19 верасьня 2016 году ў межах візыту ў Нью-Ёрк міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей узяў удзел у пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН, прысьвечаным праблеме ўцекачоў і мігрантаў, паведамляе сайт Беларускага МЗС.
У сваім выступе кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства адзначыў, што «асноўная маса ўцекачоў у сьвеце сёньня зьяўляецца прамым ці ўскосным вынікам зацягнутых узброеных канфліктаў, прамога ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў і непавагі асноватворных прынцыпаў, закладзеных у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў».
Макей падкрэсьліў, што прынцып «разьмеркаваньня адказнасьці» павінен накладаць адказнасьць на тых, хто стаіць за распальваньнем канфліктаў на тэрыторыі сувэрэнных дзяржаў, што прымушае людзей масава пакідаць свае дамы.
Падчас свайго візыту Ўладзімер Макей сустрэўся зь міністрамі замежных спраў Мазамбіка, Турэччыны, Рэспублікі Карэя, Эквадору, а таксама памочнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША.
Падчас сустрэчы з памочнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыяй Нуланд бакі гаварылі пра неабходнасьць захаваньня станоўчай дынамікі ў беларуска-амэрыканскіх адносінах. Асобную ўвагу на перамовах надалі абмеркаваньню захадаў, важных для поўнай нармалізацыі ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і ЗША. Суразмоўцы таксама абмяняліся меркаваньнямі пра сытуацыю ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне.