Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — нармандзкія перамовы пра Данбас: сьціплыя надзеі і скептыцызм


Сёньня ў Менску адбудзецца сустрэча так званай «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні міністраў замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Украіны ды Расеі ў пытаньнях разьвязаньня вайсковага канфлікту на Данбасе.

Ці наблізіць гэтая сустрэча мір ва Ўкраіне, асабліва калі ўлічваць, што абедзьве эўрапейскія краіны — Францыя і Нямеччына — уваходзяць у выбарчы працэс і ці зможа Ўкраіна дамагчыся максымальнай эфэктыўнасьці цяперашніх перамоваў?

З чым едуць у Менск

Кіеў анансаваў свой варыянт новай дарожнай мапы імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцяў. Але разам з тым даволі скептычна ацэньвае магчымасьць яе ўхваленьня, бо адчувае, што Расея іх не прымае.

Паўло Клімкін
Паўло Клімкін

«На гэтай сустрэчы я зьбіраюся зрабіць асноўныя акцэнты на пытаньні бясьпекі і пытаньнях гуманітарнага характару, у прыватнасьці вызваленьні нашых палітычных закладнікаў, забесьпячэньні доступу да іх міжнародных арганізацыяў, Чырвонага Крыжа. А таксама, вядома, я буду настойваць на нашым бачаньні дарожнай мапы, здольнай зрабіць рэальны прагрэс у сытуацыі», — паведаміў напярэдадні свайго візыту ў Менск міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін.

Кіеў, улічваючы цяперашнюю сытуацыю на Данбасе, выключае магчымасьць правядзеньня выбараў у органы самакіраваньня гэтага рэгіёну і прасоўвае ініцыятыву стварэньня ўзброенай місіі, якая дазволіла б забясьпечыць хаця б мінімальныя ўмовы для падрыхтоўкі выбарчага працэсу.

«Калі з Францыяй і Нямеччынай у нас ёсьць агульнае бачаньне дарожнай мапы ў ключавых момантах, то з Расеяй мы вельмі далёкія ад хаця б агульнага супольнага бачаньня. Я даволі скептычна стаўлюся да таго, што мы ў Менску дамовімся па асноўных пытаньнях гэтай дарожнай мапы», — дадаў міністар замежных спраў Украіны.

Апроч таго, сказаў Паўло Клімкін, з расейскага боку таксама няма разуменьня ў пытаньнях кантролю над украінскай часткай украінска-расейскай мяжы і вывядзеньня расейскіх войскаў з тэрыторыі Данбасу.

Нямеччына едзе ў Менск таксама са сьціплымі надзеямі. «У аўторак мала шанцаў на значны прагрэс у спыненьні баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Ні інтэнсіўныя папярэднія перамовы, ні дыскусіі апошніх месяцаў, ні публічныя заявы бакоў не даюць надзеі на сэнсацыйны прарыў», — паведаміла Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Франк-Вальтэр Штайнмаер
Франк-Вальтэр Штайнмаер

«Нават калі мы не дасягнем вялікага прарыву ў найбліжэйшы час, такія сустрэчы і перамовы проста неабходныя для таго, каб гарантаваць, што сытуацыя ня выйдзе з-пад кантролю. Нават калі гэта цяжка і прагрэс ідзе павольна, пакутліва павольна, мы не павінны адмаўляцца ад нашых намаганьняў у пакрокавым ажыцьцяўленьні менскіх пагадненьняў. Адвядзеньне войскаў мае быць працягнутае. Цяжкае ўзбраеньне, якое было адведзена, але потым перамешчанае на папярэднія пазыцыі, мае быць выведзеным назаўжды. Перш за ўсё, нам тэрмінова патрэбен прагрэс у гуманітарных і эканамічных пытаньнях. Я спадзяюся, мы будзем абмяркоўваць усё гэта ў аўторак. Спадзяюся, што нашыя расейскія і ўкраінскія калегі ўбачаць сытуацыю сапраўды гэтаксама, як мы», — заявіў міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Вынікаў ня будзе?

Яшчэ менш аптымістычна ацэньваюць пэрспэктыву сёньняшніх перамоў у нармандзкім фармаце ўкраінскія экспэрты.

Уладзімер Агрызка
Уладзімер Агрызка

«На жаль, вынікаў сапраўды ня будзе, таму цяпер выдаваць жаданае за рэальнае ня варта. Наагул немагчыма па азначэньні зрабіць гэты фармат перамоў больш эфэктыўным, бо ў іх бярэ ўдзел Расея», — такой думкай з Радыё Свабода падзяліўся колішні міністар замежных спраў Украіны Уладзімер Агрызка.

Экспэрт Цэнтру Разумкова ў пытаньнях вонкавай палітыкі і міжнароднай бясьпекі Міхаіл Пашкоў перакананы, што Ўкраіна мае максымальна выкарыстаць пэрыяд да інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і выбараў у Францыі і Нямеччыне, каб замацаваць свае перамоўныя пазыцыі ў рамках «нармандзкага» фармату.

«Трэба плённа выкарыстоўваць наступныя месяцы, таму што потым будзе складаней. Украіне таксама трэба рыхтавацца да таго, што на выбарах у Францыі ў любым выпадку пераможа кандыдат, які выступае за нармалізацыю стасункаў з Расеяй. Гэта азначае, што „нармандзкі“ фармат зьменіцца», — лічыць Міхаіл Пашкоў.

Пра падрыхтоўку новай дарожнай мапы ў нармандзкім фармаце дамовіліся ў кастрычніку. Але чаму гэты працэс так зацягваецца?

Андрэй Ермалаеў
Андрэй Ермалаеў

«Гэта можна называць і зацягваньнем, але толькі для тых, хто назірае за працэсам звонку. Для ўдзельнікаў гэта палітыка. Для Нямеччыны, для Францыі, якія шмат зрабілі, нават ахвяруючы сваёй рэпутацыяй, каб забясьпечыць і падтрымаць мірны працэс ва Ўкраіне, гэта аплявуха, паколькі іх лідэры ідуць на парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары не як пераможцы і аўтары міру ў Эўропе. Для афіцыйнага Кіева зацягваньне — гэта тактыка, якая здаецца разумнай і выгаднай — захаваньне статус-кво ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі, немагчымасьць дыялёгу, падрыхтоўка перамоваў пра Данбас, які не вяртаецца. Я гэта называю палітыкай «малой Украіны», — тлумачыць дырэктар Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў «Новая Ўкраіна» Андрэй Ермалаеў.

Украіна і Расея рознымі вачыма глядзяць на праблему

Непасрэдныя ж удзельнікі менскай трохбаковай кантактнай групы з украінскага боку вельмі спадзяюцца на рашэньні чарговай «нармандзкай» сустрэчы.

Леанід Кучма
Леанід Кучма

«Я маю надзею, што ў Менску зьбяруцца чатыры міністры і прымуць больш-менш такія рашэньні, якія будуць задавальняць украінскі бок. Бо мы, Украіна і Расея, рознымі вачыма глядзім на гэтую праблему. Наколькі ўдасца ўкраінскаму боку з дапамогай Нямеччыны і Францыі пераканаць расейскі бок, што іншага шляху няма? Бо я ня ведаю прыкладаў у сьвеце, дзе на акупаванай тэрыторыі праводзяць выбары», — сказаў напярэдадні, 28 лістапада, другі прэзыдэнт Украіны, прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Леанід Кучма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG