Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец чакае 7 тысяч рублёў штрафаў за акцыі салідарнасьці з Пальчысам


Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Павал Севярынец
Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Павал Севярынец

Усяго міліцыя склала на Паўла Севярынца 7 пратаколаў, а на ўсіх удзельнікаў акцыяў у падтрымку Эдуарда Пальчыса — 70.

Сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец пасьля прысуду Эдуарду Пальчысу адзначыў вялікую ролю акцыяў салідарнасьці з палітвязьнем:

— Зразумела, найперш спрацаваў эўрапейскі складнік гэтага спэктаклю пад назвай «лібэралізацыя», яна аказалася больш значнай і моцнай у параўнаньні зь іншымі. У выніку Эдуард Пальчыс на волі, і дай Бог, каб гэта было пачаткам вызваленьня іншых, каго перасьледуць з палітычных прычынаў. А Эдуарда можна павіншаваць — у дзень народзінаў у яго яшчэ адно сьвята. Ён трымаўся малайцом.

Ёсьць таксама ў гэтым вызваленьні і расейскі складнік, але цяжка сказаць, што менавіта стала падставай. Палітыка сёньняшняга рэжыму зусім не празрыстая. Але тое, што Эдуард на волі, гэта відавочны сыгнал вельмі многім людзям, якія зараз у сацыяльных сетках будуць браць прыклад з «Джона Сыльвэра».

І трэці фактар, можа, і больш значны за другі, — гэта салідарнасьць. Што адзначыў і сам Эдуард яшчэ ў судовай залі і адразу, як выйшаў з суду. Увогуле салідарнасьць заўсёды дае вынік, і я вельмі ўдзячны ўсім, хто прыходзіў пад суд і стаяў тут у дождж, у сьнег, пад шалёным ветрам. Але, урэшце, гэта наш чалавечы абавязак.

Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам. Справа - Павал Севярынец
Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам. Справа - Павал Севярынец

— Вы таксама штодня ўдзельнічалі ў гэтых пікетах. Колькі маеце пратаколаў?

— У мяне 7 пратаколаў. Мяркуючы з усяго, гэта будзе недзе 3,5 тысячы даляраў штрафаў. Цяпер за кожны пратакол даюць па 50 базавых штрафу, гэта тым, хто раней меў адміністрацыйныя спагнаньні. Ведаю, што за ўсю акцыю было складзена больш за 70 пратаколаў. Наперадзе вялікі судовы канвэер.

— Як вы лічыце, навошта такі канвэер уладам, каб зноў прыцягваць увагу да гэтай справы?

— З аднаго боку, ім трэба папоўніць казну, а штрафы — гэта цяпер адзін з асноўных спосабаў папаўненьня бюджэту. З другога боку, гэта сродак стрыманьня, бо людзі ведалі, што калі яны прыйдуць на пікеты, дык атрымаюць штраф, і потым гэты штраф будуць спаганяць. Дзякуй Богу, ёсьць людзі, якія дапамагаюць, але ўсё роўна большая частка баялася. Таму тут стаялі ня сто чалавек, а пяць, дзесяць, дванаццаць. Вядома, было б лепей, каб сто, і ўлады гэтага вельмі баяцца. Таму і ўводзяць такія абмежаваньні для акцыяў салідарнасьці. Але ўсё роўна яны працягваюцца і знаходзяцца мужныя людзі, якія не баяцца.

Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам
Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG