Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму спэцыяльны дакладчык ААН ізноў крытыкуе Беларусь


Удзельнічаюць ​Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў

Глод: Спэцыяльны дакладчык Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Міклаш Харасьці ўчора падаў чарговы агляд правоў чалавека ў Беларусі. Дакумэнт атрымаўся пераважна крытычным. Харасьці, сярод іншага, зьвярнуў увагу на тое, што блогер Эдуард Пальчыс перасьледуецца за свае палітычныя погляды.

«Я хацеў бы згадаць сытуацыю Эдуарда Пальчыса, які быў затрыманы на надуманай падставе. Некалькі месяцаў ён знаходзіцца ў зьняволеньні. У сутнасьці, ён перасьледуецца праз свае палітычныя погляды», — сказаў спэцдакладчык.

Беларусь па-ранейшаму адзіная краіна ў Эўропе, дзе няма прыватнага агульнанацыянальнага тэлебачаньня.

У сваім выступе спадар Харасьці таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ў цэлым існуюць сур’ёзныя праблемы са свабодай слова. Беларусь па-ранейшаму адзіная краіна ў Эўропе, дзе няма прыватнага агульнанацыянальнага тэлебачаньня. Дзяржаўныя СМІ — пляцоўка для праўладных кандыдатаў, і апошнія парлямэнцкія выбары гэта пацьвердзілі.

Некаторыя выданьні пішуць, што мандат спэцыяльнага дакладчыка аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў уведзены Радай правоў чалавека ААН у ліпені 2012 году. Гэта не зусім дакладная інфармацыя. Упершыню такі мандат быў уведзены яшчэ ў 2005 годзе. Тады спэцыяльным дакладчыкам прызначылі румына Адрыяна Сэвэрына — вядомага дыплямата, які быў і кіраўніком працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а затым і старшынём усёй асамблеі.

І калі я гляджу на рэакцыю беларускіх уладаў на даклады спадара Харасьці, то ня бачу нічога прынцыпова новага. Як і тады, МЗС Беларусі лічыць праблему з правамі чалавека ў Беларусі надуманай, а пададзеныя даклады — палітызаванымі і аднабаковымі. Увесь гэты час афіцыйны Менск адмаўляецца супрацоўнічаць зь Міклашам Харасьці. Гэтаксама было і зь Сэвэрынам. Дарэчы, і Сэвэрын, і Харасьці былі ў Менску, але тады, калі яны займалі іншыя пасады, а не былі дакладчыкамі аб правах чалавека. Як цяпер, так і тады мандат штогод працягваўся, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладаў.

Істотна паўплываць на зьмяненьне стану рэчаў ААН ня можа.

У ААН ужо даўно разумеюць і заяўляюць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі — гэта ўжо ня толькі ўнутраная, мясцовая праблема, а міжнародная. Аднак істотна паўплываць на зьмену стану рэчаў ААН ня можа. У яе проста няма нейкага эфэктыўнага мэханізму ўзьдзеяньня на беларускія ўлады. Да таго ж, як толькі размова заходзіць пра нейкія канкрэтныя дзеяньні супраць беларускіх уладаў, хаўрусьнікі Лукашэнкі з Расеі, Кубы, Вэнэсуэлы ды некаторых іншых краін блякуюць усякія рашэньні.

Думаю, што так будзе і зь цяперашнім дакладам спадара Харасьці. А як вы мяркуеце, калегі, ці будзе хоць невялікі зрух пасьля новага дакладу ААН?

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу на рознае стаўленьне беларускіх уладаў да розных органаў ААН па правах чалавека.

Да тых структур і чыноўнікаў, якія займаюцца правамі чалавека ва ўсім сьвеце, стаўленьне ляяльнае. Беларускія ўлады гатовыя зь імі супрацоўнічаць. Да іхнай крытыкі хоць фармальна прыслухоўваюцца, рэагуюць, прымаюць нейкія дакумэнты. Вось учора мы абмяркоўвалі пытаньне, што Беларусь на ўзроўні ўраду прыняла нацыянальны плян па правах чалавека. Гэта рэакцыя на справаздачу ААН аб правах чалавека ва ўсім сьвеце. Вось такіх чыноўнікаў з ААН запрашаюць у Беларусь, зь імі сустракаюцца высокія афіцыйныя асобы.

Яны не прызнаюць Харасьці, не даюць візы, каб ён прыехаў у Беларусь, ягоны даклад ігнаруюць.

А вось з спэцыяльным дакладчыкам аб Беларусі Міклашам Харасьці беларускія ўлады супрацоўнічаць адмаўляюцца. Бо інстытут дакладчыка ствараецца для тых краін, дзе ёсьць сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека. Дык вось гэта беларускія чыноўнікі адмаўляюць. Яны лічаць, што ніякіх асаблівых праблемаў няма, спэцыяльны дакладчык не патрэбен. Таму яны не прызнаюць Харасьці, не даюць візы, каб ён прыехаў у Беларусь, ягоны даклад ігнаруюць.

Усе праблемы, пра якія спадар Харасьці казаў у дакладзе, беларусам вядомыя, вядомыя праваабаронцам, журналістам, экспэртам. Нічога тут прынцыпова новага няма. Хіба зьвярнуў бы ўвагу, што там сказана, што Беларусь выпадае зь нейкіх агульных працэсаў у Эўропе, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне, дзе няма прыватнага агульнанацыянальнага тэлеканалу. Думаю, што даклад звычайны, руцінны. Зразумела, што беларускія ўлады на яго рэагаваць ня будуць.

Цыганкоў: Стаўленьне беларускіх чыноўнікаў да розных міжнародных структураў супярэчлівае. Гэта выяўляецца і ў стаўленьні да ААН.

З аднаго боку, Менск разумее, што гэтая структура вялікая, значная, у яе ўваходзяць амаль усе краіны. Але рэальна яна мае размыты статус, ня мае рэальных паўнамоцтваў і рычагоў узьдзеяньня. Менавіта гэтым і тлумачыцца такое стаўленьне.

З аднаго боку, беларускія ўлады разумеюць, што ёсьць структуры, зь якімі трэба супрацоўнічаць, яны могуць нешта даць, арганізаваць паездкі на канфэрэнцыі, нават вылучыць гранты, як Эўразьвяз, які папраўдзе ня толькі крытыкуе Беларусь, але вылучае для беларускіх афіцыйных структураў грошы на самыя розныя праекты. Тут чыноўнікі зацікаўленыя ў выкананьні пэўных праграмаў і г. д.

Ад спадара Харасьці адны непрыемнасьці.

А са спэцыяльным дакладчыкам ААН сытуацыя іншая — ад спадара Харасьці адны непрыемнасьці. Ад гэтага не паклічуць на міжнародныя канфэрэнцыі, не дадуць грантаў — гэта толькі галаўны боль, ад якога даводзіцца аднеквацца, прыдумляць нейкія аргумэнты.

Таму ўлады занялі такую рэдкую пазыцыю кругавой абароны, якой няма зь іншымі структурамі. Беларускія ўлады проста спадзяюцца, што калісьці гэтая місія будзе закрытая — і таму выбралі такую тактыку: асабліва не рэагаваць, а чакаць, пакуль само пройдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG