Паводле канчатковых зьвестак ЦВК, агучаных 16 верасьня Лідзіяй Ярмошынай, яўка на выбары ў Палату прадстаўнікоў склала 74,68% ад выбарнікаў, уключаных у сьпісы (выбары адбыліся на ўсіх участках, то бок яўка перавысіла 50%). Амаль такія ж лічбы, 74,61%, даваў ЦВК на парлямэнцкіх выбарах 2012 году.
Але незалежныя назіральнікі адзначалі значна меншую яўку: дзе крыху больш, а дзе і менш за 50%.
Так, у выніковай справаздачы (PDF) кампаніі «Права выбару» даюцца зьвесткі пра яўку на 9 акругах (у Берасьці, Віцебску, Гродне, Магілёве і пяці ў Менску; яшчэ ў адной акрузе, дзе працавала кампанія, яўку лічыць ня сталі, бо назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі). Найвышэйшая яўка, паводле назіральнікаў, склала 54,1%, найменшая — 32,2%. У сярэднім на 9 акругах, паводле «Права выбару», яўка склала 44,67% (афіцыйна — 52,37%).
Разыходжаньні ў яўцы адзначаюць і «Праваабаронцы за свабодныя выбары», і кампанія «За справядлівыя выбары», і іншыя незалежныя назіральнікі. Махінацыі зь яўкай адзначаліся і там, дзе перамогу аддалі апазыцыі. Так, на адным з участкаў акругі, зь якой у парлямэнт прайшла сябра АГП Ганна Канапацкая, зранку ў дзень выбараў камісія зафіксавала яўку на датэрміновае галасаваньне — 169 чалавек, але ў выніковы пратакол запісала 501. Недзе адрозьненьні між падлікамі назіральнікаў і зьвесткамі выбаркамаў па яўцы на датэрміновае галасаваньне былі ў 5–6 разоў.
Прэс-сакратар кампаніі назіраньня «Права выбару-2016» Ігар Барысаў ня лічыць, што зафіксаваная кампаніяй нізкая яўка па 9 акругах — гэта проста супадзеньне:
«Я лічу, што гэта агульная сытуацыя па краіне. Мы параўноўвалі тыя ўчасткі, дзе былі нашы назіральнікі, з тымі, дзе іх не было. І дзе не было, там яшчэ вышэйшая яўка, яшчэ больш завышаная. Адтуль мо і выплыла сярэдняя яўка ў 74,68%, колькі намалявалі ў ЦВК».
Назіральнікі падалі ў ЦВК дзевяць скаргаў па пытаньнях яўкі, дэманстрацыі пратаколаў і непразрыстага падліку галасоў. Але ЦВК адказаў, што «візуальны падлік галасоў» не прызнаны заканадаўствам, ня мае юрыдычнай сілы. А пералічыць бюлетэні і галасы ў бюлетэнях назіральнікаў не пускалі. Непразрысты падлік галасоў Барысаў называе самай крытычнай праблемай мінулых выбараў. Таксама скаргі на вынікі выбараў падалі прынамсі 13 незалежных кандыдатаў.
«Калі ж улада ўпэўненая ў сваёй перамозе, то чаго ж ёй баяцца — узяць і паказаць усе гэтыя бюлетэні, за каго пастаўленыя галасы? — пытае Барысаў. — Апошняе выказваньне Марзалюка пра тое, што трэба штрафаваць за тое, што выбарнікі ня ходзяць на выбарчыя ўчасткі, — гэта, напэўна, унутранае адчуваньне таго, што яўка была нагнаная і завышаная».