Кожны дзень хлопцы стаяць і зьбіраюць подпісы за гэтую пачэсную справу, зазвычай каля ўнівэрсаму «Цэнтральны». Людзі то шыхтуюцца ў чэргі, каб падпісацца, то подбегам мінаюць небясьпечнае, на іх думку, месца.
Бачыў, як падпісваліся за сьцяг Уладзімер Адамчык, Алена Анісім, Уладзімер Арлоў, Лявон Вольскі, Аляксей Марачкін, Валеры Мазынскі, Уладзімер Някляеў ды іншыя.
Нечым гэта нагадвае перабудовачныя часы, калі гэтаксама натхнёныя ідэалісты зьбіралі подпісы за той самы сьцяг, за Пагоню, за мову.
Побач са збіральнікамі подпісаў цяпер, як і тады, ціхары з КДБ. Часам падыходзяць міліцыянты й складаюць пратаколы.
Звычайная справа.
Але вось прыходзіць журналіст аднаго незалежнага радыё, глядзіць на гэты чын і пасьля ляніва так, з вышыні ня надта каб пражытых гадоў, дзеліцца ўражаньнямі ў фэйсбуку: маўляў, швах справа. Вось у 1996 годзе там быў бы натоўп, у 2006 – амон, а сёньня нікога няма. Ні ў які сьцяг людзі ня вераць. На што толькі той МФ сілы марнуе. Ці не Сізіфава праца ўсё гэта?
Можа й Сізіфава, бо Сізіф, каціўшы і каціўшы свой камень на гару, відаць, таксама быў ідэалістам.
Ясна, мы цягнем груз дэпрэсіўных часоў. Мы стаміліся ад паразаў, безнадзёгі, росту коштаў, пустапарожніх выбарчых кампаній, сварак апазыцыі… Што застаецца? Прынамсі, ня здраджваць уласным ідэалам.
Нягледзячы на паразу 1995 году, на Ціцянкова й Лукашэнку, на вэрхал саўка й постсаўка.
Кажуць «Малады Фронт» блізкі да хрысьціянскай плятформы. Можа быць сапраўды, вера ім дапамагае быць непахіснымі й пасьлядоўнымі ў сваёй дзейнасьці. Але для мяне больш важны іхны ідэалізм як такі. І мне, як звычайнаму беларусу, хочацца верыць у гэты ідэалізм. І хочацца ім чым можна дапамагчы. Хоць бы сваім подпісам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.