Пра гэта паведаміў старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які браў удзел у сустрэчы дэлегацыі Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады Эўрапейскага зьвязу з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў 21 лістапада ў Менску.
«Акрамя таго, яны заявілі ўладам пра неабходнасьць і важнасьці рэгістрацыі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый і рэабілітацыі палітзьняволеных», — цытуе БелаПАН Лябедзьку.
Таксама Лябедзька назваў важнай рэмарку кіраўніка дэлегацыі, старшыні камітэту Вальтэра Стывэнса:
«Мы не наіўныя і не сьляпыя, мы дакладна сабе ўяўляем сытуацыю ў Беларусі, але магчымасьць прыехаць, размаўляць з людзьмі, якія прымаюць рашэньні, вельмі важная».
У фэйсбуку Лябедзька напісаў, што у партфэлi эўрапейцаў апроч рэформы выбарчага заканадаўства, таксама пытаньне рэгiстрацыі палiтычных, грамадзкiх арганiзацый і аднаўленьня ў правах палiтычных вязьняў.
У сустрэчы бралі ўдзел таксама Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Алена Анісім, Ганна Канапацкая, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Тацяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Ірына Вештард.
Cёньня з дэлегацыяй сустрэўся таксама кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Падчас сустрэчы з Лукашэнкам старшыня Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады ЭЗ Уолтар Стывэнс заявіў, што краіны Эўразьвязу хочуць адкрыць новую старонку ў стасунках зь Беларусьсю, паведамляе БелТА.
Паводле Стывэнса, амбасадары вітаюць пазытыўныя тэндэнцыі ў разьвіцьці дачыненьняў ЭЗ зь Беларусьсю.
«Мы цэнім тое, што Беларусь прыняла каля 200 тысяч украінскіх мігрантаў і ўцекачоў. Лічым, што поўная рэалізацыя менскіх пагадненьняў зьяўляецца ключавой умовай для нармалізацыі сытуацыі ва Украіне», — дадаў ён.
Падчас сустрэчы Лукашэнка адзначыў пазытыўныя зьмены ў беларуска-эўрапейскіх стасунках.
Камітэт палітыкі і бясьпекі складаецца з паслоў краін ЭЗ, якія працуюць у Брусэлі. Гэта пастаянная структура Рады Эўразьвязу. Яго задача — сачыць за разьвіцьцём міжнароднай сытуацыі ў сфэрах, на якія распаўсюджваецца агульная зьнешняя палітыка і палітыка бясьпекі ЭЗ, і інфармаваць Раду Эўразьвязу. Камітэт адыгрывае ключавую ролю ў палітычным дыялёгу ЭЗ.