Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае Беларусь рэальны шанец стаць Крэмніевай далінай


Віктар Кіслы, адзін са стваральнікаў гульні World of Tanks
Віктар Кіслы, адзін са стваральнікаў гульні World of Tanks

Газэта The Wall Street Journal канстатуе, што «Беларусь ператвараецца ў «Крэмніевую даліну» Ўсходняй Эўропы. Так прэстыжнае амэрыканскае выданьне ацэньвае намаганьні Беларусі ў стварэньні і прасоўваньні ІТ-тэхналёгіяў.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Гурневіч: Газэта The Wall Street Journal канстатуе, што «Беларусь ператвараецца ў «Крэмніевую даліну» Ўсходняй Эўропы. Так прэстыжнае амэрыканскае выданьне ацэньвае намаганьні Беларусі ў стварэньні і прасоўваньні ІТ-тэхналёгіяў.

І гэта не рэклямны тэкст. Гэта пацьвярджаюць міжнародныя рэйтынгі. Паводле справаздачы Міжнароднага саюзу тэлекамунікацыяў за 2016 год, Беларусь сярод постсавецкіх краінаў займае другое месца пасьля Эстоніі. У агульным рэйтынгу наша краіна заняла 31-е месца. Гэта неверагодна добры вынік для краіны, якая мае імідж «савецкага скансэну» і па-сутнасьці гэты міт разбурае. Цяжка ўявіць савецкую краіну з разьвітымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі.

Зрэшты, і без усялякіх рэйтынгаў зразумела, што беларускія айцішнікі навучыліся няблага манэтызаваць свае прадукты. Дастаткова ўзгадаць Wargaming са славутай гульнёй World of Tanks, Viber, maps.me, MSQRD.
The Wall Street Journal зазначае, што Беларусь мае дастаткова высокі ўзровень адукацыі насельніцтва і адносна нізкі кошт працоўнай сілы. У 2015 годзе экспарт зь Беларусі асноўных ІТ-цэнтраў склаў 705.6 млн даляраў.

На постсавецкай прасторы выдатнікам у гэтай галіне традыцыйна лічыцца Эстонія. Але Беларусь так імкліва разьвівае ІТ-сэктар, што Менск мог бы і перагнаць Талін.

WSJ адзначае, што сёньня 164 кампаніі і больш за 25 000 супрацоўнікаў зьяўляюцца рэзыдэнтамі Парку высокіх тэхналёгіяў. Пры гэтым 41% кампаніяў былі створаныя беларускімі інвэстарамі, 35% — замежнымі інвэстарамі і 24% — супольныя прадпрыемствы.

Гэтыя лічбы сьведчаць аб тым, што паставіўшы на разьвіцьцё ІТ-тэхналёгіяў, дзяржава сапраўды паступіла слушна і дальнабачна. За гэтымі тэхналёгіямі будучыня. Гэта ня толькі прыносіць прыбытак краіне, гэта дазваляе мадэрнізаваць, павышаць якасьць і мабільнасьць жыцьця. Прыклад зь сёньняшняга дня. Наш сайт паведамляе, што беларуская ІТ-кампанія распрацавала мультымэдыйную бібліятэку школьніка. У адной праграме — усе падручнікі з пятай па адзінаццатую клясу. Дзяржава павінна рэальна пачынаць рабіць вялікія дзяржзакупкі ад Парку высокіх тэхналёгіяў.

На постсавецкай прасторы выдатнікам у гэтай галіне традыцыйна лічыцца Эстонія. Але Беларусь так імкліва разьвівае ІТ-сэктар, што Менск мог бы і перагнаць Талін. Да гэтага, прынамсі, трэба імкнуцца. Паспрыяць гэтаму можа правядзеньне рэформаў, адкрытасьць сьвету, дэмакратызацыя, адмена візаў для замежнікаў і, як вынік — новы імідж краіны.

Цыганкоў: У сувязі зь беларускай ІТ-сфэрай ёсьць некалькі пытаньняў. Першае — наколькі доўга пратрываюць тыя ільготы, якія беларуская дзяржава прадстаўляе ІТ-сэктару. Парк высокіх тэхналёгіяў у значнай ступені падняўся менавіта з-за таго, што існуе дастаткова ільготны рэжым, і яны працуюць не на тых умовах, на якіх працуе ўся астатняя беларуская эканоміка. З аднаго боку, гэта агульнапрызнана, гэта быў мудры крок беларускага кіраўніцтва, прабіў гэта Валеры Цапкала, кіраўнік Парка высокіх тэхналёгіяў. Зараз сярод эканамістаў ідзе дыскусія наконт таго, ці апраўданыя гэтыя ільготы, ці трэба іх працягваць. Звычайна ільготы даюцца спачатку, каб паднялася сфэра. І многія кажуць: ці не прыйшоў час паставіць ІТ-сфэру ў роўныя ўмовы з усімі астатнімі?

Тут, канешне, ёсьць і сацыяльная зайздрасьць, бо айцішнікі зарабляюць па 1,5 тысячы даляраў, а сярэдні беларус — па 350-400. І пачуцьцё справядлівасьці, бо ёсьць такія пераможныя рэляцыі пра посьпех ІТ-сфэры, але яны грунтуюцца пераважна на тым, колькі паслугаў прадаюць за мяжу, але ў дзяржаўны бюджэт яны плацяць зусім няшмат. Нядаўна прагучала лічба: каля 40 мільёнаў даляраў. Кажуць, нібыта ІТ-сфэра дае Беларусі мільярд! Мільярд — гэта яны прадалі агулам сваіх тавараў і паслуг за мяжу і атрымалі прыбытак. Некаторыя эканамісты, неабавязкова праўладныя, ставяць пытаньне, наколькі гэта правільна і справядліва.

Пакуль у беларускай эканоміцы гэта нейкі аазіс, астравок лібэральнага капіталізму. І большая частка экспэртаў лічыць, што гэты аазіс ніяк ня выцягне эканоміку.

Другое пытаньне — ці сапраўды можа ІТ-сфэра выцягнуць усю беларускую эканоміку. Нядаўна кіраўнік парталу TUT.BY даваў нам інтэрвію ў перадачы «Інтэрвію тыдня» і гаварыў пра тое, што беларускія інтэрнэтчыкі і праграмісты павінныя выйсьці нават у сьвеце на 3-е месца пасьля ЗША і Ізраілю, абагнаць Кітай і Індыю. Але пра гэта таксама ўжо была дыскусія, і сумняваліся ня столькі нават у ІТ-сфэры ў Беларусі, а ці выцягне яна ўсю астатнюю беларускую эканоміку. Бо пакуль у нашай эканоміцы гэта нейкі аазіс, астравок лібэральнага капіталізму. І большая частка экспэртаў лічыць, што гэты аазіс ніяк ня выцягне эканоміку — у яго ёсьць пэўнае абмежаваньне, ён хоць і будзе лякаматывам, але ня можа падняць усё. І цікава, наколькі гэты аазіс працягне сваё існаваньне, бо астатнія сфэры ў Беларусі застаюцца нерэфармаванымі і сацыялістычнымі.

Глод: Літаральна нейкі месяц таму я на фінансавым форуме СНД, які праходзіў у Менску, піў каву з двума знаёмымі бізнэсоўцамі. Паміж іншага, размова зайшла і пра «Парк высокіх тэхналёгіяў». І абодва мае суразмоўцы тады сказалі, што яны шчыра зайздросьцяць Валерыю Цапкалу — кіраўніку Парку. Зайздросьцяць таму, што дзяржава ў яго справы амаль ня ўлазіць. «Вось, каб і з намі так яна сябе паводзіла», — казалі яны.

Парк высокіх тэхналёгіяў у Беларусі — гэта тое месца, куды ўлада яшчэ ня ўлезла цалкам. Гэта тая параўнальна невялічкая выспа, пра якую нават дзяржаўныя кантралёры з розных структураў ведаюць: для сябе ж лепей туды ня лезьці.

І сапраўды, Парк высокіх тэхналёгіяў у Беларусі займае асаблівае становішча. Пра істотныя льготы для яго падрабязна расказваў Віталь Цыганкоў. Але тут існуе і другі вельмі важны нюанс — гэта тое месца, куды ўлада яшчэ ня ўлезла цалкам. Гэта тая параўнальна невялічкая выспа, пра якую нават дзяржаўныя кантралёры з розных структураў ведаюць: для сябе ж лепей туды ня лезьці.

Дарэчы, сёлета Валеры Цапкала выступіў зь некалькімі вялікімі артыкуламі ў дзяржаўных СМІ. Яны напісаныя па беларускіх мерках вельмі сьмела. Цапкала піша, што кіраўнікі прадпрыемстваў і бізнэсоўцы моцна павязаныя недасканалымі законамі, што ўлады апрыёры бачаць у іх злодзеяў, якія хочуць нешта змахляваць. А кантроль ацэньвае працу так, што любая рызыка ацэньваецца толькі з аднаго боку — хацелі падмануць дзяржаву. Але ж у сапраўдным бізнэсе даводзіцца рызыкаваць. І час ад часу тут могуць быць зусім не наўмысныя праколы. Таму многія кіраўнікі і ня хочуць выступаць з ініцыятывамі. Ім лепей працаваць спакойна.

У парку Цапкалы ўсё па-іншаму. Адсюль і вынікі, пра якія піша амэрыканскі часопіс. Магчыма, у гэтым артыкуле ня ўсё абсалютна адпавядае рэчаіснасьці. Але ж патэнцыял Беларусі ў сфэры высокіх тэхналёгіяў сапраўды высокі, а культура працы, працоўная этыка, адукацыя і якасьць на высокім роўні.

Аднак апошнім часам рукі кантралёраў пацягнуліся і да ІТ-шнікаў, у прыватнасьці IBA. Некаторыя экспэрты называюць гэты наезд стрэлам у сьпіну Парку высокіх тэхналёгіяў. Перад гэтым быў скандал зь Віктарам Пракапеням. Той заплаціў немалыя грошы, каб толькі выйсьці на свабоду. Спачатку на свабоду, а пасьля каб апынуцца за межамі Беларусі, улады якой вельмі непрыязна ставіцца да талентаў, да людзей, якія зарабляюць на жыцьцё сваімі мазгамі. Магчыма экспэрт Яраслаў Раманчук і крыху перабольшвае ў сваім прагнозе, калі кажа, што са стратэгічнага пункту гледжаньня такія паводзіны дзяржавы ў дачыненьні да ІВА ды іншых ІТ-кампаніяў прывядуць да таго, што праз пару-тройку гадоў ад Парку высокіх тэхналёгіяў застануцца толькі карпусы і ня больш за тое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG