АНТЫГУМАННАЯ ЯЕЧНЯ, АБО ШТО Ў АМЭРЫЦЫ ДУМАЮЦЬ ПРА БЕЛАРУСЬ
Добры вечар! Беларуская мова ў Магілёве! Гэта ня жарт! Што праўда, толькі ў чацьвяргі, і толькі ў некаторых дзіцячых садзіках. Дзеці моцна агаломшаныя. «Працэнтаў у васьмідзесяці дзяцей узровень веданьня беларускай мовы нулявы. Калі з імі толькі пачынаеш гаварыць па-беларуску, то яны са зьдзіўленьнем глядзяць і ня могуць зразумець, што гэта за гаворка» – сказалі нам у адным такім садзіку. Магчыма, трэба і бацькоў браць на заняткі ў чацьвяргі разам зь дзецьмі.
ЯЕЧНЮ І ХРАНАТОП ЗАБАНІЛІ. Рэспубліканская экспэртная камісія забараніла арганізатарам кінафэстывалю Bulbamovie-2016 паказваць фільмовы альманах Андрэя Кудзіненкі «Хранатоп» і стужку «Яечня па-беларуску». Экспэрты прызналі, што гэтыя творы наводзяць іх на думку пра «аднамерную антыгуманную жыцьцёвую пазыцыю», што б гэта ні значыла.
БЫЛЫ МІЛІЦЫЯНТ ПАДАЎ У СУД НА ЦЯПЕРАШНІХ. Колішні афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых з Гомелю зьвярнуўся ў суд з пазовам, каб спагнаць з маёра міліцыі Андрэя Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава кампэнсацыю маральнай шкоды па 1 капейцы — за ілжывыя сьведчаньні. Яны выкарысталі стандартную міліцэйскую працэдуру і абмалявалі яго ў сваіх пратаколах як хулігана, які лаяўся і размахваў рукамі. Суд, хутчэй за ўсё, скарыстаецца сваёй стандартнай працэдурай.
ЭМІГРАНТ ЗАХАЦЕЎ СТАЦЬ ПРЭЗЫДЭНТАМ БЕЛАРУСІ. Беларускі юрыст Юрась Зянковіч, які эміграваў у ЗША 9 гадоў таму, сказаў нам, што хоча пазмагацца за пасаду прэзыдэнта Беларусі. Чалавеку хапае аптымізму. Пакуль што, аднак, спадарыня Ярмошына не дазволіла яму пазмагацца і за месца ў Палаце прадстаўнікоў. «Беларусы жывуць добра, але па звычцы працягваюць наракаць» – сказаў нам спадар Зянковіч.
КАРПАЎ ПЕРАВЯЛІ НА ЗІМОВЫ РЭЖЫМ. Адбылося гэта ў рыбалоўнай гаспадарцы «Волма» Чэрвенскага раёну, зь якой прапануем наш суворы фотарэпартаж.