Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыгладжваюць, баяцца, што Лукашэнка павыганяе», — гомельскія чыноўнікі рыхтуюцца да візыту прэзыдэнта


Ужо некалькі тыдняў паўтара дзясятка кілямэтраў дарогі ад Гомеля праз урочышча Клёнкі і далей да ліцэю Міністэрства надзвычайных сытуацыяў сталі аб’ектам пільнай увагі мясцовых уладаў. Дарожнікі сьпешна перакладвалі асфальт у найбольш праблемных месцах, чыгуначнікі рамантавалі пераезд Клёнкі-Раманавічы. Камунальнікі з аграрнікамі як апантаныя і цяпер чысьцяць узбочыны дарогі і прылеглыя да яе лапікі зямлі.

Чыгуначны пераезд Клёнкі-Раманавічы
Чыгуначны пераезд Клёнкі-Раманавічы

Рыбак Васіль, які ідзе ад рэчкі Іпуць у горад, зь непрыхаванай усьмешкай камэнтуе стараньні мясцовага начальства:

«Прыгладжваюць, баяцца, што Лукашэнка павыганяе».

Размовы пра наведваньне Лукашэнкам ліцэю МНС цыркулююць у Гомелі недзе ад пачатку верасьня. Зь яго візытам людзкая пагалоска і зьвязвае шчыраваньні шматлікіх службаў на дарозе, пачынаючы ад вуліцы Скарыны ў бок Клёнак і Веткі.

Укладваньне бардзюраў і парадкаваньне зьездаў на вуліцы Скарыны
Укладваньне бардзюраў і парадкаваньне зьездаў на вуліцы Скарыны

Камунальнікі ўкладваюць бардзюры, парадчаць зьезды да прыватнага сэктару, кінуўшы недаробленай блізкую адсюль вуліцу Валадарскага, жыхары якой адмаўляліся нават ісьці на выбары 11 верасьня.

Білборды на шляху да ліцэю
Білборды на шляху да ліцэю

Перад рэчкай Іпуць і пасьля яе на дадатак да рэклямных шчытоў будаўнічых матэрыялаў усталяваныя жоўтыя білборды з павучальнымі надпісамі па-беларуску, праўда, зь некаторымі памылкамі: «Будзь моцным — данясі смецце да урны!», «Вучыце дзяцей добрым манерам!». Білборды, аказваецца, вырабленыя на замову Гомельскага камітэту аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, пра што паведамляецца ўнізе драбнейшымі літарамі, напісанымі чамусьці на расейскай мове.

Зрэзанае кустоўе пакуль не прыбралі
Зрэзанае кустоўе пакуль не прыбралі

Ад разгалінаваньня дарог у бок піянэрлягеру «Рамантыка» і райцэнтру Ветка ва ўсю шчыруюць рабочыя Раманавіцкага лясьніцтва Гомельскага лясгасу. Ужо высечаны і сьпілаваны прыдарожны хмызьняк. Цяпер ад шашы ўглыб лесу пракладваюць шырокія прасекі. Тутэйшыя дачнікі пацяшаюцца:

«Партызанаў апасаюцца, ці што?»

Прасека ад шашы
Прасека ад шашы

«Можа, наадварот, лінію абароны рыхтуюць, як маладафронтаўцы», — выказвае меркаваньне абазнаны ў грамадзкім жыцьці дачнік Алег, маючы на ўвазе, што акурат за ліцэем МНС, у лесе паблізу вёскі Рудня-Споніцкая, актывісты Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі рылі на пачатку верасьня патрыятычны акоп, каб ратавацца ад магчымай расейскай агрэсіі, накшталт той, што разгорнутая ва Ўкраіне.

Гамельчукі даўно заўважылі: візытам Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіён заўсёды папярэднічаюць аўралы. У чэрвені жыхары абласнога цэнтру гадалі,чаму гэта чыноўнікі ў сьпешным парадку арганізавалі ўкладваньне пліткі каля вакзалу і асфальту на вуліцах Савецкай, Камсамольскай, Хатаевіча — блізу абласнога дзіцячага шпіталю і кандытарскай фабрыкі «Спартак»? Шчыравалі ў тры зьмены, днём і ноччу. Чуткі пацьвердзіліся: 18 чэрвеня кіраўнік дзяржавы наведаў і дзіцячы шпіталь, і «Спартак». А калі Лукашэнка зьехаў, асфальт на Савецкай ад вуліцы Жаркоўскага да Камсамольскай зрэзалі, каб пракласьці камунікацыі, і заліць новым.

Афіцыйнага пацьверджаньня візыту Аляксандра Лукашэнкі ў ліцэй МНС пакуль няма, але ажыятаж вакол шляху ад Гомеля да ліцэю, указвае на імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў. Акурат, як у трасянкамоўнай песьні ансамблю «Крынічанька» зь вёскі Новыя Мілевічы Жыткавіцкага раёну: «А нам званят, што едзе Лукашэнка».

«А Лукашэнка ўсё рабіць умее,
Умее жаць, умее і пахаць,
Сваей душой, сваім ласкавым сэрцам
Людзей к труду умее прыўлякаць».
Узбочыну акультурваюць трактарысты
Узбочыну акультурваюць трактарысты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG