Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь блякуе праект гарадзкой стратэгіі ААН з-за згадкі пра правы ЛГБТ-супольнасьці


Беларусь зьяўляецца лідэрам сярод 17 краінаў, якія блякуюць праект новай гарадзкой стратэгіі, распрацаванай ААН, у якой прадугледжаныя правы геяў, лесьбіянак і транссэксуалаў.

Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцы, блізкія да перамоваў.

«Новы гарадзкі плян ААН» ня мае статусу абавязковага пагадненьня для вырашэньня праблемаў гарадоў ва ўсім сьвеце, якія імкліва растуць, але ў ім выкладзеныя асноўныя прынцыпы для ўстойлівага разьвіцьця гарадоў цягам наступных 20 гадоў.

Прызнаньне ЛГБТ-супольнасьці, а таксама прызнаньне наяўнасьці праблемы гамафобіі, разглядаюцца значным крокам у пазыцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў — пры тым, што аднаполыя сэксуальныя адносіны забароненыя ў 76 краінах сьвеце (траціне дзяржаваў-сябраў ААН) і караюцца сьмерцю ў сямі краінах.

Аднак паводле некаторых крыніцаў, пры падтрымцы розных краінаў (у тым ліку Расеі, Эгіпту, Катару, Інданэзіі, Пакістану і Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў), Беларусь вядзе закулісную кампанію ў справе прыняцьця дакумэнту толькі для гарадоў, «спрыяльных для сем’яў зь дзецьмі».

Джош Бэкэрт, прэсавы сакратар канадзкага ўраду (менавіта Канада прадстаўляе праект), адзначыў, што Канада «змагалася», каб правы геяў і наяўнасьць праблемы гамафобіі былі афіцыйна прызнаныя.

Цяпер у разьдзеле «Заклік да дзеяньня» канстатуецца дыскрымінацыя асобных групаў насельніцтва ў гарадах, у тым ліку жанчын, дзяцей, інвалідаў, карэнных народаў, людзей бяз сталага месца жыхарства, насельнікаў трушчобаў, уцекачоў і моладзі, — але няма ні слова пра ЛГБТ-супольнасьць.

Абмеркаваньне новай рэдакцыі праграмы ААН для гарадоў адбывалася некалькі месяцаў ва ўсім сьвеце. Фінальныя сустрэчы адбыліся ў Нью-Ёрку і ў Сурабаі (Інданэзія) і ахоплівалі трыццаць тысяч удзельнікаў. Пры гэтым урад Інданэзіі заявіў у жніўні, што «няма месца» для ЛГБТ-руху ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Крыніцы паведамілі, што на другі дзень абмеркаваньня ў Сурабаі зьявіліся словы «спрыяльна для сямʼі», якія прапанавала дэлегацыя Беларусі і падтрымалі прадстаўнікі Расеі і Эгіпту. Прадстаўнік Беларусі падкрэсьліў неабходнасьць улічваць інтарэсы сямʼі ў праграмах ААН, і заявіў, што гэта падтрымліваецца 17 краінамі.

У лік гэтых краінаў уваходзяць Банглядэш, Малайзія, Нігер, Саудаўская Арабія, Самалі, Іран і Зімбабвэ. Яны лічаць патрэбным падкрэсьліць, што «сям’я зьяўляецца натуральнай асноўнай ячэйкай грамадзтва». «Мы перакананыя, што правы чалавека жанчын і мужчын, дзяцей і пажылых людзей, інвалідаў можна лепей абараняць у абараняць у рамках сямʼі», — было заяўлена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG