Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым у Менск прыехаў Рэджэп Эрдаган?


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод.

Валер Карбалевіч: "У пятніцу 11 лістапада ў Беларусь з афіцыйным візытам прыляцеў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Гэта першы ў гісторыі візыт кіраўніка турэцкай дзяржавы ў Беларусь.

Аляксандар Лукашэнка наведваў зь візытамі Турэччыну двойчы: у 1996 годзе (тады падпісалі дамову аб дружбе і супрацоўніцтве) і ў 2010 годзе. Яшчэ два разы кіраўнік Беларусі наведваў Турэччыну, прыяжджаючы на саміты: у 1999 годзе (саміт АБСЭ) і ў красавіку 2016 году (саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва).

Афіцыйнай нагодай для візыту стала адкрыцьцё Саборнага мячэту ў Менску — самага вялікага ва Ўсходняй Эўропе. Ён будаваўся ў асноўным на турэцкія грошы. Акрамя таго, адбудзецца беларуска-турэцкі бізнэс-форум, на які прыехалі каля 200 кіраўнікоў турэцкіх кампаніяў. Як казаў Лукашэнка падчас сустрэчы з Эрдаганам, калі лічыць па колькасьці прадстаўленых фірмаў, то гэта самы вялікі бізнэс-форум у гісторыі Беларусі.

Гэты візыт стаў пэўнай падзякай Лукашэнку. Справа ў тым, што ў красавіку гэтага году, у момант, калі адносіны Турэччыны з Расеяй былі напружаныя, беларускі кіраўнік прыехаў на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які праводзіўся ў турэцкім Стамбуле

Таксама падпішуць шэраг пагадненьняў аб супрацоўніцтве. Візыт меўся адбыцца летам, але яго перанесьлі ў зьвязку зь няўдалай спробай дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне.

Сёньня Турэччына займае дзявятае месца ў замежным гандлі Беларусі. Мінулым годам таваразварот з Турэччынай склаў 630 мільёнаў даляраў з адмоўным сальда для Беларусі. За дзевяць месяцаў гэтага году зафіксаваны рост таваразвароту на 13%. Гэта важна, бо з большасьцю краін беларускі гандаль сёлета моцна ўпаў.

Варта адзначыць, што турэцкі капітал даволі даўно і шырока прысутнічае ў Беларусі — у будаўніцтве, гатэльным бізнэсе і іншых сфэрах.

Трэба адзначыць той міжнародны фон, на якім адбываецца гэты візыт. Сёньня Турэччына становіцца важнай рэгіянальнай дзяржавай, у яе вялікія амбіцыі наконт таго, каб уплываць на суседзяў. Эканамічны рост абудзіў адчуваньне імпэрскай велічы, памяць пра Асманскую імпэрыю. Турэччына пачуваецца настолькі моцна, што дазваляе сабе сварыцца з Расеяй, ЭЗ і нават ЗША. Будаўніцтва мячэту ў Беларусі — гэта адзін з элемэнтаў уплыву і рэгіянальных амбіцыяў гэтай краіны.

Яшчэ важны момант. Гэты візыт стаў пэўнай падзякай Лукашэнку. Справа ў тым, што ў красавіку гэтага году, у момант, калі адносіны Турэччыны з Расеяй былі напружаныя, беларускі кіраўнік прыехаў на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які праводзіўся ў турэцкім Стамбуле. Зроблена гэта была насуперак жаданьню Масквы. Эрдаган гэта ацаніў і паабяцаў зрабіць візыт у адказ, зважаючы на запрашэньне Лукашэнкі. І выканаў сваё абяцаньне.

Пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне фармуецца аўтарытарны рэжым, арыштоўваюць журналістаў. Невыпадкова Лукашэнку і Эрдагану камфортна камунікаваць паміж сабой. Праблему правоў чалавека яны яўна не абмяркоўваюць.

Але я ня стаў бы чакаць нейкіх важных вынікаў ад гэтага візыту. Ня вельмі спрыяльны інвэстыцыйны клімат — галоўная перашкода для прыходу сюды турэцкага і ўсялякага іншага замежнага капіталу. Гандлёвае сальда для Беларусі адмоўнае, і я ня бачу, якім чынам можна зрабіць нейкі прарыў беларускага экспарту на турэцкі рынак.

Варта адзначыць, што ў Беларусі і Турэччыны існуе бязьвізавы рэжым, мінулым годам у Турэччыне адпачывала 109 тысяч беларусаў.

Грузьдзіловіч: Вонкавыя мэты гэтага візыту, якія мы бачым — мячэт, эканамічны форум, разьвіцьцё сумеснага бізнэсу, турызму — гэта ўсё ж больш прыкрыцьцё сапраўдных мэтаў, пра якія мы з хуткіх справаздач не даведаемся. Гэта стане вядома толькі празь нейкі час па тых паводзінах, паваротах у турэцкай палітыцы, якія мы, магчыма, пабачым. Чаму я так кажу? Тут такія прычыны.

Я згодны з Валерам, што Турэччына займае вельмі важнае месца ў рэгіёне. Але ён сказаў, што яна становіцца рэгіянальнай дзяржавай. Я б сказаў, што яна ўжо даўно стала, і цяпер імкнецца граць ключавую ролю ў рэгіёне. А пасьля падзей са зьбітым самалётам, а потым зь няўдалым пераваротам, Турэччына пад кіраўніцтвам Эрдагана тым больш прынцыпова становіцца на гэты шлях рэгіянальнага незалежнага лідэра.

Турэччына — сябра НАТО. Прычым, напэўна, адзіны, які мае пэўныя канфлікты з кіраўніцтвам краін Эўразьвязу і ЗША. Можа думаць, што візыт Эрдагана якраз і мае вось гэтую падаплёку.

магчыма, мы назіраем пошук Турэччынай магчымасьці аслабіць сваю залежнасьць ад НАТО, наблізіцца да нейкіх іншых групова

Магчыма разглядаць і ўвогуле нейкі варыянт выхаду Турэччыны з НАТО. Бо спробу перавароту, якая адбывалася ў Турэччыне, турэцкае кіраўніцтва, Эрдаган інтэрпрэтавалі як ініцыяваную сіламі ў Амэрыцы. Шмат прэтэнзіяў было да агульнай вайсковай базы НАТО ў Турэччыне. Таму, можа, краіна шукае іншыя шляхі вайсковага супрацоўніцтва, акрамя НАТО. І вось Беларусь можа быць прыдатнай пляцоўкай да пошуку гэтых шляхоў, бо мае давераныя адносіны з Расеяй. То бок, магчыма, мы назіраем пошук Турэччынай магчымасьці аслабіць сваю залежнасьць ад НАТО, наблізіцца да нейкіх іншых груповак.

Але сырыйскі крызіс працягваецца, у ім пазыцыі Расеі і Турэччыны вельмі варожыя. І ён пакажа, што далей будзе рабіць Турэччына: ісьці на збліжэньне з Расеяй або заставацца ў сфэры ўплыву НАТО, ЗША і Эўразьвязу.

Глод: Пачну зь невялікага гістарычнага экскурсу. Турэччына для Беларусі — краіна зусім не шараговая. Магчыма, ня ўсе гэта памятаюць, але менавіта Турэччына першай з усіх іншых краін афіцыйна прызнала незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. З таго часу паміж абедзьвюма краінамі падтрымліваюцца роўныя і спакойныя дачыненьні, калі не лічыць інцыдэнту з журналістамі Аляксандрам Люшкевічам і Юрыем Бехцеравым, якіх беларускія спэцслужбы спрабавалі запісаць у турэцкія шпіёны. З абодвума імі я, дарэчы, працаваў разам у агенцтве БЕЛТА-ТАСС.

Дачыненьні Турэччыны і Беларусі ахопліваюць найперш бізнэс-сфэру. Тут яны пасьпяхова разьвіваліся. І, як слушна адзначыў Валер Карбалевіч, сёлета Турэччына — адна зь нямногіх краінаў, у якіх таваразварот зь Беларусьсю ня зьменшыўся, а павялічыўся. Турэччына — ключавы гандлёвы партнэр Беларусі на Блізкім Усходзе. Гэта адзіная краіна ў рэгіёне, зь якой устойліва расьце таваразварот, пачынаючы з 2010 году.

Турэцкі капітал — актыўны капітал. Яму патрэбныя як новыя рынкі, так і большае ўкладаньне на ўжо задзейнічаных рынках. І на гэта я зьвярнуў бы асаблівую ўвагу.

для афіцыйнага Менску візыт Эрдагана — гэта добрая магчымасьць разжыцца крэдытам. Бо калі турэцкі імпарт будзе расьці, а беларускі экспарт — зьніжацца, як апошнім часам, то атрымаецца толькі чарговае пагаршэньне гандлёвага сальда Беларусі

Глядзіце, калегі, што цяпер атрымліваецца. Эўразьвяз і Турэччына зь вядомых прычын фактычна паставілі крыж на бліжэйшай пэрспэктыве ў разьвіцьці сваіх дачыненьняў. І таму турэцкі бізнэс мусіць пераарыентоўвацца на тэрыторыю былога Савецкага Саюзу. І тут Беларусь — вельмі зручны пляцдарм, калі мець на ўвазе яшчэ і рынкі балтыйскіх краінаў. Тут існуе зразумелая лягістыка. І Анкара яе, безумоўна, улічвае.

А для афіцыйнага Менску візыт Эрдагана — гэта добрая магчымасьць разжыцца крэдытам. Бо калі турэцкі імпарт будзе расьці, а беларускі экспарт — зьніжацца, як апошнім часам, то атрымаецца толькі чарговае пагаршэньне гандлёвага сальда Беларусі. Таму беларускія ўлады зацікаўленыя ў турэцкіх інвэстыцыях, асабліва ў непасрэдных. Яны зацікаўленыя ў тым, каб запрасіць у Беларусь прадстаўнікоў турэцкага бізнэсу і пераканаць іх укладваць грошы ў мясцовыя праекты. Вядома, што беларускім уладам цяпер надзвычай патрэбныя грошы. І Турэччына магла б тут дапамагчы.

Калі ж браць палітычны аспэкт, то Менск і Анкара і раней не рабілі нейкіх рэзкіх заяваў. І ў гэтым сэнсе падчас перамоваў з Эрдаганам Лукашэнка можа адчуваць сябе абсалютна камфортна. Ну ці ж будзе турэцкі лідэр гаварыць пра недахоп дэмакратыі ў Беларусі пасьля таго, што адбываецца ў самой Турэччыне?

Магчыма, Лукашэнка крыху расчараваны тым, што Масква і Анкара афіцыйна адзначылі пасьпяховыя дзеяньні па замірэньні, але не ягоныя, а прэзыдэнта Казахстану Назарбаева. Лукашэнка разам з Аліевым прапаноўвалі свае паслугі для завяршэньня канфрантацыі, аднак на першы плян выйшаў Назарбаеў. Магчыма, Эрдаган і патлумачыць Лукашэнку, чаму так адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG