Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніку МУС Беларусі не дазволілі выехаць ва Ўкраіну


Адзін з супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, які служыць у Мазыры Гомельскай вобласьці, ня змог прыехаць на судовае пасяджэньне ў Кіеў, дзе разглядалася справа пра ягоны развод з жонкай — грамадзянкай Украіны.

Як адзначаецца ў рашэньні Падольскага раённага суда Кіева, «адказчык (грамадзянін Беларусі — РС) на судовае пасяджэньне не зьявіўся, падаў у суд заяву, у якой просіць разгледзець справу безь ягонага ўдзелу. Адзначыў, што ён зьяўляецца супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і загадам выезд на тэрыторыю Ўкраіны яму забаронены, даў згоду на скасаваньне шлюбу».

З пазовам у суд зьвярнулася ягоная жонка, матывуючы тым, што шлюбныя адносіны паміж імі спыніліся з кастрычніка 2015 году, сумеснай гаспадаркі не вядуць, а адказчык у цяперашні час пражывае ў Рэспубліцы Беларусь. Паводле яе заявы, «далейшае сумеснае жыцьцё, захаваньне сямʼі і прымірэньне паміж імі немагчымыя і супярэчыць інтарэсам заяўніка». Суд задаволіў пазоў грамадзянкі Украіны і прызнаў яе шлюб, зарэгістраваны ў Беларусі ў жніўні 2013 году зь беларускім грамадзянінам, скасаваным.

У рашэньні суда прозьвішчы не называюцца — гэта забаронена ўкраінскім заканадаўствам пра абарону канфідэнцыйнай інфармацыі. Вядома толькі, што ў гэтай беларуска-ўкраінскай сям’і ёсьць двухгадовы сын, які застаецца жыць з маці ў Кіеве. Бацька не заяўляў на яго ніякіх правоў.

Канстанцін Шалькевіч, начальнік прэс-службы МУС Беларусі гэтак пракамэнтаваў выпадак:

«Ня ведаю дакладна гэтай гісторыі, але афіцыйных забаронаў для супрацоўнікаў міліцыі выяжджаць па асабістых справах за мяжу няма».

Адзін зь менскіх міліцыянтаў на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіў Свабодзе, што забароны на выезд ва Ўкраіну для супрацоўнікаў МУС няма, але кожны выезд за мяжу адбываецца паводле ўзгадненьня з начальствам:

«Пішацца рапарт. Бо міліцыянты ўсё ж носьбіты пэўных дзяржаўных сакрэтаў, калі маюць допуск. Таму трэба узгадніць. А тады едзь. То бок як бы забароны няма, але ня даў начальнік згоду — і не паедзеш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG