У гэтым паселішчы творца правёў дзяцінства і ўпадабаўшы яго абраў псэўданім — Зарэцкі. У беларускай літаратуры пісьменьнік больш вядомы пад гэтым імем. Забілі пісьменьніка ў часы сталінскіх рэпрэсіяў у 1937 годзе.
Ініцыятар вандроўкі ў Зарэчча краязнаўца Аляксандар Грудзіна адзначае, што для Шклова постаць Міхася Зарэцкага знакавая. Тут, кажа ён, Касянкоў адчуў у сябе здольнасьць пісаць для людзей і псэўданім абраў з назвай шклоўскага прадмесьця.
«Ён адзін з тых беларускіх пісьменьнікаў, які загінуў у 1937 годзе, калі адбываліся жудасныя рэпрэсіі. У Шклове пра Зарэцкага мала хто ведае. У мясцовай тапаніміцы нідзе ня згадваецца яго імя. Вуліц названых у яго гонар няма. Было б няблага назваць яго імем бібліятэку ў Зарэччы», — казаў Аляксандар Грудзіна каля пляцоўкі, на якой стаяла праваслаўная царква Сьвятой Тройцы.
На тройцу, дадаў краязнаўца, у Зарэччы ладзіліся раней кірмашы. Жыла ў паселішчы немалая габрэйская грамада. У вайны фашысты габрэяў пастралялі. Пра габрэйскае мінулае вёскі цяпер нагадваюць арыгінальнай пабудовы хаты.
Да сёлетніх угодкаў Міхася Зарэцкага ТБМ зьвярнулася ў райвыканкам з прапановаю назваць адну з вуліц райцэнтру і бібліятэку імем літаратара. Мінуў аднак тыдзень, але адказу на ініцыятыву актывістаў чыноўнікі не далі.
У 2013 годзе, калі да райцэнтру далучылі вёску Зарэчча, мясцовыя ТБМаўцы прапаноўвалі чыноўнікам назваць адну з вуліц у паселішчы імем Зарэцкага. Гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Без увагі засталася прапанова рупліўцаў беларушчыны яшчэ раней адзначыць стогадовы юбілей пісьменьніка.
«Было б добра ўсталяваць на месцы, дзе стаяла царква, памятны знак з надпісам пра сьвятыню і згадку, што ў ёй служыў псаломшчыкам бацька будучага пісьменьніка, — працягваў краязнаўца. — Бацька Касянкова быў адукаваным чалавекам і моцна паўплываў на сына, які абраў шлях беларускага пісьменьніцтва».
На месцы, дзе была царква, цяпер стаянка тэхнікі. Адна з жыхарак Зарэчча прыгадала, як яе тата фарбаваў купалы сьвятыні. Паводле жанчыны старажылы дагэтуль называюць цьвінтаром зарачанскае царковішча. Побач з царквой былі пахаваныя сьвятары. Калі сьвятыню зьнішчылі, прыцаркоўныя могілкі не краналі. Ад іх не засталося ні знаку.
Царкву пабурылі ў 1960-х гадах. Бярвеньне скарысталі на сельскагаспадарчыя аб’екты. Што засталося расьцягнулі мясцовыя жыхары.
У бібліятэку на Зарэччы патрапіць не ўдалося. Яна была зачыненай. Вуліца, на якой месьціцца чытальня, называецца Кляновай.