Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўдны беларус баіцца рэвалюцый


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Калі пацыент «хутчэй жывы», ён адчувае боль – разрыў тканкі, новаўтварэньне. Культура, як выглядае, у нас жывая, бо апошнім часам яе бесьперапынна каўбасіць ды плюшчыць.

Вось падаюць на конкурс фэстываляў «Bulbamovie» i «Лістапад» кароткаметражку «Яечня па-беларуску» рэжысэры Андрэй Кудзіненка і Валерыя Целяшэўская. Рэакцыя – забарона паказу і ў першым і ў другім выпадках. Аргумэнтацыя начальніцы аддзела кінематаграфіі Мінкульта: «Я сама паглядзела фільм, і мне незразумела, што хацелі сказаць аўтары».

Вось прывозіць мастак-авангардыст Руслан Вашкевіч сваю выставу ў Берасьце, але за тры дні да адкрыцьця музэй скасоўвае заключанае пагадненьне. Выстава адкрываецца ў павільёне гандлёвага цэнтру.

Вось зьяўляюцца кайданы на мурале з карамельнымі менска-маскоўскімі пэрсанажамі. Рэакцыя – ультыматум і пагроза судовага перасьледу ад Менгарвыканкаму.

Яшчэ адна правакацыя – біяграфія Пятра Марцава аўтарства Сашы Раманавай. Рэакцыя – размовы пра скажэньне фактаў і вобразу героя.

Цяжка не заўважыць, што рэакцыя ўзьнікае амаль імгненна. Улада й грамадзтва старожка адсочваюць усе выпадкі пераступаньня межаў. Можна здымаць кіно з паказам жорсткасьці, але калі яе трансьлюе зьняты ў галоўнай ролі беларускі міліцыянт – гэта перабор. Можаш быць мастаком, але – у межах прыстойнасьці і прынятых правілаў, іначай у музэі табе месца няма. Рабі арт-жэсты ў дазволеным месцы, а Саюз Беларусі і Расеі «не замай». Пішаш біяграфію, дык зрабі героя белым і пухнатым, не дадумвай непатрэбнага, трымай сябе ў руках.

Погляды на тое, ці заўсёды сябе апраўдвае правакацыя, могуць разыходзіцца. Відавочнае адно: яна працуе.

Мяне заўсёды засмучала, што культура і эстэтыка 1980-х ніяк не суадносяцца са здабыцьцём незалежнасьці былых савецкіх рэспублік. А дастаткова ж прыгадаць агульны культурны фон часоў перабудовы – хаця б паводле тагачаснага кінематографу – каб зразумець што і паўставаньне новых дзяржаў было актам актуальнага авангарднага мастацтва.

Беларусь ужо два дзясяткі гадоў расьціснутая нагой кансэрватызму. Дзяржава выступае галоўным кантралёрам і захавальнікам парадку рэчаў, у тым ліку ў мастацтве. Тэлебачаньне чым далей, тым болей нагадвае экран з членамі Палітбюро і генеральным сакратаром на чале. З экрану сыплюцца ўсё тыя ж савецкія сымбалі і міты, на якіх быццам бы і стаім.

Зрэшты, зь імі даўно ўсё ясна. Засмучае толькі, што й каста «сапраўдных беларусаў», нібыта аддзеленая ад дзяржавы, за гэтыя два дзясяткі гадоў злучылася з кансэрватызмам, толькі што іншай, але скапіяванай з савецка-лукашэнкаўскай вэрсіі. Маю на ўвазе вэрсію ў «кампутарным» значэньні. Яе як запампавалі калісьці, у тыя ж самыя мадэрныя 1980-я, так і прапануюць не абнаўляць – «каб пазьбегнуць выпадкаў віруснай атакі». Вось і трымаемся за звыклы інтэрфэйс…

«Сучаснае мастацтва немагчымае без трансгрэсіі – пераходу межаў. Мастацкі жэст складана ажыцьцявіць, таму што цяпер няма зададзеных правілаў гульні. Іх трэба сфармуляваць, узаконіць і потым парушыць. [Мой] праект пра межы, пра абсягі кантролю. Пра тое, што непатрэбнае добраўпарадкаваньне межаў і дэкараваньне перагарародак» – казаў на адкрыцьці сваёй выставы Руслан Вашкевіч.

Ці адкрыецца кансэрватар-беларус насустрач авангарду і рэвалюцыі? Пакуль што ён іх баіцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG