Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы ў паплечнікаў Януковіча ў Харкаве: помста, аднаўленьне законнасьці ці перадвыбарчая гульня мускуламі


Мэр Харкава Генадзь Кернэс (справа) і народны дэпутат ад Апазыцыйнага блёку Міхаіл Добкін
Мэр Харкава Генадзь Кернэс (справа) і народны дэпутат ад Апазыцыйнага блёку Міхаіл Добкін

Другі дзень запар Генэральная пракуратура Ўкраіны ўзрушвае інфармацыйную прастору — учора адкрыцьцём і закрыцьцём справы супраць міністра ўнутраных спраў, выхадца з Харкава Арсена Авакава, сёньня — ператрусамі ў двух былых паплечнікаў зрынутага прэзыдэнта Віктара Януковіча — мэра Харкава Генадзя Кернэса і народнага дэпутата ад Апазыцыйнага блёку Міхаіла Добкіна, які ў 2010–2014 гадах узначальваў Харкаўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю і рэгіянальную арганізацыю Партыі рэгіёнаў.

Для ператрусу ў Харкаў камандзіравалі ўзмоцненую групу ў складзе 100 супрацоўнікаў Генпракуратуры і Службы бясьпекі Ўкраіны, а таксама спэцпадразьдзяленьне «Альфа». Усе гэтыя дзеяньні адбываюцца ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце арганізацыі схемы крадзяжу 654 гектараў зямлі на суму 4 мільярды грыўняў.

Па маштабе цяперашнюю апэрацыю праваахоўных органаў можна параўнаць хіба што зь безвыніковай спробай у 2005 годзе (тады Юры Луцэнка ўзначальваў Міністэрства ўнутраных спраў. — РС) затрымаць экс-кіраўніка Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Анатоля Засуху з выкарыстаньнем верталёта і ўзброеных спэцпрызначэнцаў.

Сёньня паўдня цэнтар Харкава фактычна быў заблякаваны. Як прызнаваліся харкаўскія журналісты, у горадзе даўно не было такой колькасьці ўзброеных праваахоўнікаў.

За Партыю рэгіёнаў, але супраць «Рускай вясны»

Генадзь Кернэс і Міхаіл Добкін — не выключэньне ва ўкраінскай палітыцы: у публічную дзейнасьць яны абодва прыйшлі зь бізнэсу. Абодва займалі пасаду мэра Харкава: Міхаіл Добкін — з 2006 да 2010 году, Генадзь Кернэс — з 2010-га, а ў 2015 годзе быў паўторна абраны на гэтую пасаду. У часы прэзыдэнцтва Януковіча Міхаіл Добкін узначальваў Харкаўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю.

Міхаіл Добкін
Міхаіл Добкін

У часе масавых акцыяў пратэсту ва Ўкраіне ў 2013–2014 годзе абодва выступалі з рэзкай крытыкай Эўрамайдану. Апазыцыянэраў яны называлі «пачварамі», а мітынгоўцаў — «вясёлымі клоўнамі». Калі тагачасная апазыцыя пачала крытыкаваць дзеяньні спэцпадразьдзяленьня «Бэркут», Генадзь Кернэс і Міхаіл Добкін дэманстратыўна яго абаранялі, ходзячы ў футболках з надпісам «Бэркут» і арганізаваўшы збор сродкаў на лячэньне міліцыянтаў, якія пацярпелі ў часе супрацьстаяньняў.

У 2014 годзе Генэральная пракуратура Ўкраіны выставіла Генадзю Кернэсу і двум ягоным ахоўнікам падазрэньні ў датычнасьці да выкраданьня і зьбіцьця прыхільнікаў Майдана. Але судовы працэс зацягнуўся. Наступнае пасяджэньне мелася адбыцца 26 верасьня, але апошні год яно ўвесь час пераносіцца з прычыны стану здароўя палітыка — у 2014 годзе ў выніку замаху Кернэс атрымаў цяжкае раненьне, куля прабіла лёгкае і пячонку. Сьледзтва нават дазволіла яму выехаць за межы Ўкраіны дзеля тэрміновых апэрацыяў у Ізраілі. Цяпер Генадзь Кернэс перасоўваецца ў інвалідным вазку. Дарэчы, пасьля гэтага замаху мэр Харкава заяўляў пра магчымую датычнасьць да яго Арсена Авакава.

У той жа час экспэрты зьвязваюць маруднасьць судовага працэсу са зьменай палітычных арыенціраў Кернэса. Напрыканцы 2014 году ён стаў праціўнікам «Рускай вясны» і яе асноўных патрабаваньняў наконт фэдэралізацыі і магчымага аддзяленьня ад Украіны яе паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў.

Генадзь Кернэс
Генадзь Кернэс

Цяпер Генадзь Кернэс і Міхаіл Добкін ва Ўкраіне, актыўна працуюць з адвакатамі. Абодва кажуць, што справа, у межах якой сёньня адбываюцца ператрусы, была адкрытая яшчэ два гады таму, але сьледчыя дзеяньні ўвесь гэты час не праводзіліся.

«Справу адкрылі супраць Авакава, а ператрусы праводзяць у Добкіна і Кернэса»

Палітычныя экспэрты мяркуюць, што нечаканыя ператрусы выкліканыя жаданьнем Генэральнай пракуратуры прыглушыць учорашні скандал з адкрыцьцём-закрыцьцём справы супраць міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава і адсутнасьцю прагрэсу ў іншай рэзананснай справе пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Генэральнай пракуратуры патрэбны прыклад эфэктыўнай дзейнасьці.

Але і сёньняшняя гісторыя можа такім прыкладам ня стаць. Сьледчыя парушылі закон, прыйшоўшы зь ператрусам у кватэру Міхайла Добкіна без выкананьня неабходных працэдураў. Паводле нацыянальнага заканадаўства, для ператрусу ў жылым ці службовым памяшканьні народнага дэпутата Вярхоўная Рада Ўкраіны павінна даць згоду на прыцягненьне парлямэнтара да крымінальнай адказнасьці, а такога рашэньня няма.

«Сьледчыя прыйшлі ня ў дом маёй маці, як паведаміў Юры Луцэнка. Мая маці ня мае ніякага дачыненьня да гэтага дома, ніколі тут не была прапісаная і ніколі не валодала гэтай маёмасьцю», — сказаў Міхаіл Добкін у інтэрвію аднаму з украінскіх тэлеканалаў.

У сваю чаргу Заран Шкірак, дарадца міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава, заявіў, што сёньняшнія падзеі ў Харкаве — «станоўчы і досыць моцны сыгнал пра тое, што эпоха злачыннай харкаўскай банды Кернэс-Добкін паволі завяршаецца».

«Я перакананы, што гэта не апошнія ператрусы. На жаль, Добкіна каторы раз ратуе дэпутацкая недатыкальнасьць, і гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што з гэтым трэба нешта рабіць», — сказаў Заран Шкірак.

Тым часам асабістыя дачыненьні паміж Арсенам Авакавым, з аднаго боку, і Міхаілам Добкіным ды Генадзем Кернэсам, зь іншага, адзначаюцца даўнім супрацьстаяньнем. Палітыкі нават не хаваюць непрыязнага стаўленьня адзін да аднаго.

Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

«Усе гэтыя падзеі я разглядаю ў сьвятле палітычнай асобы Авакава. Па-першае, Генпракуратура павінна захоўваць балянс паміж варагуючымі бакамі. І калі была такая мэдыйная атака на Авакава, патрэбная сымэтрыя супраць Кернэса, каб не было ніякіх размоў, падазрэньняў і іншых спэкуляцыяў на тэму выбарковага перасьледу. Таму, як толькі пачаліся заявы Луцэнкі адносна Авакава, я ўжо разумеў, што на чарзе, паводле закону сымэтрыі, павінен быць Кернэс. І тут таксама „зямельнае пытаньне“. Апроч таго, расьсьледуючы гэтую справу па Кернэсу-Добкіну, можна ж выйсьці на агульную справу па Харкаве за ўсе 2000-я гады, асабліва калі ў пэрыяд з 2005 да 2010 году абласную адміністрацыю ўзначальваў Арсен Авакаў. Тут яшчэ можа быць напрацаваны вялікі масіў паводле зямельных махінацыяў. Верагодна, што гэта працяг справы Авакава, а не яе закрыцьцё і перафакусаваньне на Кернэса-Добкіна», — сказаў палітоляг Вадзім Карасёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG