Літва адключыла трансьляцыю расейскага дзяржаўнага тэлеканалу пасьля таго, як па ім прагучалі выказваньні расейскага палітыка Ўладзіміра Жырыноўскага, якія былі расцэненыя «як падбухторваньне да вайны, разладу і нянавісьці».
Указам ад 16 лістапада камісія ў справах радыё і тэлебачаньня Літвы прыпыніла на чатыры месяцы трансьляцыю «РТР Планета», міжнароднай службы Расейскай дзяржаўнай тэлекампаніі ВГТРК.
Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Ўладзімір Жырыноўскі заявіў на гэтым канале, што калі войскі ЗША падыдуць да межаў Расеі, «яны згараць разам з экіпажам».
Ужо не ўпершыню Літва прыпыняе трансьляцыю каналу ў сувязі з ростам уплыву расейскай дзяржаўнай прапаганды на расейскамоўнае насельніцтва ў Балтыйскім рэгіёне. У Літве толькі 6 адсоткаў насельніцтва — этнічныя расейцы. Гэта найменшая лічба для трох краінаў Балтыі.