Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ласкавы і сьмешны». Непрытомная пасьля Масквы


Асноўнае пра падзеі 24 лістапада з сайту Свабоды.

Добры вечар! Беларускія прадпрыемствы «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба» накіравалі ў расейскую «Транснефть» паведамленьні пра падвышэньне цэнаў на транзыт расейскай нафты на 20,5% зь 1 студзеня 2017 году. Ясны знак, што цана на расейскую нафту на наступны год усё яшчэ не дамоўленая.

САЛАЎЁЎ НЕ БАІЦЦА ЛУКАШЭНКІ. Вядомы расейскі тэлепрапагандыст Уладзімір Салаўёў сказаў сёньня ў Менску, што «ў яго няма страху» перад Лукашэнкам, бо кіраўнік Беларусі – «ласкавы народны пэрсанаж», які «размаўляе сьмешна». Салаўёў прыехаў выступіць з творчым вечарам у вялікай канцэртнай залі Палацу Рэспублікі.

НАЙМАЛЬНІК ВЫРАШЫЎ ПАКІНУЦЬ. Лідзія Ярмошына застанецца на пасадзе старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пра гэта яна паведаміла пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Раней яна заяўляла, што можа пайсьці ў адстаўку, але рашэньне «залежаць ад плянаў наймальніка». Спадарыня Ярмошына паставіла своеасаблівы палітычны рэкорд на сваёй пасадзе, фармальна зацьвярджаючы чатыры выбары прэзыдэнта, пяць выбараў парлямэнту і два рэфэрэндумы, якія ні разу не прайшлі свабодна і дэмакратычна.

РАСЕЙСКІ ТОК-ШОЎ ЗАЕЎСЯ НА БЕЛАРУСАЎ. 24 лістапада на першым канале расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня паказалі ў жывым эфіры ток-шоў «Время покажет», у якім абмяркоўвалі, ці ня пойдзе Беларусь «украінскім шляхам». У якасьці пачатку тэмы зачыталі ўрыўкі з новай кнігі старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V-XV стст.». Трусаў кажа, што цытатаў, якія «прачыталі» падчас перадачы, у яго кнізе няма. Аўтарам перадачы ўдалося запрасіць беларускага гісторык Ніну Стужынскую. «Не магу апрытомнець, што называецца, Гэта быў проста жах» – сказала спадарыня Стужынская пасьля вяртаньня з Масквы ў Менск.

БЕЛАРУСЫ ТАКСАМА ПАВІННЫ ЎШАНАВАЦЬ ГЕТМАНА АСТРОСКАГА. У студзені ў Вільні, Варшаве і Кіеве адбудзецца прэзэнтацыя макету адноўленага надмагільнага помніка вялікаму гетману Літоўскаму Канстанціну Астроскаму. Пад яго кіраўніцтвам войскі ВКЛ здабылі 63 перамогі, у тым ліку — над Масковіяй у бітве пад Воршаю 8 верасьня 1514 году. Чаму да праекту не далучаныя беларуская дзяржава ды грамадзтва? Тлумачэньне тут.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG