Пацярпелы амапавец Алег Шарко.
2 гады «хатняй хіміі»
Судзьдзя Валер Есьман прызнаў 17-гадовага Аляксандра Харуту вінаватым у зьбіцьці байца АМАПу і пакараў яго 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня.
Судзьдзя Есьман: Падлетак помсьціў амапаўцу
Матыў зьбіцьця байца АМАПу Шарко 17-гадовым падлеткам, паводле пастановы суду, — з помсты, маўляў, хлопец помсьціў за арышт, калі ўдарыў амапаўца Шарко.
Пабіты амапавец на прысуд не прыйшоў
Пацярпелы Алег Шарко, цяпер ужо былы амапавец, бо пасьля інцыдэнту ён звольніўся, на абвяшчэньне прысуду не прыйшоў.
Пра пагрозы сэксуальнага гвалту і мачу амапаўца ў выраку ні слова
У інтэрвію Свабодзе абвінавачаны 17-гадовы Аляксандар Харута казаў, што баец АМАПу Алег Шарко зьбіваў яго пасьля затрыманьня, пагражаў сэксуальным гвалтам і памачыўся на галаву. Але пра гэта ў судзе гаворкі не было, не знайшло гэта адлюстраваньня і ў судовым выраку.
Маці падсуднага патлумачыла, чаму маўчаць пра мачу
Ірына Махнач, маці Аляксандра Харуты, патлумачыла, чаму на працэсе ня згадваўся эпізод пра пагрозы сэксуальнага гвалту адносна Аляксандра і мачу:
«Бо гэты эпізод сьледзтва выдзеліла як асобны, а Сьледчы камітэт адмовіўся заводзіць справу на амапаўцаў. Наш адвакат падаў на гэта скаргу ў пракуратуру, выніку пакуль няма».
Прысуд вынес судзьдзя Валеры Есьман, які раней быў у сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША з прычыны ўдзелу ў рэпрэсіях грамадзкай супольнасьці Беларусі.