Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі няма роўнасьці ў дэмакратычных правах», — амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар


Заяву пра гатоўнасьць зьнізіць няроўнасьць на Магілёўшчыне падпісваюць намесьніца прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Алена Касько і намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Малашка
Заяву пра гатоўнасьць зьнізіць няроўнасьць на Магілёўшчыне падпісваюць намесьніца прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Алена Касько і намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Малашка

Магілёўскі аблвыканкам падпісаў дэклярацыю з Арганізацыяй Абʼяднаных Нацыяў пра гатоўнасьць зьнізіць няроўнасьць у грамадзтве.

Магілёўскі аблвыканкам падпісаў дэклярацыю з Арганізацыяй Абʼяднаных Нацыяў пра гатоўнасьць зьнізіць няроўнасьць у грамадзтве. Гэта адна з сямнаццаці мэтаў канцэпцыі ўстойлівага разьвіцьця. Яна прадугледжвае і ратаваньне людзей ад жабрацтва.

«Для зьмяншэньня няроўнасьці рэкамэндуецца палітыка, выбудаваная на прынцыпах усеагульнасьці, але з улікам патрабаваньняў абяздоленых і маргіналізаваных груп насельніцтва», — гаворыцца пра гэтую мэту на сайце ААН.

Чыноўнік магілёўскага аблвыканкаму: «Традыцыйна ўлада падтрымлівае ўразьлівыя слаі насельніцтва»

Падпісалі заяву намесьніца прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Алена Касько і намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Малашка. Падпісаньнем дакумэнту ў Магілёве стартавала кампанія «Інклюзіўная Беларусь».

У Беларусі ўразьлівыя слаі насельніцтва традыцыйна падтрымліваюцца дзяржавай, казаў у вітальнай прамове Валеры Малашка. Паводле яго, на Магілёўшчыне жыве больш за 60 тысяч інвалідаў.

«Для ўсіх даступныя ўстановы спорту, адукацыі, хоць мы разумеем, што дзеля зьмяншэньня няроўнасьці яшчэ шмат чаго давядзецца зрабіць, і дзяржаве ў тым ліку», — казаў ён.

Чыноўнік, аднак, не ўдакладніў, што канкрэтна робіцца дзеля пераадоленьня няроўнасьці ў грамадзтве.

Прадстаўніца ААН: Зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі трэба гаварыць пра іхнія праблемы

«Зь мясцовымі ўладамі і ўрадам мы сумесна прыкладзем намаганьні, каб няроўнасьць была пераможаная», — казала журналістам прадстаўніца аанаўскай структуры Алена Касько.

«Каб было створана грамадзтва роўных магчымасьцяў, дзе кожная ўразьлівая група (людзі з інваліднасьцю, мігранты, жанчыны, дзеці), усе, хто мае патрэбу, атрымаюць адрасную дапамогу, і на іх будзе сканцэнтравана дзейнасьць ААН і дзяржаўных структур», — казала яна.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, што трэба зрабіць, каб перамагчы няроўнасьць у Беларусі, прадстаўніца ААН сказала, што «спачатку трэба выразна разумець, якая няроўнасьць існуе і якія захады павінны быць зробленыя».

«Я думаю, што шмат пра якія рэчы мы ведаем, але нам яшчэ болей трэба ўцягваць уразьлівыя групы ў абмеркаваньне, у дыялёг, каб пачуць саміх людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, чым мы ім можам дапамагчы, каб яны не засталіся ззаду», — казала Алена Касько.

Амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар: Дэмакратычныя правы парушаюцца

У імпрэзе браў удзел і амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар. Паводле яго, у беларускім грамадзтве назіраецца меней няроўнасьці, чым на Захадзе.

У Беларусі, казаў ён журналісту Свабоды, розьніца між заможнымі і зьбяднелымі пластамі насельніцтва не такая вялікая, як у Эўропе.

«Калі ж гаварыць пра дэмакратычныя правы, дык тут ёсьць адрозьненьні», — сказаў дыплямат.

«Да прыкладу, у праве на дэманстрацыі. Таксама ў адносінах да сродкаў масавай інфармацыі вядзецца дужа строгая палітыка. Акрамя таго, правядзеньне выбараў выклікае ўвесь час пытаньні ў заходняга сьвету. Можна крытычна выказацца і пра тое, як будуецца тут прававая дзяржава — напрыклад, пра даступнасьць судоў», — сказаў Пэтэр Дэтмар.

Дыялёг аб правах чалавека і дэмакратызацыі зь беларускімі ўладамі не прыпыняецца

Ён не пагадзіўся, што краіны Эўразьвязу апошнім часам мала зьвяртаюць увагі на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з палітычных меркаваньняў.

«Дыялёг зь беларускім урадам на тэму дэмакратызацыі, правоў чалавека, прававой дзяржавы як за адчыненымі, гэтак і за зачыненымі дзьвярыма вядзецца і мае для нас вялікае значэньне. Трэба адзначыць, што нядаўна мы прынялі разам зь Беларусьсю праграму дзеяньняў па правах чалавека, і мы спадзяёмся, што гэтая праграма будзе рэалізоўвацца і прывядзе да пэўнага посьпеху», — казаў журналістам Пэтэр Дэтмар.

У сваім вітальным слове пра сытуацыю зь пераадоленьнем няроўнасьці ў Нямеччыне дыплямат паведаміў, што Бундэстаг абмяркоўвае закон «Аб падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі». Такіх людзей у Нямеччыне 10 мільёнаў.

«У законе ідзе гаворка ня толькі пра тое, каб стварыць для такіх людзей магчымасьці, каб яны маглі весьці годнае жыцьцё, але і пра тое, каб яны з самага дзяцінства знаходзіліся ў асяродзьдзі, якое ім дазваляе весьці паўнавартаснае жыцьцё», — падкрэсьліў дыплямат.

«Каб дзеці з абмежаванымі магчымасьцямі вучыліся ў звычайных школах зь іншымі дзецьмі. Каб людзі з абмежаванымі магчымасьцямі ўцягваліся ў працоўнае асяродзьдзе, — казаў ён. — Тут гаворка ня толькі пра стварэньне майстэрняў альбо вытворчасьцяў спэцыяльных для такіх людзей, але і пра тое, каб розныя прадпрыемствы, як прыватныя, гэтак і дзяржаўныя, мелі ў складзе свайго пэрсаналу пэўны працэнт такіх людзей з абмежаванымі магчымасьцямі».

Паводле Пэтэра Дэтмара, у МЗС Нямеччыны людзі з абмежаванымі магчымасьцямі таксама працуюць і маюць сваё прадстаўніцтва, якое бароніць іхныя інтарэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG