21 лістапада ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы прайшла служба за спачын графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі таксама як Вешальнік і Людаед.
Маленьне адбылося з ініцыятывы навукова-асьветніцкага праекту «Заходняя Русь» і Брацтва ў гонар Архістратыга Міхаіла.
Кастуся Каліноўскага параўналі cа Сьцяпанам Бандэрам
Сярод прысутных на паніхідзе быў кіраўнік праекту «Заходняя Русь» Ігар Зелянкоўскі, вядомы як ідэоляг «русского мира». Ён аўтар шэрагу публікацыі, сярод якіх «Рано или поздно в Минске восстановят памятник Александру II», «Крым — это первый шаг...», «Основная идея — единение славян». У артыкуле «Граф Михаил Николаевич Муравьев. Записки его о мятеже в Северозападной России в 1863-1864 гг.» Ігар Зелянкоўскі піша:
«З вобразу Каліноўскага — гэтага неўраўнаважанага маладога чалавека, які не адыграў у тых падзеях асабліва выдатнай ролі, бальшавікамі быў прыдуманы вобраз героя-рэвалюцыянэра, які ў спадчыну перавандраваў і ў афіцыйны пантэон сучаснай Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, беларускія нацыяналісты, працягваючы канструяваньне „беларускага нацыянальнага героя“, вылепілі з польскага шляхціца Каліноўскага, аднаго з ідэолягаў тэрору супраць праваслаўных сьвятароў і сялян, нейкі беларускі аналяг Сьцяпана Бандэры, які стаў сёньня сымбалем барацьбы з „маскалямі“ і агульнарускай самасьвядомасьцю беларусаў».
Для кагосьці Мураўёў вешальнік, а для кагосьці — бацька
Апошні раз паніхіды па Міхаілу Мураўёву ў беларускіх цэрквах прайшлі ў 1916 годзе, а з 1917-га былі перапынены.
Як сказаў прысутным на службе протагерэй Віктар Белякоў, «гэтая традыцыя першапачаткова знайшла гарачы водгук з боку беларусаў, якія называлі Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва „бацькам“, ён быў аб’ектам пакланеньня беларускіх сялян, якія бачылі ў ім „заступніка“, сапраўднага вызваліцеля ад эканамічнага прыгнёту польскіх паноў».
Заслуга Мураўёва, на думку протагерэя, у тым, што «пры непасрэдным удзеле Мураўёва за кароткі тэрмін (з 1863-га па 1865 год) было пабудавана 98 цэркваў, адрамантавана — 126, перабудавана з касьцельных будынкаў — 16, пабудаваны 63 капліцы. Пры кожнай пабудаванай царкве была адкрытая прыходзкая школа. Пасьля адстаўкі графа Мураўёва, паводле вызначанага ім пляну былі пабудаваны яшчэ сотні сельскіх цэркваў, якія атрымалі ў народзе назву «мураўёўкі».
Граф Мураўёў заклаў трывалыя асновы духоўнай стойкасьці беларусаў, а парафіяльныя школы спрыялі зьяўленьню заходнерускай інтэлігенцыі і чынавенства з простага народу.
«Гэтым граф Мураўёў заклаў трывалыя асновы духоўнай стойкасьці беларусаў, а парафіяльныя школы спрыялі зьяўленьню заходнерускай інтэлігенцыі і чынавенства з простага народу».
Пра ролю графа Мураўёва ў нацыянальна-вызваленчым паўстаньні 1863-1864 гадоў прыхаджанам нічога не сказалі.
Прыхаджанка, якая была на літыі: «Я была зьбянтэжаная»
Сталая прыхаджанка храму менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы, якая прысутнічала на літыі 21 лістапада, адчула, што протагерэй Віктар Белякоў падчас службы ў гэты дзень «быў зьбянтэжаны»:
Было відаць, што ён выйшаў і гаварыў як чалавек, якому далі паперу і сказалі яе прачытаць. Нібыта ён не пагаджаўся з тым, што гаворыць. Альбо не разумеў, што кажа.
«Было відаць, што ён выйшаў і гаварыў як чалавек, якому далі паперу і сказалі яе прачытаць. Нібыта ён не пагаджаўся з тым, што гаворыць. Альбо не разумеў, што кажа. Зь іншага боку, ён чалавек, які ня вельмі добра разьбіраецца ў гісторыі Беларусі. Таму ён быў зьбянтэжаны. Сярод прыхаджанаў нейкай выразнай рэакцыі я не заўважыла. Але зразумела, што большасьць проста ня ведае, хто такі Міхаіл Мураўёў. Калі казаць пра маю рэакцыю, то мяне зьбянтэжыла тое, што ў нашай царкве служаць малебен за гэтага палітыка. Зь якой нагоды? Па-першае, ён не сьвяты. Па-другое, яго дзейнасьць вельмі спрэчная для мяне, асабліва ўлічваючы, што гэты чалавек задушыў вызвольнае паўстаньне Кастуся Каліноўскага».
БПЦ: гэта прыватная ініцыятыва
Як паведаміў Свабодзе старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протагерэй Сяргей Лепін, служба за спачын Міхаіла Мураўёва — гэта прыватная ініцыятыва храма і аб’яднаньня «Заходняя Русь»:
«Гэта прыватная кропкавая ініцыятыва. Ніякай агульнацаркоўнай праграмы ўшанаваньня памяці Міхаіла Мураўёва няма. Разам з тым мы ўхіляемся ад аднабокіх ацэнак дзейнасьці графа Мураўёва ці любога іншага дзеяча. Таксама ня трэба забываць, што, незалежна ад таго, як тую ці іншую гістарычную постаць ацэньваюць, Царква моліцца за ўсіх. Таму што мы заклікаем маліцца ня толькі за тых, каго мы лічым сябрам, але і за тых, каго лічым ворагам. Царква не адмаўляе ў малітве ні Мураўёву, ні яго праціўнікам».
Айцец Сяргей Лепін таксама адзначыў, што большасьць праваслаўных гісторыкаў называюць паўстаньне 1863-1864 гг. польскім і лічаць, што дзеяньні Мураўёва не былі горшымі, чым тое, што рабілі паўстанцы Кастуся Каліноўскага:
«Гісторыю трэба разглядаць з розных ракурсаў. Мураўёў задушыў паўстаньне на чале з Кастусём Каліноўскім, але разам з тым ён будаваў цэрквы, адкрываў школы, быў мэцэнатам, фінансаваў шматлікія гуманітарныя праекты, а таксама супрацьстаяў палянізацыі ў першую чаргу ў галіне адукацыі і дакумэнтазвароту. У той жа час сярод паўстанцаў 1863-1964 гг. былі сапраўдныя злачынцы, якія чынілі катаваньні, зьдзекі і гвалт».
Вешальнік і людаед не заслугоўвае малітваў у беларускіх цэрквах, — Сідарэвіч
Акрамя мянушак Вешальнік і Людаед, шырока вядомы дэвіз Мураўёва ў дачыненьні да русіфікацыі Беларусі — «Што не дарабіў расейскі штык, даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп». Гаворыць гісторык Анатоль Сідарэвіч:
«Калі мы паважаем сябе, шануем Беларусь і лічым сябе беларусамі, то павінна супрацьстаяць вяртаньню звычаю ладзіць паніхіды па Міхаілу Мураўёву. Так, была такая традыцыя, але яна існавала ў царскія часы. Няма чаго аднаўляць яе. Праваслаўная Царква ставіць у заслугу Мураўёву тое, што пры ім тут будавалі цэрквы. Няхай ня хлусяць. Цэрквы не будавалі, а перабудоўвалі касьцёлы і ўніяцкія храмы. Цэркваў у Беларусі была больш чым дастаткова для духоўных патрэбаў».
На думку гісторыка, асоба Мураўёва для беларусаў ня можа лічыцца спрэчнай — яна адназначна рэакцыйная:
«Вось кажуць, што пры Мураўёву вызвалілі ад прыгнёту польскіх паноў. Але ж гэта чыстая палітыка, трэба ж было народ на свой бок чымсьці завабліваць. А ўсё іншае — чыста рэакцыйная палітыка. Ён і ў Расеі не на самым лепшым рахунку быў сярод палітычных дзеячоў. Ён быў карупцыянерам, рукі ў яго былі брудныя. Адправіўшы на беларускія землі, яго выцягнулі з палітычнага нябыту і накіравалі рабіць крывавыя справы. Ня кожны б пагадзіўся на такое».
***
Міхаіл Мураўёў — расейскі вайсковец, дзяржаўны дзяяч, граф, генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю ў часы нацыянал-вызваленчага паўстаньня на чале з Кастусём Каліноўскім. У 1826 годзе Мураўёва прызначылі віцэ-губэрнатарам Віцебскай губэрні, пазьней, у 1828-м, губэрнатарам Магілёўскай, затым Гарадзенскай губэрні.
Падчас паўстаньня 1863-1864 гг. Мураўёў быў прызначаны генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.
Паўстаньне было задушанае. Тысячы людзей загінулі ў баях. Паводле прысудаў трыбуналаў пакаралі сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку Кастуся Каліноўскага), ад 2500 да 9423 чалавек, паводле розных падлікаў, было саслана ў Сыбір.