Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не сядзіце дома, мамы!


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Ня так даўно ў Беларусі адзначаўся Дзень Матулі. На афіцыйным узроўні ўсё выглядае досыць аптымістычна — вобраз маці культывуюць як сымбаль сям’і і ахвярнасьці, маці пахне смачнымі катлетамі і сьвежай выпечкай. Маці — заўсёдная крыніца любові і цеплыні. Гэта ўсё так.

Але ўвесь гэты мітычны клопат дзяржавы аб матулях зьнікае як толькі выходзіш з уласнага пад’езду. У горадзе няма пандусаў, а тыя, што ёсьць — напрыклад, у мэтро — для мам-экстрэмалак. У Менску адзінкі кавярняў зь дзіцячай зонай, дзіцячым мэню. Зусім няма спавівальных столікаў. Каб выйсьці з немаўлём на сустрэчу ў нейкую кавярню ці рэстарацыю трэба праявіць немалыя акрабатычныя здольнасьці, каб балянсуючы ім у паветры, урэшце памяняць пампэрс.

Дзяцей у прынцыпе не вітаюць у грамадзкіх месцах.

Я ўжо не кажу, што дзяцей у прынцыпе не вітаюць у грамадзкіх месцах. Чужым дзецям ня радыя ні ў банках, ні ў бібліятэках, ні ў кавярнях. Я мо й ня супраць не раздражняць навакольных сваімі гарэзьлівымі дзеткамі і праводзіць сустрэчы там, дзе ёсьць ўмовы, каб бавіць час з дзецьмі, але ў Менску такія ўстановы можна пералічыць на пальцах. Я ўжо не кажу пра іншыя гарады нашай слаўнай Бацькаўшчыны.

Якое задавальненьне я адчуваю прыяжджаючы ў тую ж Вільню! У кожным вялікім гандлёвым цэнтры будзе пакой маці і дзіцяці, у кожнай кавярні — дзіцячыя крэселцы і забаўкі. Паўсюль радыя вам і вашай малечы. Куды ні пойдзеш пагуляць у цэнтар гораду — безьліч бацькоў з вазкамі і дзеткамі. Такой прысутнасьці маленькіх дзетак ніколі ня ўбачыш у Менску, бо дабрацца да цэнтру гораду з вазком — гэта той яшчэ квэст. Калі я дазналася ад знаёмай, якая пераехала ў ЗША, што ў іхнім трэнажорным зале праз шкло займаюцца аніматары з дзецьмі любога ўзросту, пакуль бацькі трэніруюцца, я ледзь не заплакала ад адчаю беларускай стабільнасьці.

Дом, дом, дом — вось вашае месца.

Такое ўражаньне, што нам кажуць: Быць мамай — гэта, вядома ж, безумоўны гонар і важная роля ў жыцьці грамадзтва, але пабудзьце мамы, такімі героямі, калі ласка, у сябе дома. Не выходзьце асабліва нікуды — не стварайце праблемаў. Дом, дом, дом — вось вашае месца.

І гэта такое замкнёнае кола: мамы нікуды не выходзяць зь дзецьмі, бо няма ўмоваў у грамадзкіх месцах, а ў грамадзкіх месцах не зьяўляюцца адпаведныя умовы, таму што мамы нікуды не ходзяць.

На мітынгі хадзіць — дурасьць, палітыкай цікавіцца — сьмешна. Сядзіце дома, дарагія жэншчыны!

Такое заганнае кола гарманічна кладзецца на пасыл дзяржавы аб тым, што сьвет маладой жанчыны мусіць быць абмежаваны толькі дзіцячымі і сямейнымі пытаньнямі. Паслухайце, што кажа вам грамадзкае меркаваньне вуснамі высокіх чыноўнікаў: «На мітынгі хадзіць — дурасьць, палітыкай цікавіцца — сьмешна. Сядзіце дома, дарагія жэншчыны!»

На ўсё гэта прыгадваюцца цудоўныя словы Маргарэт Тэтчэр: «Дом мусіць быць цэнтрам, але не мяжою жыцьця жанчын».

Я пераканана, што любая жанчына можа і мусіць адчуваць сябе гарманічна ў гэтай ролі — мамы. І дзяржава толькі выйграе ад актыўных, цікаўных мам, рознай занятасьці і розных інтарэсаў. Толькі дайце ім выйсьці з дому. А там яны ўжо сябе пакажуць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG