Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каго б ні абралі ў ЗША, саступкі для Менску будуць залежаць ад Лукашэнкі»


28 верасьня 2016 году.
28 верасьня 2016 году.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі

Глод: Апошнія дэбаты двух кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Гілары Клінтан і Дональда Трампа прайшлі ўчора. Галоўнымі тэмамі дыскусіі сталі дзяржаўны доўг краіны, сацыяльныя праблемы, іміграцыя, эканоміка. Палітолягі зараз абмяркоўваюць вынікі спрэчак, спрабуюць вызначыць, хто правёў іх лепей.

Зразумела, стаўленьне беларусаў да прэтэндэнтаў ніяк не паўплывае на вынікі галасаваньня. Аднак для афіцыйнага Менску амэрыканскія выбары маюць вялікае значэньне. Тут задаюцца некалькімі пытаньнямі: які амэрыканскі прэзыдэнт выгадны Лукашэнку? што будзе з санкцыямі і наагул зь беларуска-амэрыканскімі адносінамі пасьля выбараў?

Беларусь і ЗША — краіны абсалютна розных вагавых катэгорыяў. Таму на Беларусь Вашынгтон, можна казаць, аўтаматычна пераносіць асноўныя прынцыпы амэрыканскай дзяржавы. А яны добра вядомыя — у краіне павінны быць усталяваны прынцыпы дэмакратыі, палітычнай і эканамічнай свабодаў, правоў чалавека

Адразу хачу заўважыць — Беларусь ня мае вялікага значэньня для ЗША, а вось дачыненьні са Штатамі надзвычай важныя для беларускіх уладаў. Зразумела, што Беларусь і ЗША — краіны абсалютна розных вагавых катэгорыяў. Таму на Беларусь Вашынгтон, можна казаць, аўтаматычна пераносіць асноўныя прынцыпы амэрыканскай дзяржавы. А яны добра вядомыя — у краіне павінны быць усталяваны прынцыпы дэмакратыі, палітычнай і эканамічнай свабодаў, правоў чалавека. У ЗША ведаюць, што да гэтага Беларусі яшчэ далёка. Аднак апошнім часам зрухі да лепшага тут адбываюцца. Канкрэтныя прыклады таксама вядомыя: крыху лепей прайшлі парлямэнцкія выбары, у Палаце прадстаўнікоў зьявіліся два апазыцыйныя дэпутаты, зьменшылася колькасьць палітвязьняў. Таму, я думаю, у Амэрыцы хочуць пераканацца ў тым, што гэта: сапраўдныя зьмены, няхай і марудныя, ці толькі выгляд пераменаў?

На сёньня аўтарытарная, але параўнальна прадказальная Беларусь з Вашынгтона абʼектыўна выглядае пераважней на фоне складанай абстаноўкі ў рэгіёне. Да таго ж і ў ЗША, і ў Эўразьвязе ўжо разумеюць — рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку ня бачна, апазыцыя ніяк ня можа рэальна аб’яднацца і стаць прывабнай палітычнай сілай для значанай часткі беларускага грамадзтва. Гэта і прымушае Захад, уключаючы Вашынгтон, ісьці на зьмякчэньне дачыненьняў з Лукашэнкам. Прыклады гэтага — павелічэньне колькасьці дыпляматаў, якія працуюць у Беларусі, правядзеньне эканамічнага форуму ў Вашынгтоне і першага сумеснага пасяджэньня па пытаньнях бясьпекі.

Многія лічаць, што для Беларусі абсалютна ня мае значэньня, хто пераможа ў ЗША — Клінтан ці Трамп? Звычайна пры гэтым кажуць, што амэрыканская сыстэма кіраваньня праз падзел паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады і сыстэмай стрымліваньня і проціваг не дае прэзыдэнту рабіць абсалютна ўсё, што ён хоча. У цэлым гэта так. Але, як мне падаецца, пэўныя нюансы ўсё ж маюцца.

Калі прэзыдэнтам стане спадарыня Клінтан, то можна сьмела казаць пра пераемнасьць цяперашняй палітыкі адносна Беларусі. То бок можна спадзявацца на яшчэ большае збліжэньне пазыцыяў, вяртаньне ў Менск і Вашынгтон паўнавартасных амбасадараў і г. д. Але пры гэтым амэрыканскія ўлады будуць увесь час нагадваць беларускім пра неабходнасьць мець дэмакратычную сытуацыю ў краіне.

Перамога Трампа, зь ягонай імпульсіўнасьцю і непрадказальнасьцю, можа прывесьці да нейкіх нечаканых рэчаў. Прычым ня толькі ў бок паляпшэньня адносінаў. Магчыма і наадварот. Згадаем Акт аб дэмакратыі быў прыняты калі прэзыдэнтам быў рэспубліканец Джордж Буш, пры ім жа быў падпісаны і ўказ пра санкцыі. Карацей, Клінтан — гэта пераемнасьць, Трамп — гэта непрадказальнасьць. А вашы меркаваньні, калегі?

Ракіцкі: Лукашэнка, натуральна, можа меркаваць, хацець, марыць, спадзявацца, будаваць пляны адносна наступнага прэзыдэнта ЗША. Але, хто б там ні стаў прэзыдэнтам — рэспубліканец Трамп ці дэмакратка Клінтан — для Лукашэнкі і ягонага рэжыму, нічога ня зьменіцца прынцыпова. Могуць быць нюансы, дробязі. Магчыма нават, што Трамп усьлед за Эўрапейскім зьвязам, крыху і зьменшыць санкцыі, нешта залагодзіць, каб, як сказаў наш калега Юры Дракахруст, у рэгіёне было ціха. Натуральна, Клінтан лепш ведае праблемы Беларусі, яна, выглядае, будзе больш цьвёрдай у стаўленьні да рэжыму Лукашэнкі, працягне тое, што робіць цяперашні гаспадар Белага дому. Але ў цэлым, прынцыповая пазыцыя Злучаных Штатаў адносна датрыманьня правоў чалавека, свабодных выбараў, увогуле да лібэралізацыі грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі будзе нязьменнай.

Гэта ў Беларусі ўсё вырашае прэзыдэнт, а ў ЗША яшчэ ёсьць Кангрэс, волю і рашэньні якога прэзыдэнт ня можа ігнараваць. Канстытуцыяй і законамі там усё дакладна прапісана.

нават калі прыйдзе ў Белы дом Трамп, то яму давядзецца на многіх франтах будаваць ужо сваю палітыку. Не да Беларусі яму будзе

У сьвеце сёньня вельмі шмат выклікаў, якія ўрад ЗША вымушаны разьвязваць. І Беларусь далёка не на першым месцы. І нават калі прыйдзе ў Белы дом Трамп, то яму давядзецца на многіх франтах будаваць ужо сваю палітыку. Не да Беларусі яму будзе. Гэта Лукашэнка ў Беларусі можа дэманстраваць, што ён важны гулец ў сусьветнай палітыцы. Насамрэч Беларусь аддаленая сур’ёзных геапалітычных гульняў. Таму Аляксандру Лукашэнку варта думаць, не пра тое, з кім — Трампам ці Клінтан — яму будзе лягчэй размаўляць. А пра тое, як лібэралізаваць сваю краіну. Пойдзе на рэформы, пачне паважаць правы чалавека, правядзе свабодныя выбары, палепшацца і адносіны з найбуйнейшай краінай сьвету.

Глод: Калі я правільна зразумеў спадара Ракіцкага, ён абазначыў пазыцыю так, і я з гэтым згодна: шмат што будзе залежаць менавіта ад паводзінаў Менску. Пойдзе сапраўды на лібэралізацыю і дэмакратыю, будуць паляпшацца стасункі. Ня пойдзе — амэрыканцы прынцыпова не пойдуць на саступкі.

Ракіцкі: І хто б ні быў прэзыдэнтам.

Глод: Згодны.

Гурневіч: Самы дакладны адказ: Лукашэнка хацеў бы пабачыць прэзыдэнтам ЗША сябе. Але гэта мары. Калі ж адштурхоўвацца ад рэальнасьці, то, абіраючы паміж Гілары Клінтан і Дональдам Трампам, Лукашэнку ўсё ж бліжэй Трамп. Гэта вельмі не тыпова і нават сэнсацыйна. Справа ў тым, што рэспубліканцы традыцыйна ўспрымаюцца як бескампрамісныя крытыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія сымпатызуюць прыхільнікам пераменаў у Беларусі. Рэспубліканцам быў Рональд Рэйган, чалавек, якому прыпісваюць сурʼёзны ўнёсак у распад СССР. Прэзыдэнтам ад рэспубліканцаў быў Джордж Буш, які падпісаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Вядома, гэта не азначае, што дэмакраты падтрымлівалі Лукашэнку. Але трэндсэтэрамі дэмакрытычных перамен у Беларусі традыцыйна лічацца дэмакраты.

Дык чаму Лукашэнку быў бліжэйшы Трамп? Найперш з-за прыхільных заяваў у бок Пуцін. Трамп выказаў жаданьне сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам яшчэ да інаўгурацыі, калі, канешне ж пераможа на выбарах

Дык чаму Лукашэнку быў бліжэйшы Трамп? Найперш з-за прыхільных заяваў у бок Пуцін. Трамп выказаў жаданьне сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам яшчэ да інаўгурацыі, калі, канешне ж пераможа на выбарах. Ён ня раз казаў камплімэнты Пуціну. Падчас учорашніх дэбатаў ён прызнаў яго перамогу ў Сырыі. Зразумела, што гэта можа быць звычайнай крытыкай Дэмакратычнай партыі і Барака Абамы, ягонай адміністрацыі. Тым ня менш, ёсьць сыгнал беларускам — Трамп за Пуціна. А калі за Пуціна, то чаму б і не за Лукашэнку? Чым ён горшы? Дарэчы, беларуская прапаганда гэтым карыстаецца. Учора падчас нашай праграмы я ўзгадваў сюжэт па Беларускім тэлебачаньні ў абарону Трампа. Гэта нават трошкі камічна. Бо Трамп стаў першым у гісторыі Амэрыкі кандыдатам, якога не падтрымала аніводная буйная газэта. У ЗША ёсьць такая практыка падтрымкі кандыдатаў, калі рэдакцыі выказваюць сваю падтрымку. Дык вось гэтую падтрымку яму забясьпечылі беларускія і расейскія тэлеканалы.

Але я маю вялікі сумнеў, што ў выпадку перамогі Трамп будзе працягваць такую рыторыку. Па-першае, Трамп неаднаразова паказваў, што зь лёгкасьцю адмаўляецца ад сваіх слоў і кажа цалкам супрацьлеглае. Але больш важна тое, што прэзыдэнт ЗША — гэта не аднаасабовая ўстанова. Белы Дом — гэта супэрінстытуцыя, дзе вырашае не адна асоба, а каманда. Апрача таго, у Амэрыцы ёсьць Кангрэс і Сэнат.

Таму suma sumarum усё ж у Лукашэнкі няма рэальных падставаў, каб спадзявацца прыняцьця ў Вашынгтоне, у Белым доме. Амэрыканцы вядуць у сьвеце пасьлядоўную палітыку незалежна ад таго, хто перамагае там у выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG