Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады адмовіліся ад „карты беларуса“, бо баяцца поўнага фіяска»


Адкрыцьцё польскага візавага цэнтру ў Менску
Адкрыцьцё польскага візавага цэнтру ў Менску

Чаму дагэтуль няма «карты беларуса» і што яе ўвядзеньне магло б зьмяніць.

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Карней

Гурневіч: Некалькі гадоў таму ў Польшчы ўвялі «Карту паляка» — дакумэнт, які дае вельмі шмат ільготаў на тэрыторыі гэтай краіны. Гэта і праезд са зьніжкамі, і карыстаньне мэдычнымі паслугамі, і доступ да польскага рынку працы. Гэта і бясплатная віза. Канешне, гэты дакумэнт у Беларусі быў успрыняты ў штыкі. Бо вядома, што любы дакумэнт іншай дзяржавы — гэта ўсё ж такі першы выклік для грамадзяніна, што ён можа стаць у пэўны час неляяльным. Альбо што тая дзяржава, якая выдае такі дакумэнт, можа праз пэўны час заявіць, як у Крыме — вось людзі маюць нашы дакумэнты, яны сябе лічаць палякамі, давайце далучым частку Беларусі, напрыклад, Гарадзенскую вобласьць, да Польшчы.


Але праблема ня ў гэтым. А ў тым, чаму Беларусь ня можа ўвесьці такі дакумэнт таксама для беларусаў за мяжой. Іх, паводле некаторых падлікаў, там 3,5 мільёны. Для Беларусі гэта пытаньне прэстыжу і іміджу. Ну, відаць, ёй гэты прэстыж і імідж непатрэбныя. Можна павысіць сваю вядомасьць, прапануючы такі дакумэнт людзям, карані якіх зь Беларусі, а такіх людзей вельмі шмат. Гэта таксама і падтрымка дыяспараў. Ва Ўкраіне, Латвіі, Літве, Польшчы набярэцца пад мільён. Яны маглі б таксама атрымаць зьніжкі на навучаньне, напрыклад, у беларускіх ВНУ, бясплатныя візы. Беларусы зь Беластоку, Вільні павінныя чакаць у чэргах, як грамадзяне іншых краін, каб атрымаць візу ў краіну, дзе нарадзіліся іх бацькі, зь якой яны сябе атаясамліваюць. Калі ў Беларусь прыяжджаюць студэнты з розных азіяцкіх краін, чаму б не запрашаць у такім жа аб’ёме сваіх людзей?

Беларусаў за мяжой, паводле некаторых падлікаў, 3,5 мільёны.

Канешне, пытаньне тут у эканоміцы. Беларусь ня ў стане аплаціць такія рэчы, і, як наступства, яна мае тое, што ўсё менш людзей па-за Беларусьсю хочуць атаясамліваць сябе зь Беларусьсю. Яны хочуць у Польшчы быць палякамі, у Літве — літоўцамі. Гэта натуральны працэс, таму што яны ня бачаць, што мэтраполіі яны патрэбныя.

Былі такія галасы, што калі б у 90-х гадах Беларусь больш пачала б клапаціцца пра сваіх суайчыньнікаў, яны б не запісваліся масава палякамі ці літоўцамі. Беларускай дзяржаве яны непатрэбныя. Гэта вялікая трагедыя. Акрамя таго, што гэта страта іміджу дзяржавы, гэта страта і працоўнай сілы, цікавых людзей, якія маглі б прыносіць грошы ўласнай дзяржаве. Колькі людзей у Сіліконавай даліне маюць беларускае паходжаньне, працуюць там! Гэта была б інвэстыцыя ў будучыню, у сваю дзяржаву. Беларуская ўлада ж проста ня думае так шырока, наперад. Насамрэч гэта вялікая інвэстыцыя, якая б аплацілася вельмі хутка. І прыклад суседзяў на Захадзе, дзе нават прэзыдэнты прыяжджалі кіраваць з-за мяжы, гэта пацьвярджае.

Карней: Сытуацыя склалася такім чынам, што сёньня дзяржаве не патрэбная дыяспара, а беларусаў замежжа не цікавіць мэтраполія. Як кажуць, кола замкнулася — кожны выжывае сам па сабе.

Справа ў тым, што бальшыня беларусаў у розных пакаленьнях зьяжджалі з радзімы не ад добрага жыцьця — нехта з палітычных прычынаў, нехта з эканамічных, нехта паехаў вучыцца ды за мяжой і застаўся. Адпаведна, настрой да ўладаў збольшага крытычны. У сваю чаргу, вышэйшае кіраўніцтва ня мае імпэту падтрымліваць тых, хто апрыёры неляяльны. Як вынік, закон «Аб беларусах замежжа», на які ўскладалі спадзеў і які ў нейкім сэнсе мусіў стаць правобразам «карты беларуса», так і не запрацаваў.

Закон «Аб беларусах замежжа», на які ўскладалі спадзеў і які ў нейкім сэнсе мусіў стаць правобразам «карты беларуса», так і не запрацаваў.

Хоць ігнараваць шматлікіх суайчыньнікаў няправільна ні з маральнага, ні з практычнага гледзішча — усё ж гаворка пра мільёны людзей, а з улікам другога-трэцяга пакаленьня лічба можа быць супастаўная з паловай насельніцтва Беларусі.

Яшчэ адна прычына прабуксоўкі — адсутнасьць усялякага жаданьня марнаваць грошы на «незразумелыя рэчы». Хоць насамрэч дывідэнды ад павароту тварам да землякоў могуць быць нашмат большыя. Як па мне, дастаткова перадаць гэтае пытаньне ў кампэтэнцыю дасьведчаных асобаў, і ўсё магло вельмі хутка зрушыцца зь мёртвай кропкі.

Таго ж Алега Рудакова з расейскага Іркуцку можна хоць сёньня прызначаць, умоўна кажучы, ганаровым консулам усіх беларусаў замежжа з функцыяй зьбіральніка этнічнага генафонду. Чалавек за два дзясяткі гадоў здолеў аб’яднаць дзясяткі тысяч этнічных землякоў пад дахам Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Чэрскага, а па сутнасьці, вярнуць ім беларускія карані.

Не сакрэт, што беларусы як, мабыць, ніхто ў сьвеце раствараюцца ў новых рэаліях, хутка забываючыся пра сваё паходжаньне. Рудакоў у сваім рэгіёне ня толькі расплюшчыў ім вочы, але стварыў нацыянальны асяродак, які па па сваёй сутнасьці, не пабаюся сьцьвярджаць, значна больш аўтэнтычны, чым у самой Беларусі. А працаваць ёсьць з кім — у Сыбіры за апошнія 100 гадоў атабарылася блізу 1 мільёна чалавек, ад сталыпінскіх перасяленцаў да сталінскіх «ворагаў народу». Цяпер сваю беларускасьць падкрэсьліваюць людзі ў вэртыкалі ўлады, бізнэсоўцы, прадстаўнікі сфэры культуры. Ня так даўно ў горадзе запрацавала нават кавярня «Беларуская глеба». Рэальны прыклад таго, як зрабіць грамадзкі інтарэс найвышэйшай мэтай сваёй дзейнасьці.

Беларусы як, мабыць, ніхто ў сьвеце раствараюцца ў новых рэаліях, хутка забываючыся пра сваё паходжаньне.

На постсавецкай прасторы ёсьць прыклады ўдалай супрацы з дыяспарай. Адзін зь іх, пра які ведаю рэальна — «Рэпат Армэнія». Гэта праграма рэпатрыяцыі, якая запрашае на гістарычную радзіму армян з-за мяжы. Перадусім ствараецца базавая плятформа для людзей, каб тыя паступова «сасьпявалі» з прыняцьцем няпростага жыцьцёвага рашэньня. Так, там няма такой дапамогі, як гэта робіць ізраільская дзяржава, забясьпечваючы фінансавы і фізычны падмурак. Перадусім падтрымліваюць маральна, даюць адказы на элемэнтарныя пытаньні ахвотным вярнуцца. Дык вось: дзякуючы праграме рэпатрыяцыі зь Беларусі ў Армэнію ўжо зьехалі маладыя і таленавітыя спэцыялісты, якія ў пэрспэктыве здольныя нешта зьмяніць у маштабе гістарычнай радзімы. Беларусь, дарэчы, за іх нават не змагалася.

На жаль, цяперашняя палітыка беларускай дзяржавы спрыяе толькі ўцёкам, але ніяк не прытоку — ніхто ня хоча ехаць у краіну, якая замарозілася ў сваім разьвіцьці.

Красамоўны факт: увесну з Алегам Рудаковым у Менску з кулінарнай місіяй была Марына Новакрашчонава — жонка «ахрышчанага» у беларусы Сяргея Глебца, гаспадара кавярні «Беларуская глеба».

Літаральна дня ў беларускай сталіцы ёй хапіла, каб вымавіць: «Я забылася, што існуе пах „саўка“, а зайшла ў менскі ЦУМ і вярнулася на 40 гадоў таму». І гэта жыхарка не «пантовай» Масквы ці патаснага Піцера, а заштатнага Іркуцку.

Рэаліі такія, што пры Лукашэнку, які не стамляецца настальгаваць па слаўным савецкім мінулым, у сьветлую будучыню дзяржавы ня вераць нават самыя непапраўныя аптымісты. У тым ліку за яе межамі.

Ракіцкі: Я ня веру ў карту беларуса сёньня. Думаю, што і беларускія ўлады разумеюць марнасьць і авантурнасьць такой задумы. Будзе шмат высілкаў, а вынік ніякі. Хіба што стане карта беларуса маральнай паразай улады. Колькасьць атрыманых пакажа, што сучасная Беларусь ня ёсьць прывабнай, бо зьяўляецца краінай несвабоднай, недэмакратычнай, незаможнай. Малапэрспэктыўнай.

Чаму шмат беларусаў кінулася па карту паляка? Таму што паводле ўсіх гэтых вымярэньняў Польшча больш прывабная і пэрспэктыўная. І карта паляка дае ім нямала ільготаў у свабоднай і пэрспэктыўнай краіне.
Я ня веру ў магчымасьць ажыцьцяўленьня гэтай ідэі і таму, што ў сучасным сьвеце няма даверу да Беларусі ўвогуле. Ня вераць у сучасную Беларусь і беларусы.

Карта беларуса стала б маральнай паразай улады. Колькасьць атрыманых пакажа, што сучасная Беларусь ня ёсьць прывабнай, бо зьяўляецца краінай несвабоднай, недэмакратычнай, незаможнай. Малапэрспэктыўнай.

Памятаецца, як мая цётка, якая прайшла сталінскія лягеры і з арміяй Андэрса апынулася ў Англіі, баялася прыехаць у Беларусь нават ужо пасьля здабыцьця краінай незалежнасьці. Яна ўсё пыталася, ці не арыштуюць яе, ці можа яна свабодна перамяшчацца. Так, тая пасьляваенная эміграцыя ў бальшыні сваёй пакінула гэты сьвет, але ж яе досьвед жыцьця ў сталінскай Беларусі перадаўся іх нашчадкам.

Нэгатыўны вобраз Беларусі захоўваецца ў заходняй прэсе і сёньня. А як інакш, калі ў Беларусі існуюць розныя лініі Сталіна, стаяць паўсюль помнікі Леніну, Дзяржынскаму і іншым катам? Заходняму чалавеку, народжанаму і выхаванаму ў дэмакратычным сьвеце, цяжка ўсьвядоміць, як можна людзей судзіць, кідаць у турмы, штрафаваць за пікеты і мітынгі, як можа не існаваць свабодная прэса і шэраг іншага. Не разумее беларуская дыяспара, якая паміж сабой кантактуе на роднай мове, чаму на іхнай гістарычнай бацькаўшчыне гавораць на замежнай мове — расейскай, адукацыю атрымліваюць таксама на ёй. Такі рэжым, які ня тое, што не разьвівае нацыянальную культуру, а зьнішчае яе, беларуская дыяспара ня будзе фінансаваць ці рабіць іншыя высілкі — удзельнічаць ва ўмацаваньні таталітарнай і не нацыянальнай дзяржавы. Зрэшты, калі Беларусь здабыла незалежнасьць, Рада Беларускай народнай рэспублікі не аддала пячатку тагачаснаму міністру замежных спраў Пятру Краўчанку, не паверыла. Час паказаў, што правільна зрабіла.

Ня вераць на Захадзе і ў беларускую эканамічную мадэль, у недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці, у беларускі рынак, дзе камандуе дзяржава. У сьвеце шмат бізнэс-акулаў, якія пры першай жа магчымасьці выгадна ўкласьці свае капіталы ў эканоміку іншай краіны, робяць гэта. І, як мы бачым, не сьпяшаюцца ўкладваць інвэстыцыі ў эканоміку Беларусі з прычыны ненайлепшага інвэстыцыйнага клімату. Дык калі вялікі капітал не сьпяшаецца ўкладваць сюды грошы, чаму гэта павінны рабіць меней багатыя беларусы? Сьвет прагматычны. Зрэшты, ні прагматыкам, ні рамантыкам сучасная беларуская ўлада нічога даць ня можа.

Карта беларуса, паводле аналёгіі з польскай, мелася б даваць пэўныя ільготы. Але калі краіна непрывабная для жыцьця і бізнэсу, ільготамі хіба што патэнцыйны ўладальнік карты беларуса скарыстаецца,
як кажуць, аднаразова, будучы турыстам. На навучаньне? Але ж не вялікі прэстыж беларускіх унівэрсытэтаў, дыплёмы іх не прызнаюцца ў цывілізаваным сьвеце.

Я перакананы, што ня кінуцца ў беларускія консульствы, каб заняць чаргу па карту беларуса, і эмігранты найноўшага часу, апошніх дваццаці гадоў. Не дзеля таго яны зьяжджалі з краіны, каб зноў у яе, дзе нічога прынцыпова да лепшага не зьмянілася, вярнуцца. Вяртаньне стане магчымым тады, калі Беларусь цьвёрда стане на ногі як дэмакратычная краіна, дзе шануюцца свабоды, дзе паважаецца годнасьць чалавека, дзе разьвіваецца вольны рынак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG