У Магілёве расьсьледуецца гвалтоўная сьмерць дзіцяці, якому быў адзін год. Падазраюцца бацькі, іх затрымалі. Хлопчык загінуў ад траўматычнага шоку — у яго выявілі шматлікія ўнутраныя пашкоджаньні. Бацька выклікаў хуткую дапамогу, паведаміўшы, што сын не падае прыкметаў жыцьця. Мэдыкі, у сваю чаргу, выклікалі міліцыю. Сям’я лічыцца сацыяльна-небясьпечнай.
Вуліца Куцепава забудавана пераважна панэльнымі хрушчоўкамі. У адным з такіх дамоў і адбылося забойства.
Жыхары раёну агаломшаныя здарэньнем. З карэспандэнтам гаварылі пра яго неахвотна.
«Вядома ж, гэтае здарэньне абмяркоўваюць, асабліва маладыя маці, і ўсе ў шоку», — сказала жанчына, якая вывела на прагулку сваё дзіця. Суразмоўніца, як высьветлілася, жыве насупраць дому, дзе здарылася трагедыя.
«Маладая пара, якую вінавацяць у забойстве ўласнага дзіцяці, не зь мясцовых. Яны нібыта наймалі тут жытло, таму пра іх асабліва ніхто ня ведае, — працягнула аповед маладзіца. — Здарэньне жудаснае, але ў наш час, пры цяперашнім стрэсавым жыцьці нічому ўжо не зьдзіўляесься. Раней такія сытуацыі здараліся ў Расеі, але каб гэткае адбылося ў нас, дык, відаць, упершыню...»
Суседзі арыштаванай пары пацьвердзілі, што сям’я наймала жытло. Гаварыць на дыктафон людзі катэгарычна адмаўляліся. Сказалі толькі, што жылі маладыя людзі шумна, з частымі папойкамі.
Кацярына Пятроўна амаль усё сваё жыцьцё пражыла на Куцепава. Крымінагенную сытуацыю ў сваім раёне яна характарызуе як «далёкую ад спакойнай». Тым ня менш не прыгадала, каб падобныя трагедыі тут здараліся раней.
«Для мяне, маёй сям’і і маіх знаёмцаў забойства дзіцяці стала шокам. Мінуў тыдзень, але мы ня можам супакоіцца. Здарэньне не ўкладаецца ў нашы галовы. Тут рознае бывае, але каб такое...» — ня здолеўшы стрымаць эмоцыяў, жанчына заплакала. Супакоіўшыся, дадала:
«Сям’я маладая. Бацьку 22 гады, а ягонай жонцы толькі 18. Яны самі яшчэ дзеці. Але як можна было забіць самае дарагое? Сьледзтва, вядома ж... Але жыцьцё ня вернеш, таму, па шчырасьці, матывы забойства мяне мала цікавяць».
«Ды такога раней не было ў горадзе», — сказаў мужчына пэнсійнага веку. Ён таксама жыве непадалёк ад дому, дзе забілі дзіця.
«Сьледзтва ўва ўсім разьбярэцца. Але мне думаецца, што ў бацькоў нешта з галавой не ў парадку. Можа, псыхіка была ненармальная. Але ў такім выпадку куды глядзелі службы апекі?», — сказаў суразмоўца.
Што да органаў сацыяльнай апекі, то, як удалося высьветліць, супрацоўнікам загадана праверыць і ўзмацніць кантроль над «нядобранадзейнымі» сем’ямі. Афіцыйнага камэнтара атрымаць не ўдалося.
Паводле Сьледчага камітэту, у сьмерці дзіцяці абвінавачваюцца бацькі, якіх раней прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Іх дзеяньні сьледзтвам кваліфікаваныя як забойства малалетняга з асаблівай жорсткасьцю. У сям’і затрыманых было двое дзетак. Старэйшага накіравалі ў прытулак.
Пра сьмерць дзіцяці 22-гадовы бацька паведаміў 30 лістапада. Васямнаццацігадовую маці раней вінавацілі ў распаўсюджваньні наркотыкаў. Судзілі, але пакаралі, не накіроўваючы ў калёнію.