома, што першыя інвэстары адмовіліся ад гэтага праекту, другія таксама. Але ж гэта не апраўдвае таго, што столькі часу самая дарагая зямля пустуе і грошы сплываюць.

Помнік Дзяржынскаму да гэтага часу стаіць. А там, дзе сапраўдная гісторыя, не савецкая — там з гістарычнымі помнікамі ёсьць праблемы.

Другі аспэкт — гістарычна-культурны. У гэтай зоне забаронена будаваць будынкі вышынёй больш за 9 паверхаў, так што хоць адно абмежаваньне тут ёсьць. Але за апошнія гады ў цэнтры дзеля спонсараў нахабна парушаюцца ўсе магчымыя нормы забудовы ў ахоўных зонах. Гэта і дом Чыжа ў Траецкім прадмесьці, і псэўдаКемпінскі — гатэль на месцы першай менскай электрастанцыі, і шкляная высотка зь відам на Замчышча, і цэлая вуліца муляжоў з сайдынгу з арыентацыяй на даўніну на беразе Сьвіслачы.

Калі краінай кіруе прэзыдэнт ня зь Менску, калі старшыня гарвыканкаму таксама не адсюль, то цяжка ад іх і чакаць нейкага разуменьня спэцыфікі старога Менску. Ім цяжка зразумець, што гэтае месца ў пэўнай ступені сьвятое для жыхароў сталіцы.

І трэці чыньнік — ідэалягічны. Тут Валер Карбалевіч вельмі слушна адзначыў, што ёсьць помнікі, якія не парушаюцца, бо яны ўкладаюцца ў сучасную ідэалёгію. Вось помнік Дзяржынскаму да гэтага часу стаіць. А там, дзе сапраўдная гісторыя, не савецкая — там з гістарычнымі помнікамі ёсьць праблемы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG