Пра гэта ён заявіў на круглым стале па зьмене выбарчага заканадаўства, які праводзіцца старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, сябрам АГП Ганнай Канапацкай.
Віталь Рымашэўскі выказаў думку, што мяняць трэба ня толькі выбарчае заканадаўства, але і Крымінальны кодэкс. Ён лічыць, трэба зрабіць больш жорсткім пакараньне за ўдзел у фальсыфікацыях, што дазволіць паўплываць на правапрымяняльную практыку.
«Мы маем справу з масавым ўдзелам у крымінальным злачынстве сябраў выбарчых камісій. За фальсыфікацыю выбараў у нас крымінальнае заканадаўства прадугледжвае пакараньне ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі (артыкул 192 КК РБ. — РС). Гэта настолькі размыта, што людзі, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях, думаюць, што пагражае хіба толькі штраф. Мая прапанова ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс, каб зрабіць больш жорсткай адказнасьць. Каб пакараньне за фальсыфікацыю выбараў было не да 5 гадоў, а ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў ён.
На думку Рымашэўскага, гэтых паправак у Крымінальны кодэкс Ганна Канапацкая таксама павінна дамагацца ў Палаце прадстаўнікоў.
На пачатку мерапрыемства старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька канстатаваў, што круглыя сталы па зьмене выбарчага заканадаўства праводзіліся ўжо неаднаразова.
«Але цяпер ёсьць магчымасьць не ставіць кропку пасьля круглага стала, а ставіць коску. У нас ёсьць некалькі мандатаў дэмакратычных дэпутатаў і ёсьць магчымасьць выкарыстаць іх. Вядома, я б не перабольшваў значнасьць 2 мандатаў, якія ёсьць. Мы ня ў большасьці. Але гэта шанец, і яго трэба выкарыстаць», — кажа ён.
Паводле ягоных слоў, па заканчэньні сёньняшняга мерапрыемства трэба сфармаваць рабочую групу, якая б да пачатку сэсіі Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня падрыхтавала закон аб папраўках у Выбарчы кодэкс. Адначасова павінен быў распрацаваны плян дзеяньняў па прасоўваньні гэтага законапраекту.
«Мы тут сабраліся, каб вярнуць права выбару людзям, каб на наступных выбарах не было сумневаў у перамозе дэмакратыі і дэмакратычных кандыдатаў», — адзначыла ў сваю чаргу Ганна Канапацкая.