Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзьце як Дылан». Іншы погляд


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Мабыць, не памылюся, калі скажу, што кожны раз швэдзкія акадэмікі досыць доўга спрачаюцца наконт новага ляўрэата ў галіне літаратуры.

Прыняцьце канчатковага рашэньня вымагае кансэнсусу, а кансэнсус – дастаткова моцнай аргумэнтацыі.

Узнаўленьню гэтае аргумэнтацыі прысьвяцілі свой час ці мала аналітыкаў па ўсім сьвеце, бо й рашэньне Нобэлеўскага камітэту было даволі экстравагантным. Сяргей Дубавец у блогу «Нобэль вярнуў сабе рэпутацыю» гаворыць пра адвагу і нечаканасьць як найпершыя чыньнікі разьвіцьця – ад маналітнага й непарушнага канструкту літаратура (у выглядзе Швэдзкай Акадэміі) спрабуе вылузнуцца ў нешта больш сучаснае.

«Мультыінструмэнталізм Нобэля, Алексіевіч, Дылана, Гедройця, Шчура – гэта ўсё зьявы адраджэньня культуры, яго найпершая прыкмета. Аднажанравыя творцы – наадварот, прыкмета стагнацыі» – піша Сяргей Дубавец. Мне ж падаецца, што якраз прывязкай да аднажанравай літаратуры й былі заклапочаныя акадэмікі.

Перадусім маю на ўвеце суадносіны паэзіі і песьні (адно што ня ў выглядзе аднайменнага маладачанскага фэстывалю).

Штораз Нобэлеўскі камітэт сваім рашэньнем робіць нейкі жэст, які мусіць быць значным для панятку «сусьветнай літаратуры»; апошні, няхай і ў выглядзе «пустога знаку» ўсё яшчэ знаходзіцца на гарышчы чалавечага падсьвядомага. Выкідаць яго пакуль ня хочуць (у тым ліку таму, што ён мае немалое фінансавае напаўненьне праз увагу сусьветнага кніжнага рынку). Паводле запавету Нобэля, дасягненьне абавязанае быць важным для чалавецтва ў цэлым. То бок, рашэньне павінна паказваць на пэўны факт у разьвіцьці сусьветнае літаратуры, уцелаўленьнем якога і зьяўляецца ляўрэат.

У выпадку Боба Дылана, як мне падаецца, аргумэнтацыю швэдзкіх акадэмікаў больш перадае думка пра тое, што функцыя паэзіі ў сучасным сьвеце цалкам зьмянілася. Бытаваньне паэзіі цяпер супярэчыць панятку «сусьветнай літаратуры». І таму – функцыя паэзіі дэлегаваная песьні.

Гэта зусім ня кажа пра заняпад і апакаліпсыс. Песьня ў дадзеным выпадку зьяўляецца адмысловай лядоўняй, крыягеннай камэрай, якая перахоўвае паэзію да лепшых часоў. Філёлягі, якім чыталі ва ўнівэрсытэце гістарычную паэтыку, памятаюць вучэньне Аляксандра Весялоўскага, ягоную тэорыю паходжаньня паэзіі. У цэнтры тэорыі знаходзіцца першапачатковы сынкрэтызм, калі ўсе літаратурныя жанры выводзяцца з песьні і мэлядэклямацыі з жэстамі.

Рэвэранс у бок песьні, зроблены Нобэлеўскім камітэтам, такім чынам трапляе ў сугучча з агульнай хадою літаратуры. Акадэмікі адзначаюць наяўны стан справаў з паэзіяй, якая можа стацца сусьветнаю зьявай толькі дзякуючы песьні. Разам з тым, і час разлому грамадзкай сьвядомасьці абраны вельмі нават слушны – эстэтычная рэвалюцыя 1960-х, квінтэсэнцыяй якіх зьяўляецца Дылан, пад чые тэксты падладжваліся і Ленан з Гэндрыксам і Умка з Грабеншчыковым, і яшчэ богведама колькі выканаўцаў. Гэта ж і сыгнал літаратурнай экспэртнай рады да самых музыкаў, наколькі важнае і адказнае прызначэньне іх працы. Менавіта яны ў сучасным сьвеце зьяўляюцца праваднікамі новага паэтычнага канону, а ў той жа час найбольшая ўвага закладаецца ў выбудоўваньне гучаньня.

Акадэмія нібыта кажа: «Дзетухны, вы разумееце, што вашы творы слухаюць і чытаюць мільярды людзей? Калі ласка, расстаўляйце словы ў сваіх песьнях як мага больш акуратна. Дылан харошы. Будзьце як Дылан».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG