Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына зь Віцебску атрымала 12 гадоў калёніі за паўтары таблеткі экстазі


Беларуску Дарʼю, якая вярнулася з Паўночнага Кіпру, маючы пры сябе 1,5 таблеткі экстазі, асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі. Пра гэта паведамляе «Менск-Навіны».

«24-гадовую ўраджэнку Віцебску злавілі на кантрабандзе асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва і злосных намерах на яго збыт, — распавёў выданьню „Менск-Навіны“ старшы памочнік Менскага транспартнага пракурора Максім Ісін. — Паводле наяўнай інфармацыі, забароненыя рэчывы знаходзіліся ў затрыманым у дарозе багажы Дарʼі, які прыляцеў з Турэцкай Рэспублікі Паўночны Кіпр у Нацыянальны аэрапорт Менск».

Па прыбыцьці багаж праверылі ў зоне мытнага кантролю. Спачатку спэцыяльна навучаны сабака ўнюхаў усярэдзіне наркотыкі. А пры аглядзе зьмесьціва багажу ў адной з шкарпэтак знайшлі скрутак, у якім былі паўтары таблеткі экстазі.

Затрыманая адразу патлумачыла, што таблеткі атрымала ад знаёмага ў начным клюбе, а пасьля паклала іх у чамадан, схаваўшы ў шкарпэтку. На судзе яна адмаўляла намер збыць таблеткі. Доказам намеру распаўсюдзіць наркотыкі на судовым працэсе былі прызнаныя факты гутаркі пра таблеткі зь сяброўкамі.

У выніку суд прызнаў Дарʼю вінаватай у перамяшчэньні наркотыкаў праз мытную мяжу Беларусі, а таксама ў незаконных з мэтай збыту набыцьці і перавозцы асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў. Дзяўчыне прысудзілі 12 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.

У сьнежні 2014 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў», які робіць больш жорсткімі захады супроць распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў. Па большасьці пазыцыяў крымінальнага перасьледу за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, санкцыі вырасьлі амаль удвая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG