Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шэрыя быкі» і рэвалюцыя сьвядомасьці


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Трывога. Гэтым словам я акрэсьліваю для сябе крытычныя інтанацыі знаёмых, якія камэнтуюць апошнія пазытыўныя падзеі ў краіне.

Пачатак бязьвізавага рэжыму на Гарадзеншчыне, вызваленьне Эдуарда Пальчыса, першы канцэрт «Brutto» ў Беларусі.

У рэпартажы з гомельскага выступу Сяргея Міхалка пра спадзеў на лепшую сытуацыю ў краіне:

«На тое, што менавіта з гэтага часу лёд кранецца, разьлічвае кожны, хто сёньня скача на гэтай танцпляцоўцы».

Дзе спадзеў, там і сумнеў. Ці надоўга, ці будзе разьвіцьцё? Што будзе праз год, што будзе праз хвіліну? Ці не забяруць пасьля канцэрту Сяргея Міхалка? Трывога.

Я неяк выступаў у якасьці літаратара ў зале на сямсот зь лішкам чалавек. Стаіш на сцэне, чытаеш свае фрашкі, табе пляскаюць у ладкі, радуюцца. Жарты, сьмех, весялосьць.

Толькі вось нюанс. Перад табой сямсот зэкаў, над імі стаяць два дзясяткі ахоўнікаў, за сьпінай на сцэне начальнік зоны, а па выхадзе з будынку бачыш па пэрымэтры вышкі з кулямётчыкамі.

Падобнае адчуваньне ў мяне было, калі я глядзеў трансьляцыю канцэрту «Brutto» ў Гомелі. Міхалок амаль не прамаўляў да залі, хоць звычайна між песень ён вельмі гаваркі, як правіла – рэзка гаваркі. А яшчэ я чакаў песьню «Грай».

Абстракты тэкст пра шэрых быкоў, якія скачуць па краіне, набыў канкрэтны вобраз дзякуючы аматарскаму кліпу. Там «шэрыя быкі» – гэта міліцыянты, якія зьбіваюць і затрымліваюць мірных дэманстрантаў.

Майданаўскі гімн «Воины света» прагучаў, нефармальны гімн удзельнікаў украінскай вайны песьня «Гарри» прагучала, а «Грай» – не.

Як па мне, у кліпе ня толькі пра людзей у пагонах, а найперш пра тых, хто дае ім загады.

«Шэрыя быкі» ў шырокім сэнсе – гэта «гасударавы» людзі, гэта армія начальнікаў, начальнічкаў, інспэктараў, правяраюшчых і кантралюючых. У пагонах і без. Ім выгадны паралюш грамадзкага жыцьця ва ўсіх сфэрах, бо дае абгрунтаваньне іх дзейнасьці.

«Шэрыя быкі» зарабляюць грошы, які даем і «гасудар», а значыць, не адчуваюць сувязі і адказнасьці перад грамадзянамі.

За бягучы год «шэрыя быкі» наглядзеліся дзівосаў, якія дэманструюць іншы варыянт разьвіцьця краіны. Б-ч-б на трыбунах «Барысаў-арэны», выступы Лявона Вольскага на вуліцах Менску, вулічныя акцыі, за якія не саджалі, навіны пра бязьвізавых турыстаў з Захаду, вызваленьне Эдуарда Пальчыса і вось Сяргея Міхалка на сцэне. Варыянт, дзе віруе грамадзкае жыцьцё і няма рэпрэсій.

Мне кажуць, гэта ўсё гульні, якія ў кожны момант могуць скончыцца. А я бачу, што гэтым гульням ужо трэці год. Мне кажуць, што сыстэма не зьмяняецца, а я кажу, што людзі зьмяняюцца. У тым ліку ў дзяржсыстэме. Кажу, што ня ўсе там «шэрыя быкі», якім абы патаптацца па краіне сабе на карысьць. Што тыя зьмены, якія мы назіраем, хай сабе на сымбалічным узроўні, гэтыя зьмены падрыхтаваныя таксама і людзьмі знутры сыстэмы.

Так, я падзяляю трывогу тых, хто чакае, што сыстэма можа даць адкат. Калі так, ці на доўга? Бо я бачу, што ў краіне адбываецца рэвалюцыя сьвядомасьці людзей з абодвух бакоў нябачных барыкад у галовах. А будучыню краіны вызначаюць галовы, а не адна галава.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG