Бяльчук ня можа стаяць, ногі баляць
Паседжаньне пачалося. Судзіць Павал Главацкі.
На пачатку паседжаньня Мікалай Бяльчук заявіў, што ня можа стаяць, ногі не трымаюць.
У залю Мікалая Бяльчука ўвялі пад рукі два міліцыянты, Мікалай сказаў, што праз галадоўку ногі не трымаюць.
Міліцянт не дазволіў зрабіць якаснае фота Мікалая Бяльчука. На суд прыйшлі некалькі дзясяткаў чал. Мікалай схуднелы… https://t.co/QXaWgVwCvS
— Радыё Свабода (@svaboda) 23.11.2016
Бяльчук цалкам не прызнае віны
Зачытваюць абвінавачваньне падсуднаму — нібыта ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні міліцыянту Сяргею Неліповічу.
"Бяльчук учыніў гвалт у дачыненьні да міліцыянта",— заявіла пракурор. Бяльчук віну не прызнае ў поўным аб’ёме.
Пацярпелы міліцыянт тлумачыць, як яго пабілі
Пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч кажа, што 9 траўня 2014 году выехаў у вёску Страдзеч для складаньня пратаколу на кіроўцу самаробнага трактара.
Падсудны ўкусіў міліцыянта
Пацярпелы Сяргей Неліповіч кажа, што ў часе канфлікту Мікалай Бяльчук укусіў яго за руку. Міліцыянт кажа, што ў дачыненьні да Мікалая фізычную сілу не ўжываў, толькі прыціснуў да плоту яго брата, Аляксандра Бельчука.
Судзьдзя ня ведае закону
Судзьдзя зрабіў заўвагу журналістам, што яны без хадайніцтва вядуць аўдыёзапіс. Журналісты запярэчылі, што гэта не забаронена, судзьдзя аўдыёзапіс дазволіў.
Сяргей Неліповіч кажа, што Мікалай імкнуўся вызваліць брата Аляксандра, якога трымаў міліцыянт, але калі ў яго гэта не атрымалася, Мікалай міліцыянта ўкусіў.
Бакі паспрачаліся, падсудны кажа, што не кусаў міліцыянта
Супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч кажа, што правапарушэньне — рух на самаробным трактары — ня мела вялікай грамадзкай небясьпекі, ён меркаваў проста скласьці адміністрацыйны пратакол.
Мікалай Бяльчук сказаў, што Неліповіч хлусіць, бо ён, маўляў, меркаваў забіраць трактар. Няпраўда і тое, кажа, Мікалай Бяльчук, што ён кусаў міліцыянта.
Адвакатка заявіла пра супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага
Адвакатка Мікалая Бельчука кажа, што ёсьць супярэчнасьці ў паказаньнях Сяргея Неліповіча. Яна запыталася, чаму міліцыянт не захацеў распачынаць адміністрацыйны працэс, складаючы пратакол агляду трактара пасьля таго, як Бельчукі не захацелі зь ім размаўляць. Міліцыянт адказаў, што меркаваў разабрацца ў сытуацыі з трактарам Бельчукоў. Ён кажа, што прыехаў у Страдзеч паводле інфармацыі ўчастковага, які распавёў яму, што гэты незарэгістраваны трактар рухаўся па вёсцы.
Супрацоўніка ДАІ ўдарылі 5 разоў
Адвакатка пытаецца, чаму міліцыянт не адыйшоў пасьля першага ўдару, каб выклікаць дапамогу, а дапусьціў, што яго ўдарылі пяць разоў. Неліповіч кажа, што ў той момант калі яго білі, ён сьцягваў з трактара Аляксандра Бельчука, брата Мікалая.
Пацярпелы ня хоча мірыцца
На пытаньне адвакаткі аб магчымасьці прымірэньня з падсудным Неліповіч адказаў, што «лічыць гэта сьмешным».
Неліповіч: «Ну як я магу прабачыць? Чалавек, які не прызнае сваёй віны... Ну гэта ж няправільна».
Бяльчук: я не вінаваты
Мікалай Бяльчук: «Мяне прабачаць ня трэба, мяне няма за што прабачаць, я ні ў чым невінаваты».
Допыт пацярпелага скончыўся. Пачалі дапытваць падсуднага Мікалая Бельчука.
Міліцыянт хадзіў і пасьміхаўся
Мікалай Бяльчук распавёў, што 9 траўня 2014 году супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч зьбіраўся забіраць іх самаробны трактар, які стаяў у двары. Мікалай распавядае, што міліцыянт абурыўся, калі яго брат Аляксандар зьвярнуўся да даішніка на «ты», пасьля чаго міліцыянт схапіў Аляксандра, а Мікалай спрабаваў іх разьняць.
У выніку, кажа Мікалай, міліцыянты яму накінулі кайданкі і «закінулі» ў УАЗ. Адтуль, кажа Мікалай, ён бачыў, што на Неліповічы не было ніякай крыві, а ён, маўляў, хадзіў ды ўсьміхаўся.
Трактар працаваў толькі ў цяпліцы
Мікалай абверг словы міліцыянта, што іх самаробны незарэгістраваны трактар рухаўся па вёсцы. Ён кажа, што ў Страдзеч яго ўвогуле даставілі на паўпрычэпе, а выкарыстоўвалі трактар выключна для працы ў цяпліцах, дзе ня можа праехаць вялікі трактар.
Допыт скончыўся. Падсуднаму стала блага
Скончылі дапытваць Мікалая Бельчука. Ён папрасіўся прысесьці з лавы на кукішкі на падлогу, спаслаўшыся, што яму блага. Судзьдзя дазволіў.
Пачаўся допыт сьведкі Аляксандра Сідарука — участковага міліцыянта Берасьцейскага РАУС.
Участковы бачыў кроў
Участковы Аляксандар Сідарук распавёў, што яму патэлефанаваў пацярпелы супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч, які папрасіў аказаць дапамогу. Пасьля чаго ўчастковы прыехаў і пабачыў, што пацярпелы рукой утрымліваў Аляксандра Бельчука каля плоту. Участковы кажа, што бачыў кроў на Сяргеі Неліповічы. Аляксандар Сідарук распавёў, што на момант прыезду на месца здарэньня ён ня бачыў там падсуднага Мікалая Бельчука.
Участковы кажа, што пытаўся тады ў Неліповіча, чаму ён не ўжываў табэльную зброю, каб бараніцца.
Участковы Сідарук сказаў, што на момант яго прыезду ў пацярпелага супрацоўніка ДАІ Неліповіча быў адарваны пагон. На пытаньне падсуднага Мікалая Бельчука, участковы сказаў, што бачыў пакусаную руку Неліповіча, бо даішнік яму паказваў.
Падсудны Бяльчук запытаўся, як гэта экспэртыза ня выявіла на вопратцы пацярпелага крыві, калі яна была. Участковы адказаў, што ня ведае.
Бяльчук запытаўся, ці круціў яму ўчастковы руку, каб апрануць кайданкі. Участковы сказаў, што кайданкі ня ён апранаў. Бяльчук упікнуў міліцыянта, што на яго просьбу ён яму не даваў вады, калі падсудны знаходзіўся ў міліцэйскай машыне. Участковы сказаў, што ня памятае праз два гады, хацеў ці не хацеў ён даць вады Мікалаю Бяльчуку.
Адвакатка запыталася ва ўчастковага, чаму ён ня выклікаў Неліповічу хуткую дапамогу, калі пабачыў кроў. Участковы адказаў, што ня бачыў пагрозы здароўю Неліповіча. Адвакатка заўважыла, што два гады таму Сідарук у сваіх сьвежых паказаньнях не казаў нічога пра пакусаную руку Неліповіча.
Сідарук: "Я не імкнуся чытаць у інтэрнэце, што пра мяне пішуць".
Адвакатка: "А я спасылаюся на вашыя мінулыя паказаньні".