Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна на падставе вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка эвалюцыянуе як палітык?


Разважаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш і Валер Карбалевіч.

Ільяш: Зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў мала хто прагназаваў. Пры ўсёй абмежаванасьці такога кроку, як пропуск у парлямэнт двух іншадумцаў, гэта ўсё ж яўна не ўкладалася ў парадыгму паводзін улады ў апошнія гадоў 15. Разам з тым гэта новае пацьверджаньне таго, што так званая лібэралізацыя ў краіне працягваецца, і яе градус відавочна вышэйшы за градус лібэралізацыі 2008–2010 гадоў.

Ня раз казалася, што прычына ўсей гэтай так званай лібэралізацыі — неабходнасьць наладзіць адносіны з Захадам ва ўмовах цяжкага эканамічнага становішча і пагрозы з боку Крамля. З гэтым цяжка спрачацца. Але мне падаецца, што на ўзроўні асобы Аляксандра Лукашэнкі гэтыя рацыянальныя тлумачэньні ўсё ж ня могуць лічыцца вычарпальнымі, бо сам Аляксандар Лукашэнка, як і любы палітык, які валодае неабмежаванай уладай, вельмі схільны да ірацыянальных учынкаў. Чаго далёка хадзіць! Разгон Плошчы 2010 году і масавы перасьлед яе ўдзельнікаў, надзвычай жорсткі разгон бяскрыўдных маўклівых акцыяў пратэсту ў 2011 годзе, выгнаньне швэдзкага амбасадара ў 2012 годзе, дый шмат што яшчэ — усё гэта былі надзвычай ірацыянальныя ўчынкі.

Мы кажам пра тое, што два дэмакратычныя дэпутаты ў парлямэнце — гэта рэвэранс у бок Захаду. Так, безумоўна. Але гэтага рэвэранса ня менш (калі ня больш) чакалі ў 2008 ці 2012 годзе, але тады нават на аднаго іншадумца ў Палаце прадстаўнікоў улада не пагадзілася. Тое ж самае зь нешматлікімі акцыямі пратэсту ў цэнтры Менску. Памятаю, што падчас мінулай лібэралізацыі 2009–2010 гадоў нават менш заўважныя акцыі ў Менску разганяліся. А вось цяпер Статкевічу (якога яшчэ нядаўна, здавалася, ня вызваляць з турмы без прашэньня аб памілаваньні) раз за разам дазваляюць зьбіраць людзей на мітынгі ў цэнтры Менску.

Справа тут у пэўнай эвалюцыі самаадчуваньня Лукашэнкі, якая адбылася ў апошнія 2–3 гады.

Мне падаецца што справа тут не ў эвалюцыі палітычных перакананьняў Лукашэнкі — яны засталіся нязьменнымі. Справа тут у пэўнай эвалюцыі самаадчуваньня Лукашэнкі, якая адбылася ў апошнія 2–3 гады.

Мне падаецца, Лукашэнка-2016 ад Лукашэнкі-2012 ці −2010 адрозьнівае беспрэцэдэнтная самазаспакоенасьць і ўпэўненасьць у сваёй непаражальнасьці. Кідаецца ў вочы, што прыкладна зь вясны 2015 году ў ягоных выступах зьнікла агрэсіўная рыторыка супраць «пятай калёны» (нават гэты тэрмін перастаў выкарыстоўвацца), амаль перастаў адчувацца сындром «крэпасьці ў аблозе».

І гэта нават зразумела. Узгадайце, чаго толькі не было за апошнія 5–6 год. Катастрафічнае пагаршэньне стасункаў з Захадам, некалькі хваляў беспрэцэдэнтнага эканамічнага крызісу, значнае пагаршэньне ўзроўню жыцьця, расейская агрэсія супраць Украіны — і кожны раз яму ўдавалася выйсьці сухім з вады. Лукашэнка цяпер абсалютна ўпэўнены, што няма той праблемы, зь якой бы ён ня ўправіўся. Ён ведае, што апазыцыя разгромленая, ён упэўнены, што народнага бунту ўсё роўна ня будзе — колькі б там ні было дэвальвацыяў, падзеньня ўзроўню жыцьця і новых падаткаў. Канечне, ён адчувае пагрозу з боку Крамля, але і тут, відаць, упэўнены, што яму ўдасца перахітрыць усходняга суседа.

А як вам падаецца, калегі? Ці эвалюцыянуе Лукашэнка як палітык? І чым адрозьніваецца Лукашэнка-2016 ад Лукашэнкі-2012 ці −2010?

Глод: Як я зразумеў, непасрэднай падставай для пытаньня Ігара Ільяша стала зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў. І тут Ігар мае рацыю, калі кажа, што такое яўна не ўкладалася ў парадыгму паводзін улады ў апошнія гадоў 15. Тут, мне падаецца, можна паставіць два пытаньні. Першае: чаму Лукашэнка так баяўся зьяўленьня ў Палаце прадстаўнікоў апазыцыі раней? І другое: што зьмянілася, чаму ён больш не баіцца?

Я думаю, што ў Лукашэнкі з часоў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня застаўся асабісты парлямэнцкі досьвед. Ён ня можа ня памятаць, як Зянон Пазьняк і ягоныя аднадумцы, будучы ў тым парлямэнце ў значнай меншасьці (я падкрэсьліваю — у значнай меншасьці), часам навязвалі сваю волю бальшыні. Быў і досьвед Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, у якой першапачаткова не было апазыцыі, але былі бізнэсоўцы. У выніку чаго зьявілася дэпутацкая група «Рэспубліка». Вось чаму, на мой погляд, не было апазыцыі ў парлямэнце ні ў 2004, ні ў 2008, ні ў 2012 гадах.

Я мяркую, спрацаваў уплыў атачэньня.

У чым тады прынцыпова зьмянілася сытуацыя сёлета? Я мяркую, спрацаваў уплыў атачэньня. Палітычныя дарадцы ўвесь мінулы год шчодра раздавалі авансы прадстаўнікам замежных амбасадаў. Маўляў, будзе нарэшце зноў апазыцыя ў парлямэнце. І яна зьявілася. Дарадцы пераконвалі — уладныя пазыцыі моцныя, і мы можам сабе гэта дазволіць. І пры гэтым патрабаваць розных бонусаў ад Захаду.

Мне ў гэтай сытуацыі цікава іншае. Я задаю сабе пытаньне: чаму ў Палату прапусьцілі Канапацкую, а не Караткевіч? Чаму Анісім, а ня Трусава? І я маю свой адказ. І Караткевіч, і Трусаў — гэта палітыкі зь імем. Як бы там ні было, але Караткевіч падчас мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў стала вядомая ўсёй краіне. Яе паказвалі па тэлебачаньні, яна правяла шырокую прапагандысцкую кампанію. І яе зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў стала б трамплінам для яе палітычнай кар’еры. А вось гэта Лукашэнку якраз і не патрэбна. Навошта яму канкурэнты?

Трохі іншая гісторыя з Алегам Трусавым. Той быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Лукашэнка цудоўна ведае ягоныя здольнасьці. А спадар Трусаў — чалавек эмацыйны, ён умее схіляць на свой бок іншых людзей. І з гэтага пункту гледжаньня такі дэпутат таксама не патрэбны кіраўніку дзяржавы.

А вось Канапацкая і Анісім — людзі новыя для вялікай палітыкі. Няхай нешта паспрабуюць рабіць, а там час пакажа.

Калі ж адказваць непасрэдна на пытаньне Ігара Ільяша, то, канечне, пэўная эвалюцыя ў Лукашэнкі праглядаецца. Найперш, на мой погляд, у яго дадалося значна болей упэўненасьці. Адлік гэтаму, я думаю, пайшоў пасьля мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля іх не было Плошчы. І гэта надало Лукашэнку новыя сілы. Можа, таму з усіх далейшых канфліктных сытуацыяў ён выходзіў калі не абсалютным пераможцам, то зь вялікімі дывідэндамі.

Карбалевіч: Зразумела, пэўная эвалюцыя Лукашэнкі як палітыка за гэтыя 22 гады адбылася. Ён атрымаў пэўны досьвед, дэманструе большую дыпляматычную гнуткасьць. Стаў больш стрыманы ў сваіх заявах. Ня так рэзка рэагуе на камэнтары мэдыяў на свой адрас.

Ранейшая карціна сьвету, ранейшая сацыяльная мадэль, якая дасюль была простая і ясная, пачынае мяняцца.

Але больш важна тое, што мяняюцца ўмовы, у якіх ён вымушаны працаваць і кіраваць. Вось на нядаўнім круглым стале пасьля выбараў экспэрты абмяркоўвалі пытаньне, ці ўступілі мы ў працэс эрозіі беларускай мадэлі і палітычнага рэжыму. І большасьць высноў была менавіта такая: так, краіна ўступіла ў новы пэрыяд. Клясычны аўтарытарызм зьмяняецца на больш гнуткі, лібэральны. У пэўным сэнсе краіна ўступіла ў пэрыяд нявызначанасьці. Ранейшая карціна сьвету, ранейшая сацыяльная мадэль, якая дасюль была простая і ясная, пачынае мяняцца. Прычым мяняецца яна ня ў выніку мэтанакіраваных дзеяньняў зь вяршыні адміністрацыйнай піраміды, а хутчэй стыхійна. Тое, што называецца эрозіяй. Нешта натуральна адмірае, як, напрыклад, элемэнты сацыяльнай дзяржавы. І на гэта трэба неяк рэагаваць. То бок лёгіка палітычнага працэсу прымушае Лукашэнку нешта мяняць, прычым менавіта з гледзішча палітычнага самавыжываньня. Інстынкт самазахаваньня ва ўладзе прымушае яго мяняецца, бо мяняецца сьвет, нешта мяняецца і ў Беларусі.

Калі параўноўваць сытуацыю зь мінулым пэрыядам касмэтычнай лібэралізацыі. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году ўлады таксама абяцалі прапусьціць апазыцыянэраў у Палату прадстаўнікоў, але не зрабілі гэтага. Думаю, розьніца ў тым, што цяпер крызіс беларускай мадэлі стаў больш відавочны, дапамога з боку Расеі зьменшылася, і таму зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з Захадам стала большай.

Я згодзен з тым, што адной з прычын касмэтычнай лібэралізацыі рэжыму стала адсутнасьць рэальнай пагрозы ягонай уладзе. І як толькі такая пагроза, рэальная ці ўяўная, зноў зьявіцца, лібэралізацыя будзе адкінутая.

Дарэчы, наконт «пятай калёны». Пра яе Лукашэнка якраз казаў на выбарчым участку 11 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG