Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі размоўны клюб» у Кіеве адзначыў сямігодзьдзе


На чарговым пасяджэньні, у якім удзельнічалі паўтара дзясятка чалавек, прысутнічаў і заснавальнік ды нязьменны кіраўнік «Беларускага размоўнага моўнага клюбу» Андрэй Бугай, які пагадзіўся адказаць на нашыя пытаньні.

Андрэй Бугай зазначыў у інтэрвію Свабодзе, што ўпершыню зацікавіўся беларускай мовай у канцы 90-х — на пачатку 2000-х:

Андрэй Бугай
Андрэй Бугай

— Неяк траплялася зрэдку беларуская мова то на тэлебачаньні, то на радыё. Упершыню на радыё ўкраінскім пачуў гурт Н.Р.М. Тады актыўней зацікавіўся і пачаў шукаць іхную ды іншую музыку па-беларуску. Тое недзе годзе ў 2003–2004-м было.

— Якія зьмены адбыліся ў клюбе ад моманту заснаваньня?

— Спачатку сустракаліся нерэгулярна, але з часам папулярнасьць клюбу расла, людзей станавілася болей, і мы дасягнулі стабільнасьці: сустрэчы што два тыдні, нягледзячы ні на што (хіба што на зімовыя сьвяты можам часам зрабіць перапынак).

Людзі зьмяняюцца; за 7 гадоў ужо шмат людзей было, якія хадзілі па годзе, два, некалькі, а потым пераставалі: ці дзяцей заводзяць і ўжо часу ня маюць, ці пачынаюць іншымі мовамі цікавіцца. Але старыя ўдзельнікі час ад часу ўсё ж наведваюцца, каб прыгадаць былое ды адчуць цёплую атмасфэру сустрэч.

Ну а з людзьмі і актыўнасьці зьяўляюцца — то фільмы разам глядзім па-беларуску, то песьні сьпяваем, сёньня вось у беларускую настольную гульню гулялі (і зноўку сьпявалі).

Не зьмяняецца хіба адно: кожны раз, прыходзячы на сустрэчу клюбу, не ўгадаеш, што цікавага даведаесься сёньня — але абавязкова даведваесься, бо людзі ходзяць вельмі розныя, у асноўным актыўныя, і таму заўсёды маюць што расказаць ды пра што горача паспрачацца.

— Што прывабнае для ўкраінцаў у беларускай мове?

— Прывабнасьць менавіта беларускае і менавіта для ўкраінцаў — мабыць, блізкасьць мовы; блізкасьць у альфабэце, у словах; у тым, што яна таксама пад пагрозай зьнікненьня — але, на жаль, яшчэ большай. Блізкасьць культурная, мэнтальная, жыцьцёвая. Калі і можна казаць пра брацкасьць якой мовы і народу да нас, то хіба толькі пра беларусаў. Блізкасьць мовы — і ў той жа час заўсёды адчуваеш, што гэта іншая мова, іншы сьвет. Падобны, але іншы. Які разьвіваўся ў іншых умовах, які прыносіць цікавыя пытаньні, што ў нас яшчэ не зьявіліся, альбо адказвае на пытаньні, на якія мы даўно шукаем адказ.

Украінцам увогуле трэба значна болей ведаць пра нашых суседзяў, а пра беларусаў дык і пагатоў.

— Якія пэрспэктывы зацікаўленасьці беларушчынай ва Ўкраіне?

— Час ад часу сустракаю зусім розных людзей, якія так ці інакш прыйшлі да беларускае мовы, сустракаю іх і ў Кіеве, і ў Львове, у іншых гарадах. І, упэўнены, буду сустракаць іх і далей. Украінцы ўсё часьцей цікавяцца Ўкраінай, а з тых, хто цікавіцца Ўкраінай, шмат хто цікавіцца і Беларусьсю ды іншымі суседзямі.

Думаю, гэта насамрэч звычайнае жаданьне чалавека — пазнаваць сябе, у тым ліку праз пазнаньне сваіх суседзяў. Гэты працэс ідзе, і таму я ўпэўнены, што сярод украінцаў зацікаўленыя Беларусьсю будуць заўсёды. Ды і пасьля беларускае людзі часта цікавяцца зусім іншымі, але таксама чымсьці блізкімі мовамі ды культурамі: літоўскай, польскай, румынскай, грузінскай, ці нават валійскай.

Усяго за сем гадоў існаваньня празь «Беларускі размоўны моўны клюб» у Кіеве прайшлі некалькі соцень чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG