Водгукам гендэрнай «рэвалюцыі» ў беларускай прасторы можна лічыць размовы пра жаночую паэзію. Здавалася б штучная праблема, бо «сусьветны наступ жанчын» сёньня відавочны ня толькі ў літаратуры, але і ў палітыцы, навуках, тэхналёгіях ды іншых сфэрах жыцьця. Калі верыць у цыклічнасьць чалавечага разьвіцьця, то мы назіраем канец эпохі патрыярхату і другое прышэсьце матрыярхату, які нібыта ўжо быў у дагістарычныя, дабіблейныя часы. Хай даруюць мне хаўрусьнікі па гендэру, але той апакаліпсіс, які спарадзілі апалягеты патрыярхату — наша мужчынская заслуга. Калі сьвет немагчыма ўратаваць ні прыгажосьцю, ні прагрэсам (як марылі мужчыны), то чалавецтва — яшчэ верагодна — жаночымі высілкамі. Што за трызьненьні? — скажуць калегі па полу. А вось паслухайце, шаноўныя, сюды.
Нядаўна прайшлі ўгодкі сусьветнага ўшанаваньня нашай суайчыньніцы Сьвятланы Алексіевіч, адзначанай Нобэлеўскім камітэтам у тым ліку і за сваю апошнюю кнігу «Час second-hand». Насамрэч, «сваю вялікую кнігу» яна піша даўно, і тэма яе, як і творчы мэтад — адзін і той жа — мазаіка чалавечых лёсаў з «адной шостай сушы» ў 20-м і пачатку 21-га стагодзьдзя. Практычна гэта гісторыя краіны, якую мы ведалі як СССР, складзеная з маленькіх кавалачкаў людзкіх эмоцый і ўспамінаў.
Карціна атрымалася вельмі жаноцкая — хаатычная, эмацыйная і стракатая.
Карціна атрымалася вельмі жаноцкая — хаатычная, эмацыйная і стракатая. Жаноцкая таму, што большасьць гераінь-спавядальніц усё-ткі жанчыны. Яны і часьцей выжываюць у каламутныя часы, і даўжэй жывуць, а ў нашым патрыярхальным грамадзтве і раскрываюцца адна за адной лягчэй, чым «гаспадар»-мужчына. Вось таму і склаўся пераважна жаночы погляд, рэтрансьляваны зноў-ткі пісьменьніцай, але погляд на традыцыйна «мужчынскія» тэмы — росквіт камунізму, развал імпэрыі, паўставаньне новага, невядомага нам сьвету. Тэмы, якія для мужчын сталі ўжо непад’ёмнымі.
Аднак чытанка атрымалася задужа цяжкая, ніяк не «жаночая паэзія» ці «дамская проза», а нешта змрочна-настальгічнае, прыцягальнае здаля і балючае пры набліжэньні, быццам вугольле дагарэлага вогнішча ў густой начной цемры. Гісторыяў пераказана шмат, амаль кожная зь іх магла б стаць асобным раманам ці кінасцэнаром. Большасьць зь іх — трагедыі ці драмы, шчасьлівыя ці пазытыўныя выпадкі патанаюць у плыні эпахальных катастроф.
Але ж і на гэтым пэсымістычным тле выяўляецца жаночая сутнасьць аўтаркі: не, яна ня цешыць нас ілюзіямі ці прывідным «сьвятлом у канцы тунэлю». Будаваць далёкасяжныя пляны, маляваць пэрспэктыўныя схемы ці выратавальныя «ўсёахопныя» ідэі — гэта мужчынская спэцыялізацыя. Занятак ідэолягаў, футуролягаў, філёзафаў ды іншых тэарэтыкаў і практыкаў гігантаманіі. Па сваёй прыродзе моцны пол — ідэалісты, схільныя да веравызнаньня або прадукаваньня тых ці іншых ідэялягемаў. А сярод камуніста-матэрыялістых савецкага гарту гэткімі вернікамі былі амаль усе.
Што было злом, а што дабром у СССР? Ці можна было ўвогуле аддзяліць там адно ад другога?
Жаночая прырода больш плястычная, канфармісцкая, жанчыны менш падступныя для вонкавых ідэйных установак, больш аддаюцца ўласным адчуваньням, вопыту, інтуіцыі. Таму і Сьвятлана Алексіевіч ня робіць катэгарычных высноў, не выносіць выракаў сваім героям ды гераіням, не ставіць канчатковы дыягназ прамінулай эпосе. Яна ўсё яшчэ ўслухоўваецца ў галасы, разважае, спачувае, вагаецца, а таму прымушае чытача думаць ды сумнявацца. Што было злом, а што дабром у СССР? Ці можна было ўвогуле аддзяліць там адно ад другога?
Нельга сказаць, што аўтарка зусім ня мае палітычных перакананьняў і робіць свае дакумэнтальна-мастацкія «мазаікі» з пункту гледжаньня касьмічнага назіральніка ці пазачасавага судзьдзі. Не, яна наша сучасьніца і мае ўласную пазыцыю, хоць і не імкнецца яе дэманстраваць у творах занадта часта. Але само жыцьцё апошніх 10 год прымусіла вызначыцца і выказацца больш акрэсьлена. У першую чаргу — жыцьцё ў Беларусі, а ў другую — у Расеі. Хаця апошняе для яе трэба паставіць на першым месцы. І вось чаму.
Пісаць пра лёсы «чырвонай імпэрыі» на мове малалікага пэрыфэрыйнага народу — справа непэрспэктыўная.
Алексіевіч ня толькі піша па-расейску, яна лічыць сябе атожылкам расейскай літаратуры, пераймаецца найперш расейскай праблематыкай і традыцыямі. Яно і зразумела, пісаць пра лёсы «чырвонай імпэрыі» на мове малалікага пэрыфэрыйнага народу — справа непэрспэктыўная. Бо і самі героі аповедаў, і патэнцыйныя чытачы — людзі ня толькі савецкія, але і расейскамоўныя. Аддаўшы больш за 30 год такой творчасьці, памяняць моўную арыентацыю — амаль немагчыма. Тым больш, што ёсьць яшчэ адна важкая прычына — гэта любоў!
Так, звычайная любоў да расейскай культуры, літаратуры, гісторыі. Напрыклад, лёс «чырвонага чалавека», якога аўтарка «прэпарыруе» і спрабуе «пахаваць» у апошняй кнізе (а мо і ў папярэдніх?), ідзе каранямі ў 19 стагодзьдзе ды ранейшыя часы, да тых «таямніцаў» расейскай душы, пра якія пісалі Дастаеўскі, Цютчаў, Пушкін. Адылі, удзел у індустрыяльна-бальшавіцкім «перавыданьні» Расейскай імпэрыі армян, габрэяў ці беларусаў быў больш прыкметны, чым іхні ўплыў на дзяржаву Раманавых, але ж і сёньня, ужо пасьля СССР, па меркаваньні Алексіевіч, галоўныя гістарычныя падзеі адбываюцца там — у РФ. А з гэтым сёньня будуць згодныя далёка ня ўсе. Нават многія беларусы. Аднак спачатку што да Расеі.
Хто прымушаў азэрбайджанцаў рэзаць армян, а армян — азэрбайджанцаў? То ж быў свабодны выбар народу — як аднаго, так і другога.
Драма Алексіевіч як расейскай пісьменьніцы ў тым, што яна, закаханая і адданая расейскай культуры, не ўпісалася ў яе сёньняшні мэйнстрым. І ня толькі палітычна або тактычна, а бадай — стратэгічна і мэнтальна. Лібэральныя і дэмакратычныя сымпатыі пісьменьніцы не знайшлі разуменьня ня толькі ў тамтэйшай палітычнай або мастацкай(!) эліты, але і ў «народных глыбінях», то бок, у большасьці «суаўтараў» ейных кніг. Такі вось парадокс (а мо заканамернасьць?) гістарычнага руху, які аказаўся не прамалінейны, як верылі хрысьціяне, і не сьпіральны, як казалі камуністы, а проста... амбівалентны, то бок — рознакірункавы ці «шызафрэнічна ўзаемавыключны». Напрыклад — дэмакратыя і народны выбар. Хто прымушаў азэрбайджанцаў рэзаць армян, а армян — азэрбайджанцаў? То ж быў свабодны выбар народу — як аднаго, так і другога. За яго была большасьць па абодва бакі фронту, і да сёньня сытуацыя не зьмянілася.
Гэты парадокс (няўжо свабода і дэмакратыя нясе вайну і разбурэньне?) не адзіны ў шэрагу постсавецкіх неспадзяванак. Напрыклад, дзе не было вайны і працяглых сацыяльна-палітычных канфліктаў? Правільна, там дзе хутка паселі дыктатары ці ўсталяваліся аўтарытарныя рэжымы. Ня будзем з гэтага рабіць катэгарычных высноў, бо стварэньне новых дзяржаў на месцы СССР — сапраўды працэс супярэчлівы. Вядома, апалягеты і лідэры новых краін абяцалі для сваіх народаў жыцьцё лепшае, чым за Саветамі. І калі б гэта атрымалася, то ахвяры пэрыяду «міжнацыянальных закалотаў» былі б «выкупленыя», а мэта апраўдала б сродкі. Мовай эканамістаў можна сказаць: шчасьлівая будучыня зь лішкам акупіла б учорашнюю трагедыю. Але ці здарылася так дзе-небудзь? Мо ў якой з прыбалтыйскіх краін і то з немалой доляй сумневу. Дык што, свабода ня ёсьць шляхам да міру і дабрабыту? А каб зрабіць крок наперад, трэба моцна адступіцца назад?
Той жа «чырвоны чалавек», аблюбаваны Сьвятланай Алексіевіч, зусім не памёр, хіба крыху разгубіўся і часова прыціх, каб апошнім часам зноў выйсьці на паверхню.
Відаць, жыцьцё не ўкладаецца ў гатовыя схемы і не падпарадкоўваецца толькі нашым жаданьням. Той жа «чырвоны чалавек», аблюбаваны Сьвятланай Алексіевіч, зусім не памёр, хіба крыху разгубіўся і часова прыціх, каб апошнім часам зноў выйсьці на паверхню, зноў запатрабаваць ланцугоў, новага цара, новых ворагаў і старую веру ў дзяржаўную моц. Яго асабістая прыніжанасьць ды неўладкаванасьць мусіць кампэнсавацца верай у калектыўнае «мэсіянства» і далучанасьцю да самай вялікай дзяржавы, якая «можа ўся і ўсіх!». Гэтак самая вялікая папуляцыя бяспраўных небаракаў можа разьнесьці ў пух і прах супольнасьці сытых і самазадаволеных «нянашых» — немцаў, габрэяў, «украў», «пшэкаў», «амэрыкосаў» ці «япошак».
Ці ня гэта галоўная супэр-ідэя савецкага народу, якая трымала яго амаль 80 гадоў. А калі не шкада саміх сябе — чаму трэба шкадаваць «іншых». І ня трэба багацьцяў ці ўласнага майна, досыць найлепшай у сьвеце зброі і «неспадзяванай» расейскай душы, якая аднойчы пакажа ўсім «кузькіну маць», пасьля якой надыдзе не сыбірская, а сапраўдная ядзерная зіма. Ды гэта ўжо сюжэт іншае кнігі, накшталт «Апошняга ўзьлёту чырвонага чалавечка», якую пісаць ня будзе каму і для каго.
Але ж вернемся да Сьвятланы Алексіевіч, якая воляю лёсу стала ня толькі расейскай, але і беларускай пісьменьніцай. І тут хаваецца яшчэ адна драма, якая мае свае вытокі.
Справа ў тым, што той нацыянальна-дзяржаўны разлом, што прайшоўся ад Цянь-Шаню да Каўказу і ад Крыму да Эстоніі, быў ня прыкрай памылкай аднаго палітыка, ня змовай «белавескіх зуброў», а заканамерным ходам гісторыі, вынікам векавых тэктанічна-цывілізацыйных зрухаў, якія ў патрэбны час скарысталі ў выглядзе «марыянэтак» тых ці іншых дзеячаў. Але ж вось цікава, што той разлом, прайшоўшы больш-менш цывілізавана на поўнач ад Беларусі, зусім ня так мірна вырашыўшыся на поўдзень і ўсход, ля ейных межаў неяк згубіўся, ці то завяз у тутэйшых балотах, ці то заблукаў у хітрых лябірынтах беларускай душы. Ёсьць, праўда, меркаваньне, што разлом той толькі часова запаволіў ход, а насамрэч ён такі ж непазьбежны, як і ў Малдове, Украіне або Грузіі.
Водападзел тут прайшоў не геаграфічна, а ледзь не анатамічна — інтракраніяльна — то бок у галовах людзей.
Аднак беларуская анамалія ня так лёгка кладзецца ў вядомыя схемы. Бо водападзел тут прайшоў не геаграфічна, а ледзь не анатамічна —інтракраніяльна— то бок у галовах людзей. Левае паўшар’е можа быць — за, а правае — супраць (або наадварот). Вось гэты ўнутраны канфлікт ня так паміж рознымі людзьмі, як унутры кожнага з нас і спараджае тую «шызафрэнічнасьць» беларускай душы, якая дваіцца, траіцца, а то і чацьвярыцца. Бо тутэйшы чалавек — ён і самы савецкі ды правільны з усіх «саўкоў», ён і «рускі са знакам якасьці», і спрадвечны мужык-беларус, а зь некага апошнім часам вытыркаецца і літвін з крывічом. Усё гэта намяшана ў розных людзях у розных прапорцыях, і якая зь іх акажацца вызначальнай у «Час Х», сказаць цяжка. Нават шанаваным пісьменьнікам і мысьлярам. Дарэчы, колькі словаў пра Час.
Сьвятлана Алексіевіч у назьве сваёй кнігі выкарыстоўвае вобраз «час second-hand». На маю думку, новатвор ня вельмі ўдалы, хаця як назва — увагу прыцягвае. У першую чаргу згадваюцца папулярныя ў 90-я крамы, якія сымбалізавалі і дэманстравалі нам заходні сьвет і свабодны выбар (хаця б толькі ў выбары патрыманага «эўра-адзеньня»). Згадкі знаёмыя, бадай, кожнаму, каму за 50, як і пах тых крамаў і рэчаў, што наўрад ці камусь былі вельмі прыемныя. Але ж час — ня рэчы, ён у прынцыпе ня можа быць «з другіх рук», ён заўсёды новы, малады, заўсёды мае непаўторны пах, пах невядомасьці і водар надзеі. Надзеі не заўсёды спраўджваюцца, але час у гэтым не вінаваты. Вінаваты ў гэтым людзі, якія спадзяюцца вярнуць мінулае, былое, настальгічнае. Але яно не вяртаецца! Нават рэчы старэюць і парахнеюць, а ўсе надзеі на тое, што вось-вось, за паваротам будзе, як раней... толькі міт і крах.
З гэтага марнага чаканьня і веры ў цуд «вяртаньня назад» і адбываюцца многія драмы і трагедыі жыцьця.
З гэтага марнага чаканьня і веры ў цуд «вяртаньня назад» і адбываюцца многія драмы і трагедыі жыцьця. У тым ліку і «рэнэсанс чырвонага чалавека», які мы назіраем сёньня. Бо сёньня, як і заўсёды, гісторыя непаўторная, эксклюзіўная. Такой Беларусі ніколі раней не было. І такіх пэрспэктыў — таксама. Насамрэч, мы нічога не адраджаем — ні ВКЛ, ні БССР, мы сьлепа, навобмацак нараджаем новае, невядомае, мо — жахлівае, мо — шчасьлівае, а мо ні тое, ні другое. Сапраўдная Беларусь— тое, чаго яшчэ няма. Вось чым яна цікавая для беларуса, які сьвядома бярэ ўдзел у яе нараджэньні, вось чаму галоўнае, што адбываецца ў сьвеце для нас — не навіны з Парыжу ці Пэкіну, але — што дзеецца тут, «у цэнтры Эўропы» або ў яе «апошнім балоце». Назва ўжо няважная, важная — сутнасьць. Аднак гэтая відавочная ісьціна далёка не для ўсіх відавочна, бо многія па-ранейшаму мараць і жывуць прамінулым, асабліва пісьменьнікі.
Дык у чым жа драма Алексіевіч як беларускай пісьменьніцы? Як і для многіх — у... неразьдзеленым каханьні. І — любові. Яна любіць Расею і кахае расейскую літаратуру, але ня мае там узаемнасьці і разуменьня. Яе разумее і (мне здаецца) любіць неафіцыйная Беларусь, ды сэрца яе засталося там, «на 1/6 сушы», а тут, магчыма, хіба толькі сяброўства. Тым больш Беларусь па яе разуменьні задужа юная (нават малая), каб быць аб’ектам «вельмі дарослых» дачыненьняў.
Падобную праблему, між іншым, меў і другі вядомы беларус (праўда, не пісьменьнік, а палітык), які таксама выказваў шчырыя пачуцьці і даволі сур’ёзныя намеры на «суседзкі сталец», але таксама быў адрынуты. Мо ўсё ж прычына такога «неразьдзеленага каханьня» глыбей, чым здаецца на першы погляд. Бо «тожа-рускія» на паверку аказваюцца не зусім той крыві, што карэнныя вялікаросы, а беларус з расейцам не «одного поля ягоды», як той «Беларус-80» і «Масквіч-412». Вось і водападзел наш прайшоў праз жаданьне адных — будаваць новую невядомую Беларусь, а другіх — «падымаць з каленяў» старую зьнясіленую Імпэрыю. За кім будучыня, гаспада-спадарства? Пытаньне хутчэй рытарычнае...
Альтэрнатывай драпежнаму патрыярхальнаму шавінізму і бясконцай вайне ідэйна-сацыяльных дактрын можа стаць безыдэйны жаночы прагматызм і мірная фэмінізацыя грамадзтва.
І ўсё ж Беларусь мае для РФ немалое значэньне, што можа пацешыць гонар нават тутэйшых русафілаў. Справа ў тым, што нацыянальна-дзяржаўныя «расколіны», якія раздрабілі СССР, на абмінулі і РФ. Пакуль яны ледзь прыкметныя, бо «зашпаклёваны» намаганьнямі Масквы, але пры пэўных крызысных умовах могуць стаць ня толькі актуальнымі, але — лёсавызначальнымі. Дык вось, беларускі вопыт (я б сказаў, тутэйшы сацыяльна-палітычны «палігон») ёсьць індыкатарам і для Вялікаросіі: калі тут здолее адбыцца мірная трансфармацыя посткамуністычнага аўтарытарызму ў саматоесную беларускую дзяржаву, то і РФ будзе мець шанец прайсьці гэты шлях без катастрафічных забурэньняў. У супрацьлеглым выпадку «данбасізацыя» Расеі — рэальная пэрспэктыва і наканаваньне для многіх нацыянальных аўтаномій. «Чырвоны чалавек», насамрэч, вельмі жывучы, бо можа мяняць ідэйныя ці рэлігійных адценьні — ад чырвонага да чорна-жоўтага, ад трыколернага да зялёнага. Тут альтэрнатывай драпежнаму патрыярхальнаму шавінізму і бясконцай вайне ідэйна-сацыяльных дактрын можа стаць безыдэйны жаночы прагматызм і мірная фэмінізацыя грамадзтва.
Прадвесьцем апошняга мне і падаюцца кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Праўда, да перамогі ці хаця б раўнавагі фэміністычнай і маскуліннай карціны сьвету яшчэ далёка, але першыя крокі, хаатычныя і непасьлядоўныя, ужо зроблены. І ёсьць надзея, што ня толькі ў літаратуры.