Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея экспартуе карупцыю ў іншыя краіны Эўропы, — амэрыканскі кангрэсмэн


У камітэце Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прайшлі слуханьні аб праблеме карупцыі ў Расеі і Ўсходняй Эўропе. Кангрэсмэны і экспэрты прызналі, што хоць карупцыя і існуе ў той ці іншай меры ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў ЗША, але ва Ўсходняй Эўропе і Эўразіі яна набыла асабліва небясьпечныя маштабы.

Кангрэсмен-дэмакрат Грэгары Мікс падкрэсьліў, што галоўную праблему ўяўляе карупцыя ў Расеі, дзе яна носіць дзяржаўны характар, экспартуецца ў іншыя краіны Эўропы і выкарыстоўваецца расейскім урадам як элемэнт ціску на іншыя краіны — такія, як Украіна, Малдова і Чарнагорыя. Вось чаму, лічыць Мікс, пагрозьлівая сытуацыя з карупцыяй у Расеі мае быць у фокусе ўвагі Злучаных Штатаў. Разам з тым заканадавец выказаў надзею, што антыкарупцыйныя рэформы ў будучыні стануць запатрабаваныя і ў Расеі, і яна таксама «зможа стаць дэмакратычнай і свабоднай краінай».

Выканаўчы дырэктар «Ініцыятывы па клептакратыі», адной з праграмаў Інстытута Гадсана, Чарльз Дэвідсан канстатаваў, што менавіта высокі ўзровень карупцыі дазваляе засяродзіць вялізную ўладу ў руках невялікай кіроўнай групоўкі. Менавіта карумпаваныя, «клептакратычныя» рэжымы найбольш агрэсіўныя да суседзяў, казаў ён і прыводзіў у прыклад палітыку Крамля.

На слуханьнях выступаў расейскі бізнэсовец Сяргей Калесьнікаў, які быў вымушаны зьехаць з радзімы. У 2010 годзе ён пісаў ліст тагачаснаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву, дзе адзначаў, што карупцыя стала асновай, якая цэмэнтуе ўсю вэртыкаль улады ў Расеі. Ён сьцьвярджае, што галоўная задача цяперашніх кіраўнікоў Расеі — застацца ва ўладзе, якую яны бачаць крыніцай багацьця. Ды яны разумеюць, кажа Калесьнікаў, што бараніць багацьце законам можна толькі ў дэмакратычных краінах, таму выводзяць багацьце за мяжу.

Падрабязьней пра слуханьні на «Голасе Амэрыкі» па-расейску

У рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі 2015 году Беларусь на 107-м месцы з 32 баламі са 100 (0 — максымальная карупцыя), поруч з Аргентынай і Кот д’Івуарам. Камэнтуючы гэты рэйтынг, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў казаў, што ў Беларусі карупцыя «выступае мэтадам дзяржаўнага кіраваньня». 45% жыхароў Беларусі лічаць недастатковай барацьбу з карупцыяй.

Рэкордны хабар, на якім злавілі ў Беларусі, — да 500 тысяч даляраў; разглядаецца справа пра хабар у 760 тысяч даляраў; былога кіраўніка «Беллегпраму» абвінавацілі ў тым, што ён «меў намер» узяць хабар на 1 млн эўра. Прызначэньне «правільнага» судзьдзі на фінал Кубку Беларусі па футболе магло каштаваць усяго 200 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG