Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскія настаўнікі скардзяцца, што іх прымушаюць страхавацца


«Крычаўскіх пэдагогаў пагалоўна прымушаюць страхаваць сваё жыцьцё ў Белдзяржстраху», — сьцьвярджаецца ў лісьце, які даслалі карэспандэнту Свабоды.

«Зрабіць гэта давядзецца найбліжэйшым часам, — гаворыцца ў допісе. — Наўрад ці нехта наважыцца адкрыта пратэставаць супраць, бо знайсьці іншую працу ў Крычаўскім раёне практычна немагчыма — амаль усе прадпрыемствы закрытыя або глыбока стратныя».

У лісьце паведамляюць, што «дырэктыва зыходзіць з Крычаўскага райвыканкаму, які прадстаўлены аддзелам адукацыі, спорту ды турызму».

«Акрамя таго, кожны клясны кіраўнік мясцовых школаў мусіць у абавязковым парадку застрахаваць ня меней за 80 працэнтаў падапечных вучняў. Гэтая павіннасьць — чарговая ў чарадзе падобных, якія існуюць ужо гадамі. А тут і прымусовая падпіска на друкаваныя СМІ, і праверка печаў, дымаходаў ды электраправодкі ў прыватных сядзібах ды многае іншае», — напісаў аўтар.

У аддзеле адукацыі райвыканкаму абвяргаюць сьцьвярджэньні ананімнага скаржніка і заяўляюць, што настаўнікаў страхавацца ніхто не прымушае.

«Ніхто ня можа нікога прымусіць. Страхаваньне — добраахвотная справа кожнага чалавека», — зазначыў у тэлефоннай гутарцы начальнік аддзелу адукацыі, спорту ды турызму Крычаўскага райвыканкаму Мікалай Капаеў.

У Крычаўскім прадстаўніцтве страхавой арганізацыі таксама абвяргаюць абвінавачваньні аб прымусовым страхаваньні настаўнікаў. Там запэўніваюць: страхаваньне — добраахвотны выбар кожнага.

«Мы толькі расказваем пра перавагі гэтага віду страхаваньня і што выгадна мець страхавы поліс. Мы ж супраць волі грошы не бяром і полісы не ўручаем», — патлумачыла сытуацыю супрацоўніца прадстаўніцтва.

Паводле яе, арганізацыі, чые работнікі застрахаваліся ў Белдзяржстраху, маюць ад яго фінансавую падтрымку на «папярэджаньне страхавых выпадкаў». Такая падтрымка залежыць ад колькасьці заключаных дамоваў і сумы сабраных унёскаў.

Суразмоўца адзначыла, што Белдзяржстрах не адзін год супрацоўнічае з раённым аддзелам адукацыі.

«Школы закупляюць за кошт нашых сродкаў сабе стэнды пра бясьпеку руху, ахову працы, набываюць аптэчкі, флікеры. Установы ж адукацыі зь бюджэту мала атрымліваюць сродкаў на такія патрэбы дзеля папярэджаньня няшчасных выпадкаў, таму такія арганізацыі і ідуць на супрацоўніцтва з намі. Гэта выгадна, бо яны маюць дадатковую фінансавую падтрымку».

Тым часам большасьць крычаўскіх настаўнікаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, пазьбягалі адказваць на пытаньне, ці быў прымус да страхаваньня. Пэдагогі прызнаваліся, што супрацоўнікі Белдзяржстраху гаварылі зь імі наконт страхаваньня.

«На пэдагагічнай нарадзе з намі праводзілі тлумачальную працу, — сказала адна з настаўніц. — Казалі, што неабходна застрахаваць сваё жыцьцё і пагутарыць пра гэта з бацькамі вучняў. Якая пазыцыя на гэты конт адміністрацыі школы, зразумейце мяне, я адказваць не хачу...»

«Так, устаноўка такая ёсьць», — сказаў яшчэ адзін настаўнік.

«Нас папрасілі аформіць страхоўку на сябе і яшчэ шукаць бацькоў, якія б хацелі застрахаваць сваіх дзяцей, — зазначыў ён. — Я, калі шчыра, не чакаў такога павароту і цяпер у лёгкім шоку. Раней такога не было. Такая ўстаноўка зьявілася дні тры таму. Сябе страхаваць давядзецца, ня выкруцісься, а вось зь дзецьмі складаней. Я ня ведаю, як пераконваць бацькоў сваіх вучняў...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG