Затрыманьні актывістаў адбыліся пасьля 9-й вечара, калі большасьць удзельнікаў акцыі «Дзень памяці» каля будынку КДБ і журналістаў разышліся. Таксама на ўдзельнікаў акцыі «Дзень памяці» было складзена як найменей 14 пратаколаў.
Прыбіральнікам з управы «Цэнтар» міліцыянты загадалі прыбраць зьнічы і партрэты, якія паставілі ўздоўж будынку КДБ актывісты «Маладога фронту». Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч на гэта пачаў дакараць прыбіральнікаў: «Навошта вы будзеце рабіць іхную справу: калі хочуць, хай самі прыбіраюць», і ў выніку прыбіральнікі адмовіліся ўмешвацца. Тады больш за 10 міліцыянтаў у цывільным адцясьнілі апошніх удзельнікаў акцыі ад прыступак будынку КДБ і пацягнулі іх у міліцэйскі ЎАЗ.
Усяго было затрымана 5 чалавек: Зьміцер Дашкевіч, Павал Пракаповіч, Сяргей Пальчэўскі, Уладзь Яроменак з «Маладога фронту» і актывістка Натальля Гарачка-Басалыга, якія прыйшла на акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Затрманых павезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску. Пра гэта сказаў начальнік гарадзкой міліцыі Аляксандар Барсукоў, які прысутнічаў цягам усёй акцыі на пляцоўцы каля КДБ.
Паводле зьвестак жонкі Зьмітра Дашкевіча, Насты Дашкевіч, затрыманыя цяпер знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС. Іхныя мабільныя тэлефоны не адказваюць.
Затрыманьне генэрал Барсукоў патлумачыў тым, што актывісты заміналі камунальным службам. «Возьмем зь іх тлумачэньні, чаму заміналі камунальным службам, і адпусьцім», — сказаў Аляксандар Барсукоў.
Паводле прыбіральнікаў з управы «Цэнтар», якія працавалі каля будынку КДБ, гэта «ня іхная тэрыторыя»: «Нас сюды выклікалі тэрмінова, гэта ня нашая тэрыторыя. Загадалі прыбраць», — казаў адзін з прыбіральнікаў удзельнкам акцыі. Пасьля затрыманьня актывістаў прыбіральнікі акуратна сабралі зьнічы і партрэты, якія стаялі каля КДБ, і перадалі іх людзям, якія назваліся знаёмымі затрыманых.