Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўбачыў Сусьветны банк у беларускім бізнэсе


Ці сапраўды прагрэс у Беларусі такі істотны? Беларускія экспэрты схіляюцца да думкі: паляпшэньне адбываецца таму, што раней умовы былі вельмі кепскія.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Сяргей Навумчык.

Глод: Апублікаваны штогадовы даклад Сусьветнага банку ў справе лёгкасьці ўмоваў вядзеньня бізнэсу. У дакумэнце прааналізаваная сытуацыя ў 137 краінах. На першым месцы — Новая Зэляндыя, затым ідзе Сынгапур, на трэцім месцы — Данія.

Беларусь знаходзіцца на 37-ым месцы (Грузія — на 16-ым, Расея — на 40-ым, Украіна — на 80-ым). Аднак Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў, дзе ў выніку рэформаў умовы для вядзеньня бізнэсу істотна палепшыліся. Сьпіс лідэраў выглядае наступным чынам: Брунэй-Дарусалам, Казахстан, Кенія, Беларусь, Інданэзія, Сэрбія, Грузія, Пакістан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Бахрэйн.

Сярод дасягненьняў Беларусі ў дакладзе адзначаецца спрошчаны працэс падлучэньня спажыўцоў да электраэнэргіі. Створана «адзінае вакно» , якое выконвае увесь комплекс паслугаў, зьвязаных з падлучэньнем. Акрамя таго, гаворыцца ў дакладзе, Беларусь палепшыла бізнэс-клімат у выніку стварэньня электроннай картаграфічнай сыстэмы ўласнасьці, прадстаўленьня банкамі крэдытаў і рэгуляваньня фінансавых інстытутаў. Таксама, адзначаецца ўвядзеньне крэдытных балаў, што спрыяе паляпшэньню крэдытнай справаздачнасьці

Узьнікае пытаньне: ці сапраўды прагрэс у Беларусі такі істотны, ці падвышэньне рэйтынгу толькі вынік пасоўваньня ўперад на глебе ранейшых кепскіх умоваў вядзеньня бізнэсу? Беларускія экспэрты схіляюцца да думкі: паляпшэньне адбываецца таму, што раней умовы былі вельмі кепскія. Таму, лічыць старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, асабліва радавацца прасоўваньню Беларусі ў рэйтынгу ня варта. Хоць насамрэч можна казаць, што ўмовы для вядзеньня бізнэсу палепшыліся і паляпшаюцца. Становіцца менш розных бар’ераў, перашкодаў. І пра гэта трэба казаць.

Аднак гэтае паляпшэньне адбываецца таму, што раней умовы былі вельмі кепскія. І, здымаючы пэўныя бар’еры, можна дамагчыся нейкіх істотных паляпшэньняў.

Гэтыя рэйтынгі ня ўлічваюць такія абʼектыўныя перашкоды для бізнэсу, якія існуюць, але якія не зафіксаваныя афіцыйна.

І яшчэ — усе гэтыя рэйтынгі вельмі субʼектыўныя і грунтуюцца на экспэртных ацэнках. Гэтыя рэйтынгі ня ўлічваюць такія абʼектыўныя перашкоды для бізнэсу, якія існуюць, але якія не зафіксаваныя афіцыйна.

Напрыклад, практыка зьмяняць падатковае заканадаўства, прычым у апошнія дні фінансавага году, не даючы магчымасьці бізнэсу падрыхтавацца да гэтых зьменаў. Фармальна нельга сказаць, што гэта пагаршае ўмовы для бізнэсу, бо такога патрабаваньня няма. Але насамрэч, калі вы вымушаныя пастаянна прызвычайвацца да зьмяненьня падатковага заканадаўства і гэтыя зьмены адбываюцца нечакана, гэта вельмі кепска для вашага бізнэсу.

Таксама беларускае бізнэс-заканадаўства застаецца супярэчлівым, найперш у галіне кантрольнай дзейнасьці. І бізнэсу таксама цяжка прыстасавацца да тлумачэньняў заканадаўства падаткоўцамі ці іншымі кантралёрамі.

Бачыце, калегі, нешта насамрэч паляпшаецца. Але гэтага мала. Як вы думаеце: што чакае Беларусь на гэтым кірунку наперадзе?

Каліноўскі: Я б засумняваўся ў аб’ектыўнасьці падобных рэйтынгаў. Выглядае, што мы з вамі, і шматлікія беларускія бізнэсоўцы прапусьцілі нейкія істотныя рэформы, якіх вымагаюць ад беларускага ўраду і МВФ, і іншыя арганізацыі. Вось здарыліся рэформы — палепшыўся бізнэс! Усё не зусім так.

Хачу зьвярнуць увагу, што там найбольшы скачок — па магчымасьці падключэньня кампаній да электрасетак. А да іх і так лёгка было падключыцца. Гэта вынік тлумачэньня Белэнэрга, яны праводзілі працу сярод прадпрымальнікаў і сапраўды максымальна спрасьцілі працэдуру, хоць яна ў прынцыпе мала каму цяпер патрэбная, бо ўсе і так падключаныя.

Асноўныя ж праблемы бізнэсу засталіся. Гэта дарагая арэнда памяшканьняў, нашмат даражэйшая, чым для дзяржаўнага сэктару эканомікі, ліцэнзаваньне розных відаў дзейнасьці (у Нямеччыне ліцэнзуецца толькі выраб і продаж зброі), няроўны доступ да дзяржзамоваў, дыскрымінацыя ў параўнаньні з дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Тут думаю, што з высокім рэйтынгам не пагодзяцца многія беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з цяжкасьцю дамагаюцца выкананьня сваіх правоў. Зараз паўсталі праблемы перад аграсядзібамі да 2022-га году ім абяцалі адны ўмовы, зараз раз — і іншыя, хоць людзі ўклаліся, прадалі кватэры, зрабілі бізнэс, спадзяваліся на стабільнасьць.

Прыватныя выдавецтвы нядаўна мелі праблемы. «Логвінаў» страціў выдавецкую ліцэнзію і вымушаны быў зарэгістравацца ў Літве.

Калі мне трэба было выдаць кнігу, я абышоў некалькі прыватных выдавецтваў, але ўсе яны пабаяліся кепскіх наступстваў. Знайшоў толькі Інбелкульт, які зарэгістраваны ў Смаленску.

Так што казаць пра спрыяльныя ўмовы для бізнэсу ў Беларусі нельга. У бізнэс умешваецца дзяржаўная ідэалёгія і палітыка. Воля Лукашэнкі і вэртыкалі тут на першым месцы.

У Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы, як гаспадарчай так і судоў агульнай юрысдыкцыі, таму бізнэсоўцы часта страчваюць свой бізнэс, а часам і волю.

У Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы, як гаспадарчай так і судоў агульнай юрысдыкцыі, таму бізнэсоўцы часта страчваюць свой бізнэс, а часам і волю. У турмах у Беларусі нямала бізнэсоўцаў. І іх трэба было б распытаць пра гэты рэйтынг у першую чаргу!

Падатковая сыстэма ў Беларусі складаная і нязручная для бізнэсоўцаў. Увогуле гэты рэйтынг зусім ня радуе беларускі бізнэс, радуе хіба толькі ўрад, які нібыта выконвае сваю задачу, пастаўленую яшчэ Сідорскім — дасягнуць 30-га месца ў гэтым рэйтынгу. Рэальна ў нашага бізнэсу іншыя праблемы, якія ў гэтым рэйтынгу часта не знаходзяць адлюстраваньня, бо нідзе ў сьвеце іх больш няма.

Мне вельмі сумнеўна, што бізнэс у прынцыпе ў Беларусі рабіць лягчэй, чым у Расеі і Украіне. Але рэйтынг дае менавіта так, Беларусь — 37 месца, Расея — 40.

Навумчык: Беларусь на адносна высокім месцы, 4-м ці 5-м, ва ўсялякім разе ў дзесятцы, не паводле краінаў, дзе лёгка рабіць бізнэс, а сярод краінаў, дзе ёсьць адчувальны прагрэс. То бок ад вельмі дрэннага да не зусім дрэннага, назавем гэта так.

Крытэры, паводле якіх ацэньваюць Беларусь, другасныя.

Учора я прагледзеў гэтую справаздачу, і склалася ўражаньне, што крытэры, паводле якіх ацэньваюць Беларусь, другасныя, калі не трэціступенныя. Не было і раней праблем з падлучэньнем да электраэнэргіі, хоць, канечне, гэта важна.

У чэрвені я ўпершыню за 20 гадоў быў у Беларусі, у Віцебску, гутарыў з адным старым сябрам, той сказаў: нікуды прабіцца ў бізнэсе немагчыма, усё даўно скуплена. Я пытаю — ты маеш на ўвазе, што разьмеркавана? Ва ўсім сьвеце нішы занятыя, хоць зьяўляюцца і іншыя сфэры. Ён кажа: Не, усё разьмеркавана паміж тымі, хто блізкі да ўлады. І гэта таксама праблема.

Добра, што паляпшаюцца ўмовы для бізнэсу, але яшчэ вельмі далёка Беларусі да тых умоваў, якія ня тое што ў Новай Зэляндыі, але і суседніх краінах як Польшча альбо Літва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG