Чэмпіянат, здаецца, быў ці не адзін з самых сумных за апошнія гады, што красамоўна засьведчыла апытаньне на сайце газэты «Прэсбол».
Хто стане першым, стала зразумела даволі рана, хто другім, хто трэцім — трошкі пазьней.
БАТЭ, «Шахтар» і менскае «Дынама» фінішавалі ў той самай чарговасьці, што і летась.
Інтрыга да апошняга жыла толькі ў сутарэньнях табліцы спаборніцтваў, было не зусім ясна, каму выпраўляцца ніжэй за дно.
Праваліліся ў пекла ніжэйшае лігі бабруйская «Белшына» ды мікашэвіцкі «Граніт».
Гісторыя «Белшыны», можна сказаць, павучальная, і нават дыдактычная, нагадвае сюжэт песьні пра Надзеньку з «Народнага альбому».
Спакушаны абяцанкамі расейскага спонсара, бабруйскі клюб марыў пра сьветлую й шчасьлівую будучыню, але... спачатку зьнік «красівы» спонсар, сьледам за ім — грошы, пасьля — настрой і натхненьне гульцоў, трэнераў і заўзятараў.
«І асталася бедна Надзенька, з чамаданам пустым у руках. Аблілась слязой, з тым пайшла дамой. Так прайшлі маладыя гада».
Другі дывізіён — самае месца, дзе варта паразважаць над зьменлівым лёсам і, самае галоўнае, ад чаго ён робіцца такім зьменлівым.
Увогуле, бадай адзіным і самым яркім выключэньнем сёлетняга турніру былі навічкі Вышэйшае лігі — менскія «Крумкачы» ды «Іслач» зь Менскага раёну, якія так ці інакш будзілі соннае царства нацыянальнага чэмпіянату.
Першыя прымусілі зьвярнуць на сябе ўвагу бадзёрым настроем, вясёлай гульнёй і нестандартным падыходам да пабудовы клюбнае гаспадаркі, дый увогуле сталіся адкрыцьцём гэтага сезону, асабліва ў першай палове, пасьля якой былі трэцімі.
Другія вызначыліся скандалам з дагаворнымі матчамі і эмацыйнымі трэнэрскімі сьпічамі на прэс-канфэрэнцыях.
Дый у гульнях паміж сабой навічкі трымалі высокі градус скандальнай цікавасьці да сябе.
«Крумкачы» закончылі чэмпіянат адзінаццатымі, па дарозе згубіўшы свайго трэнэра — Алега Дулуба (які прыняў заманлівую прапанову львоўскіх «Карпат») і патрапіўшы ў чорны сьпіс падатковай інспэкцыі, але не згубіўшы пры гэткіх абставінах пазытыўнага настрою.
«Іслач» апынулася на фінішы сёмай, але наступны сэзон пачне з сямібальным дэфіцытам, такое пакараньне атрымаў клюб за ўдзел у дагаворных матчах.
Цяжка сказаць, якім чынам і каго б прывабліваў нацыянальны чэмпіянат, калі б ня гэтыя навабранцы.
Невядома, што зь імі станецца ў наступным сэзоне, але вельмі хочацца верыць, што яны ня згубяць свайго неабыякавага настрою дый эмоцый там, дзе ўсе астатнія клюбы, падобна, загадзя ўладкаваліся кожны на сваім шастку й пазяхалі ад суму, прадказальнасьці й самоты.
Падобна на тое, што менавіта навічкі мелі тое, што робіць футбол гульнёй мільёнаў, яны мелі жарсьць да гульні, так ці інакш былі неабыякавымі на полі й па-за ім.
Футбол — гульня народная й беларускі футбольны турнір — як люстэрка, адбівае народныя настроі, дзе таксама пануе самота й абыякавасьць, але так хочацца новых эмоцый, новых герояў, новых падзей.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.