Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На жаль, Багушэвіч ня так глыбока ў душах беларусаў, як Шаўчэнка ва ўкраінцаў...» — дырэктар музэю ў Кушлянах


Сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах
Сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах

Музэй клясыка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Смаргонскага раёну застаецца папулярным турыстычным месцам. Пераважна яго імкнуцца наведаць людзі з адукацыяй.

У першай жа маладой спадарыні, якая ідзе зь дзіцем па вуліцы ў Кушлянах, пытаюся, як праехаць да музэю Багушэвіча. Яна трохі сумелася, але кажа, што ня ведае, і прапануе пад’ехаць да крамы, там, маўляў, ходзяць людзі, і яны падкажуць.

Больш сталая жанчына ўсьміхнулася, пачуўшы маё пытаньне, павіталася і на добрай беларускай мове скіравала ў бок сядзібы Багушэвіча. А яшчэ патлумачыла, што цяпер у вёсцы жывуць і працуюць нетутэйшыя людзі, і яны могуць і ня ведаць, дзе тут што.

Загадчык музэю Багушэвіча Алесь Жамойцін
Загадчык музэю Багушэвіча Алесь Жамойцін

Паэт Алесь Жамойцін, загадчык музэю, які вельмі дэталёва вывучыў спадчыну Багушэвіча, распавядае цікавыя факты з жыцьця пісьменьніка, пра якія раней нідзе не даводзілася чытаць. Сядзіба (драўляны дом, збудаваны яшчэ ў 1876 годзе) дагледжаная. З даволі немалой экспазыцыі можна атрымаць уяўленьне ня толькі пра жыцьцё і лёс Багушэвіча, ягоную паўстанцкую і літаратурную дзейнасьць, але і пра эпоху ХІХ стагодзьдзя і побыт тагачаснай дробнай шляхты.

Аўтэнтычныя рэчы, якія служылі Багушэвічу
Аўтэнтычныя рэчы, якія служылі Багушэвічу

А вось у кабінэце аўтэнтычныя рэчы, якія служылі самому Францішку Багушэвічу.

— Працоўны стол, тры крэслы з элемэнтамі разьбы-пляценьня, шкатулка на стале — гэта арыгінальныя рэчы Багушэвіча, — расказвае спадар Жамойцін.

Здавалася б, што такога: усяго толькі стол і крэслы. Але калі ведаць вартасьць асобы Багушэвіча для Беларусі, успрымаецца гэта як нешта незвычайнае.

З экспазыцыі музэю Багушэвіча
З экспазыцыі музэю Багушэвіча

Цікаўлюся ў загадчыка музэю: ці шмат наведнікаў прыяжджаюць у Кушляны, каб пабыць у аўтэнтычным доме Багушэвіча? Аказваецца, нямала, на год да дзьвюх тысяч экскурсантаў. Пераважна гэта людзі дарослыя, якія едуць праз прыватныя фірмы, а значыць, кожны выбіраецца ў шлях толькі з уласнай ахвоты.

— Як правіла, большасьць людзей прыяжджае зь Менску. Шмат з Барысава, Маладэчна. Трошкі меней з Горадні, бо ў іх значна даўжэйшы шлях, ды зь іншых гарадоў.

Спадар Жамойцін кажа, што сярод наведнікаў больш людзей з адукацыяй, звычайныя сюды не сьпяшаюцца. А я цікаўлюся: чым, на ягоную думку, сёньня прываблівае адукаваных людзей спадчына Багушэвіча?

— А ведаеце, мы ўсе цяпер шукаем гераічнае ў нашым мінулым, бо нам самім не хапае сьмеласьці выказваць свае пачуцьці, думкі, сьветапогляд. Таму ўсе мы абапіраемся на тых рашучых, ахвярных людзей, якія былі ў нашым мінулым. А Багушэвіч, безумоўна, адзін зь іх...

З экспазыцыі музэю Багушэвіча
З экспазыцыі музэю Багушэвіча

А вось сярод экспанатаў цікавы дакумэнт таго часу, калі Багушэвіч працаваў адвакатам у Вільні. Гэта заява жыхара Крэва да віленскага судзьдзі. Ён просіць дазволу, каб ягоныя інтарэсы ў судзе абараняў менавіта Багушэвіч: «...бо Багушэвіч паходзіць з нашага народу, выдатна ведае нашу мову, і лічу, што сапраўды ўважлівым адвакатам да маёй старасьці можа быць толькі Багушэвіч». А побач рэзалюцыя Багушэвіча: «Згодны весьці справу бясплатна».

Ізноў цікаўлюся ў спадара Жамойціна — ці часта музэй наведваюць школьнікі, наколькі яны ведаюць Багушэвіча?

Памятны камень Багушэвіча
Памятны камень Багушэвіча

— Ведаеце, на жаль, Багушэвіч яшчэ не выкладаецца ў школе так, як выкладаецца Шаўчэнка для ўкраінцаў. Шаўчэнка падаецца арганічна, як нацыянальнае і блізкае для народу. А ў нас Багушэвіч вывучаецца як паэт-дэмакрат, як яшчэ некалі вызначылі пры савецкай уладзе. Але пра яго не гавораць, што ён быў чалавекам ахвярным ня толькі ў пляне сацыяльнага вызваленьня, але і нацыянальнага. Гэта і настаўнікамі часта не ўспрымаецца, і дзецям, на жаль, не перадаецца. А значыць, і ў душах нашых ён ня так глыбока, як Шаўчэнка ва ўкраінскіх... Гісторыя вучыць таму, што калі зь фізычнага пляну дзеяч здымаецца прымусова, пад прыгнётам, і пражывае цяжкае жыцьцё, то ягоныя ідэі найболей укараняюцца ў наступных пакаленьнях. А на маю думку, Багушэвіч прайшоў шлях пакутніка...

Помнік Багушэвічу на магіле ў Жупранах
Помнік Багушэвічу на магіле ў Жупранах

У экспазыцыі шмат здымкаў сям’і Багушэвіча, ягоных дваіх дзяцей. А ці падтрымлівае музэй сувязь з нашчадкамі пісьменьніка? Аказваецца, радні, якая прызнае сябе нашчадкамі Багушэвіча, шмат, і пераважна яны жывуць у Польшчы.

— Такая сувязь зьявілася на пачатку 90-х: у нас тут ладзіліся сьвяты, і мы іх запрашалі, яны прыяжджалі і ўдзельнічалі. А цяпер у нас ня так часта бываюць сьвяты. Мы цяпер не настолькі багатыя і самі не дасылаем ім запрашэньняў.

Сядзім на вуліцы побач з домам Багушэвіча, глядзім з горачкі на цудоўны ляндшафт — мару кожнага мастака. Пытаюся ў паэта Жамойціна: як уплывае праца ў музэі на ягоную творчасьць?

Помнік Багушэвічу ў Жупранах
Помнік Багушэвічу ў Жупранах

— Вядома, знаходжаньне тут спрыяе творчасьці, але ў разрэзе працы я стаўлю творчасьць Багушэвіча наперадзе. Таму што тое, што сёньня можна абудзіць у чалавеку лепшае, ягоную цікавасьць да беларускай культуры, то лепей за Багушэвіча я наўрад ці скажу. У яго нашмат лепшая моўная база, бо па мілагучнасьці, па вымаўленьні, артыкуляцыі мы ўсе прайграем Багушэвічу. Што можна сказаць словамі Багушэвіча, думаю, словамі Жамойціна не заўсёды выкажаш. А што тут пішацца добра, гэта так.

Я спадзяваўся, што на разьвітаньне паэт прачытае свой верш, а ён дастаў дудачку і зайграў...

Алесь Жамойцін, загадчык музэю Багушэвіча ў Кушлянах
Алесь Жамойцін, загадчык музэю Багушэвіча ў Кушлянах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG