Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны бачыць прагрэс у Беларусі ў найбліжэйшы час», — віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ


Віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Кент Гэрштэт
Віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Кент Гэрштэт

Нягледзячы на некаторыя станоўчыя зрухі ў палітыцы беларускіх уладаў, сыстэмных зьменаў у Беларусі не адбылося.

Такое меркаваньне ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» выказаў кіраўнік працоўнай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі, віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ Кент Гэрштэт.

Паводле ягоных словаў, стаўленьне ЭЗ і ЗША да Беларусі ў апошні час памянялася з прычыны камбінацыі зьнешніх і ўнутраных фактараў: вызваленьне палітвязьняў, «канструктыўная роля» Беларусі падчас канфлікту на Данбасе і эканамічны крызіс у Беларусі.

Гэрштэт пагадзіўся зь меркаваньнем беларускіх праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных палітыкаў, што, нягледзячы на некаторыя станоўчыя зрухі, сыстэмных зьменаў у Беларусі не адбылося, і ўлады захоўваюць здольнасьць у любы момант прымяніць рэпрэсіўныя мэханізмы, каб забясьпечыць статус-кво.

Па словах палітыка, абодва бакі ўсьведамляюць такое становішча рэчаў. «Захад і Беларусь пагадзіліся б з такім вызначэньнем сытуацыі. Лічу, што Беларусь павінна паказаць вынікі. Гэта ня проста надзеі, гэта ўжо чаканьні», — падкрэсьліў Гэрштэт.

«У сваім дыялёгу са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, кіраўніком МЗС Уладзімерам Макеем і нават з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам я заклікаў да гэтага, выразна даючы зразумець, што мы чакаем навінаў пра прагрэс зь беларускага боку, паколькі ініцыятыва належыць ім. На многіх сустрэчах былі сказаныя добрыя словы, але я давяраю вынікам, таму што патрэбныя ня проста размовы і рабочая атмасфэра, трэба таксама рабіць справу. Ўва мне ёсьць некаторая надзея, я веру ў працэс і ў праведзеную намі працу, але, вядома, час не бязьмежны».

У цэлым, па назіраньнях палітыка, «безумоўна заўважныя некаторыя зьмены ў мысьленьні і невялікі прасьвет». Разам з тым, Харстэд падкрэсьліў, што патрэбен большы прагрэс, «таму што хуткасьць настолькі павольная, што спатрэбіцца вельмі шмат часу, каб дасягнуць якіх-небудзь істотных зьменаў, а гэтага часу няма».

«Мы павінны бачыць прагрэс у найбліжэйшы час», — зноў падкрэсьліў палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG