Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.
На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.

Суд над 11 ашмянскімі мытнікамі. Хроніка першага дня

абноўлена

У судзе Партызанскага раёну Менску 18 лістапада пачаўся суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

У Партызанскім судзе сталіцы 18 лістапада пачаўся працэс над 11 супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў вялікім памеры ў складзе арганізаванай групоўкі.

Цягам першага дня працэсу зачытвалася абвінаваўчае заключэньне, у якім фігуруюць больш за 50 мытнікаў.

Паводле сьледзтва, агулам за 5 гадоў злачыннай дзейнасьці яны атрымалі хабару на 850 тысяч даляраў. Але ня ў роўных частках: кіраўнікі мытні — па некалькі дзясяткаў тысяч даляраў хабару, шарагоўцы — па некалькі тысяч.

Ня ўсе з абвінавачаных прызналі сваю віну. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе мяркуюць, што 6 мытнікаў, якія не знаходзяцца пад вартай, часткова ці цалкам прызнаюць віну, а 5 падсудных, якія знаходзяцца пад вартай, адмаўляюцца, што атрымлівалі хабар.

Гэтак, не прызнаюць віны мытнікі Алесь Юркойць і Тадэвуш Высоцкі. Але ў судзе яшчэ не дапытвалі падсудных, і стаўленьне ўсіх мытнікаў да абвінавачаньня стане вядомым толькі на наступным тыдні.

Адначасова праходзяць працэсы над ашмянскімі мытнікамі таксама ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім раённых і Менскім абласным судзе.

11:22 18.11.2016

Пачалося судовае сьледзтва

Пракурор пачаў зачытваць абвінавачваньне з мытніка А. Лапейкі. Паводле сьледзтва, Лапейка нібыта ўваходзіў у склад злачыннай групы з 2010 па 2015 год, за грашовае ўзнагароджаньне прапускаў транспарт з грузам без адпаведнага афармленьня праз мытны пераход «Каменны лог».

Узгадваецца эпізод з транспартам з кветкамі зь Літвы (ці ў Літву). Называюцца таксама як саўдзельнікі Высоцкі ды іншыя, якіх няма ў гэтай справе.

11:12 18.11.2016

Ня ўсіх зьмясьцілі ў клетку

Ідзе апытаньне падсудных: дадзеныя, зь якога часу былі затрыманыя, калі атрымалі копію абвінавачаньня... Гэта звычайная працэдура, якая тут расьцягнулася ўжо на 10 хвілінаў, бо падсудных 11 чалавек. Высьветлілася, што 6 зь іх знаходзяцца не ў жалезнай клетцы, а ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.

Алесь Юркойць установачныя дадзеныя паведаміў па-беларуску.

Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

10:09 18.11.2016

Пачатак суду затрымліваецца, сказала сакратарка, на хвілінаў 10-15 праз спазьненьне двух абаронцаў.

09:59 18.11.2016

На працэс прыйшла жонка Алеся Юркойця Ганна Юркойць.

XS
SM
MD
LG