Кіраўнік камітэту па кібэрбясьпецы Сэнату ЗША Коры Гарднэр у пятніцу, 7 кастрычніка, заявіў пра намер увесьці заканадаўчыя санкцыі супраць Расеі за «расейскія кібэрзлачынствы», паведамляе DW.
Гэта здарылася пасьля таго, як афіцыйныя асобы ЗША абвінавацілі Расею ў хакерскіх атаках напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, што адбудуцца 8 лістапада.
Гарднэр, які прадстаўляе Рэспубліканскую партыю, заявіў, што яго законапраект запатрабуе ад адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы расьсьледаваньня ў дачыненьні да тых, хто быў уцягнуты ў дзеяньні, якія падрываюць кібэрбясьпеку. У выпадку неабходнасьці Гарднэр будзе «настойліва» дамагацца ўвядзеньня санкцыяў.
«Мы прымем неабходныя меры для абароны сваіх інтарэсаў, уключаючы кібэрпрастору», — заявіў высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што грамадзкасьць неабавязкова «будзе ведаць пра дзеяньні, якія былі або будуць зробленыя».