Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд падазрае Беларусь у пастаўках санкцыйных таматаў і груш


У зьвязку з рэзкім павелічэньнем паставак таматаў і груш з Беларусі ў Расею Рассельгаснагляд правядзе адмысловую праверку.

Як паведамляецца на сайце Рассельгаснагляду, пасьля ўвядзеньня расейскім бокам санкцый супраць шэрагу заходніх краін, «Беларусь ператварылася ў буйнога экспартэра і рэ-экспартэра многіх відаў харчовай прадукцыі, уключаючы таматы і грушы».

Рассельгаснагляд зьвярнуўся ў амбасады Расеі ў Аўганістане, Бэніне, Буркіна-Фасо, Гвінэі, Кот-дʼІвуары, Лібане, Малі, Сырыі і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Яны павінны дапамагчы атрымаць інфармацыю «пра сапраўдныя абʼёмы экспарту ў Расею, Беларусь і краіны ЭЗ плодаагародніннай прадукцыі, вырашчанай у гэтых краінах, а таксама пра лягістычныя асаблівасьці яе паставак».

Паводле Рассельгазнагляду, гэты запыт зьвязаны з выяўленьнем вялікай колькасьці сфальсыфікаваных фітасанітарных сэртыфікатаў. Таксама расейскі бок зьбіраецца прыняць «сыстэмныя меры» для абароны свайго рынку ад пранікненьня з тэрыторыі Беларусі прадукцыі невядомага паходжаньня, у тым ліку вырабленай у ЭЗ.

Да ўвядзеньня санкцый, у 2013 годзе, Беларусь імпартавала 80 тысяч тон таматаў (52 тысячы тон з краін ЭЗ, больш за 11 тысяч тон з Украіны і каля 7 тысяч тон з Турэччыны). А ў 2015 годзе ўвоз таматаў у Беларусь вырас амаль удвая, да 144 тысяч тон. Паводле беларускага боку, нібыта за кошт рэзкага павелічэньня паставак з Эгіпта, Марока, Турэччыны, Ізраіля, Босьніі і Герцагавіны.

У 2015 годзе Рассельгаснагляд выявіў 323 турэцкія і мараканскія падробленыя фітасанітарныя сэртыфікаты. А гэта сьведчыць пра «масавыя спробы» правозу ў Расею забароненых таматаў і пра адсутнасьць належнага кантролю пры іх увозе на беларускую тэрыторыю.

Растуць пастаўкі зь Беларусі ў Расею і сьвежых груш, паводле дакумэнтаў, вырашчаных у Азіі і Трапічнай Афрыцы.

Паводле Белстату, у 2015 годзе параўнальна з 2013 годам імпарт грушаў у Беларусь павялічыўся з 33 да 175 тысяч тон.

Пры гэтым колькасьць груш, якія паступаюць з краін ЭЗ, зьнізілася з 95 да 10%. За гэты ж час экспарт груш зь Беларусі ў Расею павялічыўся больш чым у 7 разоў — з 22 да 159 тысяч тон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG