Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: важную ролю ў перасьледзе Пальчыса адыгралі сувязі паміж спэцслужбамі Расеі і Беларусі


Актывіст трымае плякат пад Менскім гарадзкім судом падчас закрытага працэсу над блогерам Эдуардам Пальчысам
Актывіст трымае плякат пад Менскім гарадзкім судом падчас закрытага працэсу над блогерам Эдуардам Пальчысам

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над заснавальнікам сайту 1863х.com Эдуардам Пальчысам, якога праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязьнем.

Эдуард Пальчыс абвінавачваецца па крымінальных артыкулах: «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» і «Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў».

Бяляцкі: грамадзкая думка пра Пальчыса адназначная, і ўладам прыйдзецца з гэтым лічыцца

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ўпэўнены, што справа Эдуарда Пальчыса мае відавочны палітычны падтэкст.

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

«Беларускія праваабаронцы прызнаюць Эдуарда Пальчыса палітычным зьняволеным, — канстатуе праваабаронца. — Фактычна зь першых дзён яго арышту мы вельмі ўважліва адсочвалі гэтую справу, і было відавочна, што яна мае палітычны падтэкст, хоць улады і не прызнаюцца ў гэтым. Але я думаю, што грамадзкая думка беларусаў адназначная, і ўладам прыйдзецца з гэтым лічыцца».

Алесь Бяляцкі лічыць, што прычынай перасьледу Эдуарда Пальчыса стала ягоная пазыцыя наконт агрэсіі Расеі супраць Украіны, што выклікала незадаволенасьць расейскіх спэцслужбаў:

«Гэта працяг тых трэндаў, якія мы бачылі ўсе апошнія гады. Перасьлед Эдуарда Пальчыса вельмі моцна зьвязаны з тымі дзеяньнямі, якія рабілі спэцслужбы пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай. Я думаю, што важную ролю ў пачатку крымінальнага перасьледу Эдуарда Пальчыса адыгралі сувязі паміж спэцслужбамі Расеі і Беларусі. Мы ведаем, як перасьледуюцца вольныя дэмакратычныя блогеры ў Расеі, дзясяткі чалавек падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу за свае выказваньні, за свае крытычныя ацэнкі ролі Расеі ў вайне на Данбасе. Відавочна, што і тут гэтая сувязь ёсьць — яго перасьледуюць за гэта», — кажа ён.

Гулак: Няма прычынаў рабіць гэты працэс закрытым

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падкрэсьлівае, што, на думку праваабаронцаў, няма ніякіх падставаў рабіць судовы працэс над Эдуардам Пальчысам закрытым.

Алег Гулак, архіўнае фота
Алег Гулак, архіўнае фота

«Калі ёсьць нейкія пытаньні, якія трэба дасьледаваць у закрытым рэжыме, то працэс можна закрыць менавіта ў гэтай частцы. Але важна, каб справа, якая мае публічнае гучаньне, была ўсё ж адкрытай для грамадзтва і назіральнікаў, каб было зразумела, у чым там сутнасьць», — кажа ён.

Алег Гулак упэўнены, што падставаў для абвінавачваньня Эдуарда Пальчыса ў распальваньні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці няма:

«Я спадзяюся, суд зможа разабрацца ў гэтай справе з улікам таго, што права на свабоду выказваньня — канстытуцыйнае, яно абараняецца міжнароднымі стандартамі, і вельмі важна, каб людзі мелі магчымасьць выказвацца на складаныя тэмы. З таго аналізу, які мы рабілі па гэтай справе, я ня бачу з боку Пальчыса парушэньняў».

Што тычыцца абвінавачваньняў у распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў, то яно зьявілася не на пустым месцы, лічыць Алег Гулак. Пальчыс у адным з сваіх матэрыялаў выкарыстаў ілюстрацыю з парнаграфічнай выявай, каб такім чынам прадэманстраваць карыстальнікам рэсурсу 1863х.com недапушчальныя падыходы да падачы інфармацыі некаторымі вэб-рэсурсамі. Праваабаронцы хоць і лічаць гэта і недальнабачным крокам з боку Пальчыса, але ня ўпэўнены, што гэта можа быць падставай для пазбаўленьня волі.

«Можна спрачацца, чаму абвінавачаньні ў распаўсюдзе парнаграфіі зьявіліся не з самага пачатку, але ўсё ж такі яны не выглядаюць цалкам выдуманымі. Але ў любым выпадку, па-першае, трэба ўлічваць, зь якой мэтай гэта рабілася. Па-другое, калі мы аналізавалі юрыдычную практыку, то звычайна пакараньні ў падобных абставінах не зьвязаны з пазбаўленьнем волі», — канстатуе праваабаронца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG